Эфір з беларускім акцэнтам

30.01.2015 "Звязда"

Пазнаёміцца з нашай краінай праз спадарожнікі могуць гледачы ад Канады да Венесуэлы і ад Еўропы да Паўночнай Афрыкі.

Тыя, хто пастаянна жыве на тэрыторыі нашай краіны няшмат ведаюць пра міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24". Між тым менавіта ён шмат у чым фарміруе вобраз Беларусі ў свеце, звязвае нябачнымі нітачкамі далёкія нацыянальныя дыяспары з падзеямі на гістарычнай радзіме і прываблівае патэнцыйных турыстаў расповедамі пра адметныя мясціны, прыродныя багацці і культурную спадчыну сінявокай. 1 лютага тэлеканал адзначыць першую ў сваім жыцці "круглую" дату - 10 гадоў працы. Што найбольш цікавіць замежнікаў у эфіры беларускага тэлебачання, наколькі прырасла аўдыторыя за мінулы час і якія мэты яшчэ толькі плануецца ажыццявіць, абмяркоўваем з дырэктарам "Беларусь 24" Аленай ЛАДУЦЬКАЙ.

- 24 гадзіны ў суткі тэлеканал вяшчае для 270 мільёнаў замежных гледачоў у 100 краінах свету... Значныя лічбы!
- Безумоўна, гэта не значыць, што дакладна ўсе гэтыя людзі сядзяць і кругласутачна без перапынку глядзяць "Беларусь 24", - усміхаецца Алена Ладуцька. - Але ва ўсёй гэтай патэнцыйнай аўдыторыі ёсць такая тэхнічная магчымасць - наш канал знаходзіцца ў адкрытым доступе, і кожны можа, наладзіўшы тэхнічныя параметры (яны змешчаны, напрыклад, у нас на сайце), глядзець тэлеканал. Сёння мы вяшчаем на 4 кантыненты праз 3 спадарожнікі. З іх HotBіrd А13 лічыцца прэміяльным, ён самы папулярны ў Еўропе, і, дарэчы, з яго дапамогай мы ахопліваем усю Еўропу, плюс паўночныя краіны Афрыкі і некаторыя краіны Азіі. Спадарожнік ABS-2 - наш новы набытак, запушчаны толькі летась 1 мая; да гэтага моманту ў Расіі наш сігнал распаўсюджваўся да Урала, а цяпер у зоне ўпэўненага прыёму Расія цалкам, да Далёкага Усходу, таксама як усе краіны СНД, Прыбалтыка, Каўказ. І, нарэшце, спадарожнік Galaxy 19 дазволіў нам распаўсюдзіць сігнал у Канаду, Амерыку, у тым ліку Паўднёвую - прыкладна да Венесуэлы. Па сутнасці, у зону прыёму не трапляюць хіба Аўстралія і Антарктыда (усміхаецца). Гэта што тычыцца свабоднага распаўсюджвання. А яшчэ нас "бяруць" розныя кабельныя аператары.

- Прычым, здаецца, "бяруць" даволі ахвотна - кажуць, за мінулы год абаненцкая база "Беларусь 24" прырасла на 20%?
- Так, гэта тая аўдыторыя, якую мы можам падлічыць. Найбольш актыўна нас глядзяць у Расіі. Па выніках спецыяльна праведзенага даследавання наогул магу сказаць, што ў параўнанні з 2013 годам глядзельнасць павялічылася больш чым удвая - у канкрэтных лічбах гэта значыць, што ў 2013-м нас паглядзелі больш як 10 мільёнаў чалавек, а ў 2014-м ужо больш як 20 мільёнаў хоць бы раз уключалі "Беларусь 24".

- Ці залежыць гэтая актыўнасць ад колькасці этнічных беларусаў, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі?
- На мой погляд, цікавасць да канала дастаткова раўнамерная ў розных рэгіёнах. Проста там, дзе ёсць этнічныя беларусы, нам прасцей працаваць. Напрыклад, у Цюмені знаходзіцца вельмі моцная беларуская дыяспара, каля 50 тысяч чалавек, дый ганаровы консул Беларусі Уладзімір Шугля адчувальна садзейнічае ў перамовах з кабельнымі аператарамі, займаецца папулярызацыяй тэлеканала. Праўда, часам складана адсачыць, дзе нас ужо ведаюць: бывае, кабельныя аператары ўключаюць "Беларусь 24", не ставячы нас у вядомасць. Такая гісторыя здарылася, напрыклад, у рэспубліцы Комі, дзе беларуская нацыянальная культурная аўтаномія, аказваецца, даўно ўжо глядзіць беларускія навіны. Таксама атрымалі адказ з беларускага пасольства ў Фінляндыі, што наш канал ужо ўключаны ў самы папулярны сярод рускамоўнага насельніцтва пакет "Карціна ТБ". Насамрэч мы нічога не маем супраць гэтага, толькі рады, але заключэнне дагавораў усё ж таксама важнае хаця б з пункту гледжання ўліку ахопленай аўдыторыі.

