Еўропа танцавала па-ўкраінску, а цяпер будзе спяваць. Па-беларуску!

23.09.2004
"Звязда", 23 верасня 2004 г.


Яго завуць Ягор Ваўчок, яму 12 гадоў. I ён сам напiсаў музыку да песнi “Спявайце са мной”. Сам праспяваў яе па-беларуску, што ў вынiку прынесла яму ўдачу на адборачным туры дзiцячага “Еўрабачання”. Такiя таленавiтыя хлопчыкi жывуць у нас у Мазыры. 7"А" клас мазырскай 11-й школы можа ганарыцца. Але што там - ганарыцца? 7"А" клас вельмi хутка, у лiстападзе, будзе стаяць на вушах, “хварэючы” за свайго Ягора. I, нешта мне падказвае, што настаўнiкi 7"А" класа будуць здольныя дараваць дзецям многае. Напэўна, iх i самiх будзе цяжка адцягнуць ад экранаў тэлевiзараў падчас прамой трансляцыi з нарвежскага Лiлехамера.
У Ягора яшчэ ёсць час добра падрыхтавацца да свайго еўрапейскага ваяджу, i ў яго будуць дарослыя прафесiйныя дарадчыкi, якiя падкажуць, што i як лепей зрабiць, што можна падлепшыць ў яго спевах. А, зрэшты, ён у свае 12 гадоў ужо загартаваны выступленнямi - чаго толькi вартая перамога ў дзiцячым фестывалi “Сузор’е надзей”. А чаго вартая апошняя перамога?!.
Вартая нашых галасоў, якiя павiнны былi прымацца шляхам iнтэрактыўнага галасавання. Але дзе яны згубiлiся, нашы галасы? Хто iх пачуў? I куды яны патрапiлi? Абвясцiлi канчатковы вынiк, а мы нават не даведалiся, як размеркавалiся балы, якiя выставiла журы. Каб усё было шчыра i адкрыта - гэта яшчэ адзiн урок, якi нам выкладалi ў дзяцiнстве. Голас - вялiкая каштоўнасць не толькi для тых, хто спявае, але i для тых, хто хоча падтрымаць кагосьцi з прэтэндэнтаў. I калi мяне запрашаюць прагаласаваць, то я б хацела ведаць, каму i наколькi моцна дапамог мой голас. Маю права, тым больш, што гэта зусiм не дзiцячая гульня, а ўмовы, устаноўленыя дарослымi.
Дзiцячы шоў-бiзнэс наогул - спрэчная з’ява, якую таксама кантралююць дарослыя. Хтосьцi бачыць у iм падставу для замiлавання i шчыра пускае слязу, калi маленькiя артысты паўстаюць ва ўсёй абаяльнасцi сваёй бесклапотнай пары. А хтосьцi лiчыць, што маленькiх артыстаў трэба абараняць ад гульняў дарослых. Еўрапейскiя арганiзатары дзiцячага “Еўрабачання”, узважылi ўсе за” i “супраць”, калi пачыналi гэты конкурс. Таму з’явiлiся некаторыя пажаданнi, якiя б не дазвалялi эксплуатаваць дзiцячую сэксуальнасць на сцэне. Напрыклад, ёсць пажаданне не агаляць дзiцячыя жывоцiкi падчас конкурснага выступлення.
Ягору Ваўчку гэта ўдалося. Але трэба сказаць, што некаторыя беларускiя “кветкi жыцця” iмкнуцца стаць дарослымi вельмi хутка. Як вам было пачуць з вуснаў дзяўчынкi-падлетка: “Патанцуй са мной i я буду толькi з табой”? Цi такiя: “Мы з табою такiя блiзкiя, мы спяем гэтую песню ўдваiх”?.. Што ўжо ўзгадваць пра жывоцiкi, якiмi часта “свяцiла” падтанцоўка юных спевакоў? Як тут не ўзгадаць песню “Навошта” канкурсанткi Iрыны Кулагiнай з Лепеля? Навошта дзецi становяцца старэйшымi? Куды яны спяшаюцца? Навошта развiтваюцца са сваiмi любiмымi лялькамi? Прыгожыя лялькi круцiлiся вакол дзяўчынкi, i маўклiвы сумны Арлекiн так i не здолеў даць адказ на гэтае пытанне...

Ларыса ЦIМОШЫК.