Еўраблікі Анжалікі

12.02.2005
"Культура", 12 лютага 2005 г.


Ужо на мінулым тыдні было вядома, што на "Еўрабачанне-2005" ад Беларусі едзе знакамітая Анжаліка Агурбаш. А на гэтым - адбылася яе прэс-канферэнцыя, першая ў новай "пасадзе".
Новую "пасаду" ўзваліў на сябе і яе муж, не менш знакаміты ў бізнес-колах расіянін Мікалай Агурбаш: узяўшы ў фірме адпачынак да 1 чэрвеня, ён цалкам ператварыўся ў генеральнага прадзюсера спявачкі. Дый старэйшых дзяцей папярэдзілі, што сваіх бацькоў яны ўбачаць не раней за лета. Немаўлятку Анастаса, які паедзе на конкурс святкаваць свае 9 месяцаў, вучаць гаварыць не "мама" і "тата", а "Еўрабачанне" і "Boys and girls" - так называецца конкурсная песня.
Днямі гэта песня будзе запісвацца ў лепшай студыі Англіі - у той самай, дзе калісьці працавалі "бітлы". Там жа Анжаліка зоймецца англамоўным вымаўленнем: "Каб ніхто не здагадаўся, што я з Беларусі". А каб не здагадаліся, а ведалі і запомнілі, рыхтуецца падарункавы альбом "Беларусачка" - з адпаведнымі песнямі, кшталту "Белае віно і чырвонае", "Бабнік", "Чаму ж мне не пець". Канчаткова адмяжоўваючыся ад расійскіх "еўрабачанных" традыцый (памятаеце мінулагоднюю Юлію Савічаву?), Анжаліка не збіраецца ўсе дні хадзіць у адных джынсах і свіцеры: Рабэрта Каваллі і чатыром беларускім мадэльерам замоўлена безліч сцэнічных і іншых строяў, каб было ў чым выйсці "на снеданне, абед і вячэру", у тым ліку падчас гастрольнага прома-туру па Еўропе. А каб гэту гармонію тканін-колераў-фасонаў раптам не парушыла група падтрымкі колькасцю ў 100 чалавек, усе "падтрымоўцы" таксама зменяць гардэробчык - на уніформу.
Што ж, сапраўды, як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі кампазітар Васіль Раінчык (у ролі члена беларускага журы, што і выпраўляла на "Еўрабачанне" менавіта Агурбашаў), Анжаліку заўсёды вылучала ўменне прадказаць сцэнічную моду: яна першай стала апранаць на эстрадзе мадэльныя строі, спалучаць шорты з вяночкам палявых кветак, спартыўную кепку і батфорты - з балетным пачакам. Мінулагодні ж металічна-скураны "прыкід" Русланы яна "прыкінула" на сябе яшчэ на "Славянскім базары ў Віцебску" - акурат пяцігодку таму.
"Прадказвала" Анжаліка і свае перамогі. Трэццякласніцай пачула на ёлцы ў Палацы спорту песню ў выкананні "Верасоў", уявіла, як магла б праспяваць яе сама - і праз колькі гадоў праспявала, прычым на той жа сцэне. Так і з "Еўрабачаннем", калі штогод яна ўяўляла сябе яго ўдзелыніцай. Сярод далейшых мар - жаданне перамагчы на "Місіс Сусвету" (вядома, зноў ад Беларусі), зняцца ў 2-3 фільмах, атрымаць пару "Грэмі".
А што? Гэта раней мары здзяйсняліся, дзякуючы шчасліваму выпадку. Сёння, акрамя (а здараецца, і замест) асабістых талентаў, патрабуюцца, прабачце за прозу, сямейныя грашовыя ўкладанні - паводле прынцыпу: "чым болей, тым лепей". У рэшце рэшт, адныя фінансавыя магчымасці Агурбашаў павінны былі б стаць галоўным козырам вылучэння на "Еўрабачанне-2005" менавіта Анжалікі.
Мяркуйце самі: каб да пачатку сакавіка падрыхтаваць кліп, дзесяць здымачных груп выедуць у чатыры краіны свету - у самыя гарачыя кропкі планеты, робячы кадры дзяцей, пацярпелых ад тэрору. На сам конкурс будзе сфарміраваны цягнік "Мінск-Кіеў", у якім паедуць "фаны" і прэса. А каб вылучаная прэса не была занадта прэснай, Прадзюсерскі цэнтр Анжалікі Агурбаш аб'яўляе конкурс на лепшую публікацыю, тэлерадыёпраграму і здымак па шасці намінацыях.
Дый сама канкурсантка не сядзіць без справы: да слёз у вачах займаецца фітнесам, вакалам, псіхалагічным трэнінгам і "палітпадрыхтоўкай", каб за тры адведзеныя ёй хвіліны даказаць, што "Беларусь - самая песенная краіна".

Надзея БУНЦЭВІЧ.