Эфір і космас Алега Вінярскага

25.07.2014
"Звязда", 25 ліпеня 2014 г.

 
Акцёр і вядучы лічыць, што радыё мусіць спрыяць гармоніі і ратаваць душы 
Ён пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых магчымасцяў не толькі ў творчасці, але і ў самім сабе. Уласным прыкладам пацвярджае правіла - калі адны дзверы зачыняюцца, то трэба шукаць іншыя. Ужо не першы дзясятак гадоў гэты чалавек працуе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Вядомы слухачам як дыктар, вядучы праграм "Вясёлы эфір", "Ліставанні", "Духоўнае слова", "Сустрэчы з песняй", а таксама пастаноўшчык многіх радыёспектакляў. Алег Вінярскі параўнаў радыё "тады" і "цяпер", расказаў пра акцэнты ў творчасці і неверагодныя ўласцівасці чалавечага голасу.

Разгадка нябачнага суразмоўцы

- У чым для вас прывабнасць працы на радыё, якой аддадзена столькі гадоў?
- Я на радыё прыйшоў у 1986 годзе, і цяпер здаецца, быццам шмат часу мінула, але для мяне ўсё прайшло амаль непрыкметна. Таму што кожны год я адкрываў нешта новае ў працэсе радыёмастацтва. Скажу шчыра, для мяне радыё стала зразумелым толькі гадоў праз дзесяць. Раней яно здавалася апаратам, які, хочаш ты таго альбо не, станавіўся тваім нябачным суразмоўцам дома ці ў іншых месцах. Яго наяўную прысутнасць я зразумеў толькі з цягам часу, калі прыйшоў на радыё працаваць.

Я не быў актыўным слухачом у той час, але спантанна знаходзіліся тыя перадачы, якія ўтрымлівалі мяне каля прыёмніка. Гэта мог быць голас, нейкая радыёпастаноўка, артыст ці проста цікавы дыялог, якія выклікалі жаданне стаць іх удзельнікам. І ўсё таму, што голас бывае больш важным за знешнасць. Як ні банальна прагучыць, але ён мае ўласцівасць па-асабліваму ўплываць на чалавека. Хочацца ўбачыць тых людзей, стаць саўдзельнікам прыгодніцкага і таямнічага працэсу.

Прамы эфір я параўноўваю менавіта з выхадам на прасторы Сусвету, дзе ты становішся ўладаром яго, і трэба даказваць на справе, што ты варты такой ролі, маючы мікрафон і паўгадзіны часу.

У савецкі час людзей адбіралі па конкурсе. І гэта была вельмі правільная сістэма, бо яна дазваляла ўбачыць магчымасці чалавека. Прафесія дыктара была адной з самых прэстыжных у той час. Дыктар лічыўся богам эфіру. Усе праграмы адбываліся з яго ўдзелам. Цяпер да іх змянілася стаўленне, а між тым дыктар - гэта школа прафесіяналізму. Сёння ж людзі часта прыходзяць да мікрафона без гэтай школы.

Быць на радыё стала модна. Аднак многія не разумеюць, што голас з'яўляецца зброяй, якая можа спрацаваць табе на карысць альбо супраць цябе. Калі ты не вызначыўся, на чыім баку ты змагаешся ў жыцці, то не зможаш расці. Таму што ўся інфармацыя, якая вырываецца ў навакольную прастору, некаму патрэбна і на нешта разлічана. І варта разумець, што зробленае табой на гэтай ніве інфармацыі мусіць працаваць на карысць. Каб спрыяць згодзе як у маштабах грамадства, так і асобнай сям'і.

Уся інфармацыя, якая вырываецца ў навакольную прастору, некаму патрэбна і на нешта разлічана.

