"ЕўраФэст" на фiнiшы

19.01.2007
"Звязда", 19 студзеня 2007 г.


У наступны панядзелак, нарэшце, краiна ўздыхне з палёгкай - будзе пакладзены канец чуткам i плёткам, хто ж прадставiць Беларусь 10-12 мая ў Хельсiнкі на мiжнародным конкурсе песнi "Еўрабачанне-2007". Менавiта на 22 студзеня прызначаны суперфiнал нацыянальнага адборачнага конкурсу "ЕўраФэст" - жывы канцэрт, якi сёлета абяцае быць як нiколi вiдовiшчным i iнтэрнацыянальным.
Акрамя трох канкурэнтаў - Дзiяны Гурцкая, Дзмiтрыя Калдуна i гурта "Thе Рrоjесt", - перад публiкай выступяць замежныя госцi: уладальнiк другога месца на "Еўрабачаннi-2006" расiйскi спявак Дзiма Бiлан, пераможца "Еўрабачання-2002" спявачка Мары Эн, гурт "Космас" з Латвii, шведская зорка Карола, а таксама беларускiя ўдзельнiкi "Еўрабачання" - прычым, як дарослага, так i дзiцячага. Дуэт "Аляксандра i Канстанцiн", Анжэлiка Агурбаш, Палiна Смолава, Вольга Сацюк, Ксенiя Сiтнiк, Андрэй Кунец парадуюць як тых гледачоў, што прыбудуць у сталiчны Палац спорту, так i тых, хто вырашыць паглядзець шоу па тэлевiзары - прамая трансляцыя канцэрта пачнецца ў 19.20.
Сапраўдным сюрпрызам i каталiзатарам для i без таго напружанай барацьбы стане прыбыццё на беларускi суперфiнал спецыяльных гасцей. Як расказаў "Звяздзе" выканаўчы прадзюсар праекта "ЕўраФэст" Дзмiтрый Баранаў, сваё з’яўленне пацвердзiлi Фiлiп Кiркораў i Кiм Брэйтбург, якiя прылятаюць з Масквы, каб падтрымаць "сваiх" канкурсантаў (Фiлiп Бядросавiч напiсаў песню Дзiму Калдуну, Кiм Брэйтбург - аўтар песнi Дзiяны Гурцкая). Ёсць таксама папярэднiя дамоўленасцi (але яны канчаткова не пацверджаныя) з прадзюсарамi Яўгенам Фрыдляндам i Вiктарам Дробышам. Карацей, што-што, а сумна не будзе. А як усё ж будзе i чаго чакаць на сцэне, мы паспрабавалi высветлiць у самiх суперфiналiстаў.

Пра магiю, белыя крылы i элементы "Купалiнкi"

