"Еўрабачанне" ў палосачку

13.10.2006
"Звязда", 13 кастрычніка 2006 г.


Белтэлерадыёкампанiя арганiзавала для журналiстаў эксклюзiўную прэс-канферэнцыю з пераможцам Нацыянальнага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання" Андрэем Кунцом. Але размова, насуперак чаканням, атрымалася не аптымiстычна-перспектыўнай, а няроўнай: 10-гадовы хлопчык шчыра расказваў пра свае планы i пачуццi, а дарослыя кiраўнiкi звярталiся да праблемных "каляконкурсных" момантаў...

Наш чалавек у Румынii (светлая паласа)
Андрэй Кунец - мазыранiн, выхаванец усё той жа эстраднай студыi "ЮМЭ’с", якая трэцi год запар спраўна пастаўляе сваiх выхаванцаў для дзiцячага "Еўрабачання". Спявае з ранняга дзяцiнства - паводле слоў мамы, музыка ў доме гучала заўжды, да таго ж "машынкi яго не цiкавiлi, i бабулi, каб хоць нечым заняць дзiця, прыносiлi Андрэю дзiцячыя музычныя iнструменты". Спачатку займаўся ў мазырскiм Доме творчасцi, потым перайшоў у студыю да Святланы Стацэнка, i амаль адразу пачаў паказваць добрыя вынiкi. Вучыцца добра, нiжэй "сямёркi" не прыносiць, любiць рускую лiтаратуру, новы школьны прадмет "Сусвет" i, зразумела, спевы. "Што б я нi рабiў, я спяваю цэлымi днямi, паўсюль i заўжды" - з дзiцячай непасрэднасцю прызнаецца хлопчык. Дарэчы, апошнiм часам з вучобай яму цяжкавата - даводзiцца займацца з настаўнiкамi па вечарах, калi ёсць хоць нейкi вольны час. Чым большыя абароты набярэ падрыхтоўка да конкурсу, якi пройдзе 2 снежня ў Румынii, тым менш часу застанецца на школу. Але Андрэй папрасiў нас перадаць яго настаўнiкам урачыстае абяцанне, што ён нi ў якiм выпадку не адстане ад аднакласнiкаў.
Пасля трыумфальнай перамогi Ксюшы Сiтнiк ехаць на конкурс, натуральна, складана - але Андрэю, дзякаваць Богу, нiхто не даўмеўся ўнушыць пра "перамогу любой цаной", i ён проста збiраецца выступiць як мага лепей: "Я не думаў нават, што прайду адборачны тур, а ўсё ж перамог. I на "Еўрабачанне" цяпер паеду з радасцю". Пра гэта ж гаворыць яго педагог, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя У. Мулявiна Святлана Стацэнка. "Я ўвогуле лiчу, што дзяўчат i хлопчыкаў трэба рыхтаваць да "Еўрабачання" зусiм па-рознаму, i гэта прынцыпова. Мы не зможам нарабiць Андрэю хвосцiкаў, якiя былi ў Сiтнiк, i ўвогуле не будзем рабiць шоу. Акцэнт паставiм, па-першае, на Андрэевым вакале, а ён дастаткова моцны, па-другое, на яго энергетыцы. Яму трэба раскачацца, каб "завесцiся", i потым ужо ўлюбiць у сябе залу. Пастараемся выступiць вельмi годна", - паведамiла Святлана Адамаўна.