Выйсці за межы

- Неяк вы казалі, што радыёспектаклі адкрылі для вас цэлы свет. Якія гэта былі адкрыцці?
- Радыёмастацтва - унікальная з'ява. Хочацца, каб яно знайшло не толькі свайго слухача, але і крытыка, які будзе ацэньваць нашы крокі, аналізаваць іх... Чытаць у прамым эфіры - гэта вам не чытанне дома на канапе. Сядаеш перад мікрафонам, бачыш, як загараецца чырвоная лямпачка - і разумееш: перад табой космас адкрываецца. Прамы эфір я параўноўваю менавіта з выхадам на прасторы Сусвету, дзе ты становішся ўладаром яго, і трэба даказваць на справе, што ты варты такой ролі, маючы мікрафон і паўгадзіны часу. Многія беларусы і сёння чакаюць радыё ў сваёй хаце, як мілага госця, які заўсёды падорыць добрыя адчуванні і думкі... Для мяне прамы эфір у мастацкім слове - гэта экзамен на чалавечую і прафесійную годнасць.

Мяне насцярожвае, што маладое пакаленне тэатральных акцёраў не імкнецца прыйсці на радыё, авалодаць майстэрствам і знайсці тут увагу аўдыторыі. Ёсць безліч прыкладаў вялікіх творцаў, напрыклад, Інгмар Бергман, шведскі рэжысёр, які шмат зрабіў для радыё, ён пісаў і ставіў радыёп'есы. Альбо Федэрыка Феліні, у якога кар'ера рэжысёра кіно склалася пасля таго, як ён пачаў ставіць на радыё серыялы са сваім сябрам Танінам Гуэрам. Такія выдатныя пісьменнікі, як Бёль, Мрожэк, Борген, Бекет не лічылі працу для радыё другаснай, выдавалі зборнікі радыёп'ес і з радасцю ўдзельнічалі ў творчых спаборніцтвах, конкурсах, фестывалях...

- Хто аказваў на вас уплыў у прафесіі?
- Такіх людзей шмат было. Напрыклад, Ігар Васільевіч Лапцінскі - мой хросны бацька ў радыёрэжысуры. Памятаю, як у 1986 годзе ён даверыў мне, непадрыхтаванаму яшчэ да акцёрства на радыё, галоўную ролю ў радыёспектаклі "Мой генерал" паводле аповесці Альберта Ліханава. Не ведаю, што ім рухала, але я такому рашэнню здзіўляўся. Мне, хлопцу 24 гадоў, трэба было стаць 12?гадовым дзіцём. Ён прымусіў размаўляць мяне на верхнім рэгістры, каб дабіцца фальцэтнага голасу, і спатрэбілася безліч дубляў, пакуль атрымалася тое, што задумаў рэжысёр. Гэты эпізод я звязваю потым са сваім прыходам у рэжысуру, бо і тады ён падтрымліваў мяне, даваў ацэнку і заўсёды казаў, што рэжысёру трэба мець балючую кропку і знаходзіць належныя сродкі, каб выказаць тыя рэчы, якія цябе хвалююць.

Высоцкі, эмоцыі і важныя акцэнты

- Праграма "Сустрэчы з песняй" чым адметная асабіста для вас?
- Для мяне праграма "Сустрэчы з песняй" вельмі дарагая, таму што яна не толькі аднаўляе ў памяці старонкі з успамінамі людзей - яны вяртаюцца ў часы свайго дзяцінства, маладосці, закаханасці - а перш за ўсё з?за таго, што з намі дзеляцца набалелым у пісьмах. Калі так адбываецца - значыць, нам давяраюць, шукаюць у нас сура-
змоўцу. Я гэтым вельмі даражу. Перадаю думкі, пачуцці, трапяткое стаўленне да мінулага, якое слухачы захавалі ў сваёй памяці і ў жыцці.

Людзі і сёння жывуць радыё. "Сустрэчы з песняй" - паказчык таго, што культура, музыка і слова жывуць і патрэбны людзям. Знаходзяць жа нашы героі час, каб напісаць пра свае ўспаміны, аднавіць нейкія сувязі для сябе... Пісьмы, якія прыходзяць да нас са словамі падзякі, - сведчанне недарэмнай працы. І я вельмі ўдзячны аўтару праграмы Таццяне Песнякевіч і гукарэжысёру Людміле Латушкінай, якія разам са мной спрабуюць знайсці месца ў душах слухачоў.

