"Еўравыбар" дзiцячы i дарослы

07.12.2007
"Звязда", 7 снежня 2007 г.


8 снежня ў Ратэрдаме (Нiдэрланды) адбудзецца Мiжнародны дзiцячы конкурс песнi "Еўрабачанне-2007". Беларусь на iм прадставiць мiнчанiн Аляксей Жыгалковiч. Акрамя юнага артыста, у склад нашай дэлегацыi, якая ўжо знаходзiцца ў Галандыi, увайшлi сем удзельнiкаў танцавальнага гурта, педагог па вакалу Вольга Вронская, харэограф Аляксандр Мяжэнны, урач-фанiятар Жана Раманава, прадстаўнiкi Белтэлерадыёкампанii i галоўная Лёшава падтрымка у чужой краiне - тата, Аляксандр Жыгалковiч.
Дзяцей з розных краiн чакаюць не толькi рэпетыцыi, але i запiс вiдэапрэзентацый i iнтэрв’ю для ЮНIСЕФ, экскурсii па Ратэрдаму, а таксама тэматычная вечарынка ў Санта-Клауса. I толькi потым, пасля дзвюх генеральных рэпетыцый - непасрэдна конкурс.
Лёша Жыгалковiч прадставiць на суд гледачоў сваю песню "З сябрамi" i выступiць пад нумарам 17, закрываючы конкурсную праграму. Гэтаксама ўпершыню ў гiсторыi дзiцячага "Еўрабачання" ўсе ўдзельнiкi будуць выконваць разам на англiйскай мове фiнальную песню "Оnе Wоrld". Тэлефоннае галасаванне тэлегледачоў пачнецца з пачатку першай песнi i скончыцца пасля другога паўтору ўсiх песень. Паводле правiлаў конкурсу, за свайго ўдзельнiка галасаваць нельга, але можна падтрымаць любога iншага ўпадабанага канкурсанта - па нумары 8 810 101 03 ХХ (ХХ - нумар выканаўцы, ад 01 да 17; кошт званка складзе 1000 рублёў). У выпадку магчымых збояў на лiнii ў кожнай краiне будзе працаваць рэзервовае журы з 8 чалавек - чацвёра дарослых, чацвёра дзяцей - якое выставiць свае адзнакi. Абвяшчэнне iх пачнецца якраз пасля фiнальнай песнi - пры тым балы ад 1 да 5 будуць з’яўляцца аўтаматычна, ад 6 да 12 - агучвацца вядучымi. Ад нашай краiны балы зачытае васьмiкласнiк Аляксандр Рагачэўскi. Каментаваць ход конкурсу прызначаны Дзянiс Кур’ян.

Тым часам блiзiцца да раскрыцця i iнтрыга дарослага "Еўрабачання" - дакладней, пакуль што толькi адбору. Звыш 100 заявак, што паступiлi ў аргкамiтэт, мастацкая рада плануе праслухаць у закрытым рэжыме, i на наступным тыднi назваць ужо iмёны 15 выканаўцаў, якiя пазмагаюцца за выхад у фiнал. 21 снежня канцэрт паўфiналiстаў праекта "ЕўраФэст" будзе паказаны ў эфiры. Але да гэтага будуць паказаны яшчэ два канцэрты ў стылi "як гэта было": 9 снежня - "Беларусь - 12 балаў" з удзелам канкурсантаў 2007 года i зорак конкурсу розных гадоў, 15 снежня - "Vivа, Еўрабачанне!", якi здымаўся падчас "Славянскага базару ў Вiцебску" i сабраў патэнцыяльных кандыдатаў ад беларускай эстрады. Пакуль жа вядома, што ў другi раз шчасця паспытаюць Вiктар Пшанiчны, Гюнеш, "Thе Рrоjесt", "Litеsоund", "Сваякi", Алена Валошына; з "замежных" iмёнаў прадстаўлены Руслан Аляхно. Што яшчэ абсалютна не гарантуе, што менавiта гэтыя людзi трапяць у паўфiнал. Конкурс, як любяць паўтараць прадстаўнiкi праекта "ЕўраФэст" - справа непрадказальная...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.