Як нi дзiўна, але чым блiжэй да "дня Iкс", тым, здаецца, больш спакойнымi i пазiтыўнымi робяцца канкурсанты. Магчыма, у iх проста не хапае часу на высвятленне адносiнаў, - трэба ж зрабiць уласнае выступленне бездакорным.
Дарэчы, нiчога мяняць у песнi i сцэнiчнай пастаноўцы нумара не збiраецца толькi Дзiяна Гурцкая, чыя кампазiцыя "Hоw lоng" уяўляла сабой цэласны нумар ужо ў фiнале. Ва ўсякiм выпадку, брат i афiцыйны прадстаўнiк спявачкi Роберт Гурцкая лiчыць, што дапрацоўваць выступленне не трэба - узровень i iмя гавораць самi за сябе. У прынцыпе, гэткага меркавання прытрымлiвалася i журы, бо Дзiяне нiякiх рэкамендацый па "змяненню i паляпшэнню" не давалася. Такiм чынам, 22 студзеня мы ўбачым у выкананнi Дзiяны i яе каманды ўсё той жа нумар - пранiкнёная баладная кампазiцыя, падтанцоўка ў белым i пастаноўка з анёльскiмi крыламi.
Дзiме Калдуну не трэба было паўтараць двойчы, што калi хочаш спаборнiчаць з iншымi на роўных, трэба змянiць конкурсную песню - спявак i сам гэта цудоўна разумеў. У даволi сцiслыя тэрмiны Дзмiтрый, якога пасля выхаду ў суперфiнал адбору падтрымаў не толькi ўласны прадзюсар Вiктар Дробыш, але i знаёмы яшчэ па "Фабрыцы зорак-6" Фiлiп Кiркораў, злятаў у Грэцыю, дзе запiсаў новую песню - англамоўную "Wоrk Yоur Mаgiс". Аўтары кампазiцыi - Карэн Кавалеран (словы) i... Фiлiп Кiркораў (музыка)! Дарэчы, прысутнасць экс-удзельнiка "Еўрабачання-1995" адчуваецца сёлета лiтаральна ва ўсiм - так, Фiлiп "падарыў" Дзiме Калдуну не толькi песню, але i трох бэк-вакалiстаў, якiя падтрымаюць канкурсанта на сцэне. Акрамя таго, як расказаў нам сам Дзiма, у пастаноўцы задзейнiчаны два танцоры - балет Сяргея Епiхава.
- Гэта Палiна Смолава табе ў спадчыну пакiнула? - пацiкавiлiся мы.
- Не, чаму ж. Проста мы сябруем, таму Сяргей адразу адгукнуўся, калi спатрэбiлася прадумаць пастаноўку.
Дарэчы, i песня (перакласцi яе назву можна як "Рабi чараўнiцтва"), i сцэнiчная пастаноўка будуць абыгрываць "магiчнае" прозвiшча выканаўцы. Паводле iдэi Дзiмы, падтрыманай сцэнографамi, чароўны антураж увасобiцца ў чатырох шыльдачках са знакамi задыяка - "Кiркорава, Дробыша, мой i... яшчэ аднаго чалавека", як неахвотна патлумачыў спявак. З шыльдачак павiнна лiцца святло. Зрэшты, як яно будзе на самай справе, убачым падчас канцэрта - пакуль можна сказаць толькi, што i Калдуну, i Дробышу падабаецца тое, што атрымлiваецца, а гэта, бадай, галоўнае для ўпэўненасцi ў сваiх сiлах.
На канкурэнтаў Дзмiтрый Калдун па традыцыi... не звяртае ўвагi, а перад сабой напалеонаўскiх планаў не ставiць:
- Мая задача - не абмяркоўваць кагосьцi, а проста рабiць сваю справу. Праграма-мiнiмум, натуральна - перамагчы ў адборы, ну а праграма-максiмум - трапiць у фiнал "Еўрабачання" i заняць там месца ў дзесятцы. Каб наступнаму ўдзельнiку ад Беларусi не давялося пачынаць усё з нуля.
Журы параiла дапрацаваць песню i "Thе Рrоjесt", звярнуўшы асаблiвую ўвагу на тое, што да iнтэрнацыянальнага жарту няблага было б дадаць "элемент фальклору". Адзiн з салiстаў дуэта, а таксама лiдар гурта "Харлi" Жэня Чалышаў хоць i лiчыць, што мода на этнiку паступова сыходзiць, спрачацца ўсё ж не стаў - i цяпер у песнi ёсць фолкавы фрагмент незразумелага паходжання. Акрамя таго, змянiлася аранжыроўка кампазiцыi - самыя пiльныя без асаблiвых цяжкасцяў пачуюць памiж радкоў "Купалiнку", а самыя ўражлiвыя... ну хто ж ведае, што яны пачуюць.
- Напэўна, мы крыху памяняем i сцэнiчную пастаноўку, каб яна адпавядала музыцы, - расказаў Жэня. - Так, балалайка застанецца. На жаль, не будзе мядзведзя i цыганаў... Але ў цэлым канцэпцыя не памяняецца. Будуць забаўныя дэталi, i разам з тым мы пастараемся не скацiцца ў клаунаду, не зайграцца. Да канкурэнтаў Чалышаў ставiцца з павагай: "Усе вартыя перамогi. Калi была б магчымасць - адправiў бы на "Еўрабачанне" ўсiх! Але я, шчыра кажучы, нiкога не баюся, i лiчу, што мы не менш за астатнiх прэтэндуем на тое, каб перамагчы". Мiж iншым, нават пры самым горшым раскладзе - нявыхадзе "Thе Рrоjесt" у суперфiнал - iхняя песня-пародыя "S.U.Р.Е.R. S.T.А.R." не згубiцца: самае позняе, восенню выйдзе паўнавартасны альбом гурта. А яшчэ раней - лiтаральна ў лютым - прэзентуе свой другi альбом гурт "Харлi".

Ваша слова, таварыш журы

Нягледзячы на шматлiкiя чуткi, быццам бы ў суперфiнале "закiнуць слоўца" за сваiх улюбёнцаў змогуць гледачы, расчаруем шаноўную публiку: выбар асноўнага выканаўцы, якi прадставiць Беларусь на "Еўрабачаннi-2007" у Фiнляндыi, залежыць ЦАЛКАМ ад журы. Яно, як i на папярэднiм туры адбору, будзе засядаць у тэлестудыi i ацэньваць выступленнi канкурсантаў з экрана. Лёс шчаслiўчыка, нагадаем, вызначаюць 9 чалавек: старшыня прафесiйнага журы, кiраўнiк Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi Мiхаiл Фiнберг, першы намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка, мастацкi кiраўнiк праекта "Еўрабачанне-2007" Васiль Раiнчык, дырэктар дырэкцыi музычных i забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампанii Дзянiс Шпiтальнiкаў, мастацкi кiраўнiк ансамбля "Сябры" Анатоль Ярмоленка, кампазiтар Леанiд Захлеўны i iншыя прафесiяналы.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.