- 10 гадоў таму, калі тэлеканал толькі запускаўся, стаўку рабілі на зборны кантэнт - лепшыя праграмы ўсіх айчынных каналаў. Якім чынам абіраюцца гэтыя праграмы і "выціскаецца самы сок"?
- Перадусім, вядома, мы адсочваем і выкарыстоўваем самыя папулярныя праграмы з тэлеканалаў холдынга Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3" - штотыднёва атрымліваем рэйтынгі і выбіраем для размяшчэння на сваім канале найбольш запатрабаваныя тэлепраекты. Таксама ў кампіляцыю лепшых праектаў уваходзяць праграмы АНТ і СТБ, у першую чаргу забаўляльныя (канцэрты "Песня года Беларусі", шоу "На тым жа месцы ў той жа час" і г.д.), за што мы калегам вельмі ўдзячны, бо гэтая прадукцыя прапаноўваецца бязвыплатна. Акрамя таго, безумоўна, пастаянна пашыраем вытворчасць уласных праграм, сярод якіх інфармацыйна-аналітычныя, пазнавальныя. На сёння іх 10, неўзабаве будзе больш.

- Гэта якраз тыя праграмы, пра якія беларусы ў Беларусі мала ведаюць...
- Напрыклад, праект "90 секунд" цяпер ідзе не толькі на "Беларусь 24", але і на першай "кнопцы". Гэты насычаны і сціслы блок навін - не наша ўласнае адкрыццё, у чымсьці ён пераклікаецца з падачай Euronews, дый наогул такі кароткі фармат вельмі запатрабаваны ў сучасных гледачоў. Па суботах у нас выходзіць выніковая праграма "Беларусь 24. Падзеі тыдня" - агляд падзей, якія адбыліся ў палітычным, эканамічным, культурным жыцці краіны за апошнія 7 дзён. З лютага запускаем некалькі новых праектаў: праграма "Акцэнты" - кароткі аналітычны вынік дня, разгляд асноўнай падзеі, якая адбылася ў гэты дзень, з розных пунктаў гледжання; "АРТ-і-ШОК" - калісьці гэта праграма пра таленавітых людзей, арыгінальныя творчыя ідэі і незвычайныя перформансы ўжо выходзіла на нашым канале і карысталася вялікай папулярнасцю, а цяпер, пасля паўзы і істотнага рэбрэндынгу, яна стане больш дынамічнай і сучаснай і будзе выходзіць двойчы на месяц; праект "Звычайны дзень" - здымачная група правядзе цэлы працоўны дзень з прадстаўніком пэўнай прафесіі (гэта можа быць і міністр, і настаўнік, і бізнесмен, і святар) і распавядзе пра падрабязнасці гэтых будняў, магчыма, зусім не вядомыя шырокай аўдыторыі. Праект "Мытны саюз" таксама пасля рэбрэндынгу будзе выходзіць пад назвай "Без межаў" і знаёміць гледачоў з навінамі Еўразійскага эканамічнага саюза... Калісьці, калі тэлеканал толькі ствараўся, гэта было даручэнне Прэзідэнта - быць не толькі агрэгатарам чужых ідэй, але і рабіць уласныя праграмы. Сёння, напэўна, ужо можна сказаць, што гэтае даручэнне выканана, тым больш мы пастаянна ўдасканальваемся, абнаўляемся і развіваемся ў гэтым кірунку.

- Ведаю, што паміж тэлеканалам і гледачамі наладжана цесная зваротная сувязь, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. Пра што пішуць замежнікі, што глядзяць з найбольшым задавальненнем, а чаго, наадварот, не хапае?
- Канал "Беларусь 24" зроблены па прынцыпах класічнага разнажанравага тэлебачання: аснова -- гэта навіны, якія дапаўняюць кінапаказ, забаўляльныя, пазнавальныя і іншыя праекты. Паводле водгукаў, найперш навіны і інфармацыйна-аналітычныя праграмы цікавяць большасць гледачоў. Далей ідуць забаўляльныя праекты і кінапаказ. У сферы пазнавальных праграм значна большая канкурэнцыя, попыт надзвычай вялікі, і трэба пастарацца, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі - але мы імкнёмся гэта рабіць.

Таксама стараемся, каб заставацца запатрабаванымі, быць сучаснымі, таму ў бліжэйшай перспектыве - развіццё ў мабільных сістэмах, выкарыстанне сэрвісаў ІPTV, OTT, дзякуючы якім тэлеканал можна глядзець наўпрост па мабільным тэлефоне. Мы, спадзяюся, не адстанем ад гэтага трэнда, бо, як сцвярджаюць усе мае калегі, за ім будучыня.

І, безумоўна, будзем захоўваць шчыльную зваротную сувязь з аўдыторыяй. Дарэчы, аналізуючы актыўнасць наведвання сайта belarus24.by, мы бачым, што колькасць наведнікаў пастаянна расце - гэта, безумоўна, прыемна, як і рост падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Што дзіўна, найвялікшую цікавасць да сайта праяўляюць самі грамадзяне Беларусі, таксама актыўныя карыстальнікі - з Расіі і Украіны. Мы адсочваем усе заўвагі і прапановы, якія прыходзяць праз сайт, праз электронную пошту, сацсеткі, і стараемся своечасова рэагаваць на іх.

Дырэктар "Беларусь 24" не без гонару заўважае, што замежныя гледачы не крытыкуюць, а дзякуюць тэлеканалу за якасную "карцінку", за цікавую, змястоўную і рознабаковую падачу інфармацыі. "Самыя строгія і прыдзірлівыя нашы крытыкі - мы самі. Трэба ўвесь час рухацца, быць сучаснымі, дынамічнымі і яркімі, інакш спынішся ў развіцці", - дадае Алена Ладуцька. Таму, віншуючы тэлеканал з першай "дзясяткай", "Звязда" зычыць калегам-тэлевізійнікам якраз гэтага - развіцця і ўдасканальвання. І, безумоўна, новых удзячных гледачоў!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.