- Якія ў вас ёсць уласныя ўспаміны, звязаныя з песняй?
- Памятаю такі момант. Было гэта ў юнацтве. Аднойчы ў Кіеве стрыечны брат прапанаваў паставіць кружэлку з часопіса "Кругазор". Я пачуў песню "Кони привередливые" ў выкананні Уладзіміра Высоцкага і не мог варухнуцца да яе заканчэння. У мае шматлікія музычныя захапленні (дзе пераважала заходняя музыка) уварваўся гэты голас-звон, які (як пазней зразумеў) быў сумленнем грамадства. Пачаў цікавіцца яго творчасцю, лёсам, адкрыўшы для сябе яго вялікі ўнутраны свет, уздзеянне якога не знікае з часам.

І ў нашай радыёпраграме мы стараемся як мага шырэй аказаць музычную палітру ў разнастайнасці імёнаў, жанраў.

- Ці складана прапускаць праз сябе чалавечыя эмоцыі?
- Пасля эфіру я не адчуваю стомленасці эмацыянальнай, а з'яўляецца свайго роду пад'ём, бо ў гэтых споведзях-успамінах я знаходжу для сябе натхненне.

- А не ўзнікае шкадавання, што аднойчы выбралі менавіта такую дарогу?
- У свой час я не вярнуўся ў тэатр Якуба Коласа, таму што хацелася рэалізоўваць сябе ў сталіцы. Прайшоўшы безліч проб і праглядаў, вырашыў знайсці працу. Дыктарскі пачатак сам прыцягнуў мяне... Не магу сказаць, быццам аддаліўся ад тэатральнай культуры і стаў зусім іншай справай займацца. Радыётэатр існуе ў маім жыцці паралельна з іншымі планамі і думкамі па іх рэалізацыі. Хочацца нешта паставіць і на тэатральнай сцэне. Цяпер я не толькі сяджу перад мікрафонам, але і паказваюся... Напрыклад, рэжысёр Наталля Родзіна, якая ўзначальвае тэатральную студыю "Дасканаласць", запрасіла мяне на ролю Лазара Богшы, аднавіўшы пастаноўку спектакля "Крыж" Аляксея Дударава. Мы ўжо некалькі разоў паказвалі яго на розных пляцоўках і атрымлівалі станоўчыя водгукі. Плюс мая дзейнасць ва ўласным тэатральным праекце "Кніжыца", дзе мы разам з калегамі працуем над спектаклем "М.Гогаль - С.Ясенін. Паміж двух партрэтаў". Плануем паказы на восень.

Мне хацелася б яшчэ многае зрабіць, у тым ліку і на тэатральнай сцэне. Безумоўна, калі знайду для гэтага час без адрыву ад сённяшняй працы. Творчая дзейнасць не спыняецца. Мне цікава адкрываць нешта новае ў сабе. Яшчэ студэнтам здымаўся ў выдатнага рэжысёра Віталя Дудзіна, а потым мая праца ў кіно спынілася. Былі нейкія запрашэнні на здымкі серыялаў, але я не разглядаю сябе ў якасці кінагероя і не бачу перспектыў на гэтым полі. Мяне больш цікавіць літаратура ў яе дачыненні да сцэнарна-рэжысёрскай дзейнасці.

Ёсць яшчэ фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnіfіcat" дзе я не толькі ўваходжу ў склад журы, але і агучваю замежныя фільмы. Гэтая дзейнасць таксама вельмі важная для мяне. Я лічу, яна павінна працягвацца незалежна нават ад колькасці прынятых на конкурс фільмаў, таму што так творцы маюць магчымасць уздзейнічаць на душы людзей. Так магчыма накіраваць чалавека шляхам любові, гармоніі, людской згоды, якія, мабыць, у нейкай ступені страчваюцца ў залежнасці ад часу. Важна падтрымаць імкненне творцаў вярнуць веру ў суразмоўцу, запомніць дэфіцыт чалавечага няўмення размаўляць. Мастацтва павінна вярнуць усіх нас да культуры правядзення вольнага часу, дзе галоўнае не забава, а імкненне спазнаць існасць з'яў, адысці ад мітусні і прыйсці да пазнання вечнага, дабіўшыся гармоніі ў душы. Думаеце, мара? Але толькі яна рухае сапраўднае мастацтва.

Алена ДРАПКО.