Ушанавалi, дый годзе? (цёмная паласа)
У мiнулагодняй нашай трыумфатаркi Ксюшы Сiтнiк хутка, напрыканцы кастрычнiка-пачатку лiстапада, выйдзе ўласны альбом сучасных дзiцячых песень. Не сумняваюся, што дзiцячыя эстрадныя гурткi, студыi, музычныя школы разбяруць яго да апошняй адзiнкi. Але... Для радыё гэты рэпертуар - нефарматны. Гэтаксама, як i песня "Пад хатнiм арыштам" 14-гадовай Юлi Варабей, удзельнiцы сёлетняга адбору на дзiцячае "Еўрабачанне". Песнi, нават прыгожа выкананыя i прафесiйна аранжыраваныя, няма куды падзець. Ну i што, што дзецям падабаецца! Палiтыку FM-станцый дыктуюць дарослыя, а ў iх зусiм iншыя iнтарэсы... "Няўжо нельга калi не адкрыць дзiцячае радыё, то хоць бы рабiць спецыялiзаваныя дзiцячыя блокi?!" - абураецца Святлана Стацэнка (для параўнання: песня i клiп iспанкi Марыi Iсабель, якая перамагла на "Еўрабачаннi" да Ксюшы Сiтнiк, дагэтуль знаходзяцца ў ратацыi айчынных i нават мiжнародных радыё- i тэлеканалаў).
Можна паглядзець на праблему яшчэ шырэй. Калi няма куды падзець адну, дзве, нават дзесяць песень - гэта крыўдна, але не смяротна. А калi няма куды падзець... дзяцей? Падлiчым: удзельнiца "Еўрабачання-2003" Вольга Сацюк працуе на тэлебачаннi вядучай некалькiх праграм, але нешта даўно нiхто не чуў яе спеваў. Ягор Ваўчок, наступны наш прадстаўнiк, знаходзiцца ў тым узросце, калi голас падлетка муцiруе i мяняецца да непазнавальнасцi - i хлопчык увогуле знiк з тэлевiзiйна-музычных даляглядаў. Дый нават у Ксюшы Сiтнiк на пiку "зорнай" славы былi па 6 сустрэч ды выступленняў на дзень, а зараз - даўно вы яе бачылi? Спадзяюся, што Андрэй Кунец, якi лiтаральна ўчора павiнен быў сустрэцца з Палiнай Смолавай, каб запiсаць сумесную песню, не згубiцца гэткiм жа чынам, незалежна ад занятага на "Еўрабачаннi" месца. Бо на гэтым конкурсе жыццё i кар’ера не завяршаюцца, а можа, толькi пачынаюцца. З таленавiтымi дзецьмi трэба працягваць працаваць - штодня, а не толькi раз на год...

Дзецi спяваюць ад душы (светлая паласа)
Кампазiцыю "Новы дзень" Андрэй напiсаў самастойна, хоць i тэкст, i музыку яму пазней, зразумела, "пачысцiлi" дарослыя прафесiяналы (напрыклад, сучасную аранжыроўку зрабiў Вiктар Пшанiчны).
Асабiста я не перастаю здзiўляцца гэтым таленавiтым мазырскiм дзецям. Разумныя не па гадах, адкрытыя, гаваркiя, шчырыя... Ну як вам, напрыклад, радкi:
Рождается новый день,
И мудрое утро
Широко распахнет этот мир для любви и добра...
Песня "Новый день", паводле слоў Андрэя, нагадвае яму пра летнюю ранiцу, пра тое, як добра прачынацца з цудоўным настроем. Ну i правiльна, якiя яшчэ праблемы павiнны хваляваць дзiця ў 10 гадоў.

Для юных артыстаў няма рэпертуару! (цёмная паласа)
А вось дарослыя хвалююцца. Перажываюць, каб дзецям было пра што спяваць. I я iх добра разумею. Скажам, мы з сяброўкамi любiм час ад часу а капэльна выканаць штосьцi дзiцячае, накшталт "33 каровы". Але ж нам значна блiжэй да 30, чым да 10 гадоў... У сучасных дзяцей iншыя прыярытэты i героi. "Чунга-Чанга" састарэла, а чагосьцi новага не з’явiлася. Не пра Шрэка ж iм спяваць, насамрэч! З iншага боку, няма нiчога больш ненатуральнага, чым густа нафарбаваная маленькая лялька, якая з iмпэтам выконвае Сярдзючку: "Даже если вам немного за тридцать...". "Вельмi хочацца спытаць у нашых паэтаў i кампазiтараў, чаму яны зараз так мала пiшуць песень для дзяцей", - здзiўляецца Святлана Стацэнка. Нам застаецца толькi далучыцца да гэтага здзiўлення.

У Мазыры ўмеюць працаваць (светлая паласа)
Чым можна растлумачыць "мазырскi феномен"? Як мяркуе старшыня журы нацыянальнага адбору, кампазiтар Васiль Раiнчык, "Бог не ўсiм дае роўна". "Адзiн час усё iшло з Магiлёва: Iна Афанасьева, Iрына Дарафеева, тая ж Наташа Падольская. Зараз чарга Мазыра. Вiдаць, справа ў тым, што Святлана Адамаўна ставiцца да сваiх вучняў не як да дзяцей - талент не мае ўзросту, - а як да артыстаў, будучых прафесiяналаў, - разважае прафесар. - Думаю, астатнiм рэгiёнам трэба зрабiць высновы, як працаваць. А наконт адбору магу засведчыць адно: нiколi не адыгрываў ролi геаграфiчны прынцып, крытэрый адбору заўжды быў толькi адзiн - талент".

Рыхтавацца трэба загадзя! (цёмная паласа)
Ну добра, у Мазыры педагогi такiя адказныя. А што астатнiя? Астатнiя спадзяюцца на "а раптам": як расказала выканаўчы прадзюсар БТРК Людмiла Барадзiна, на 9 гадзiн ранiцы 7 верасня ў Белтэлерадыёкампанiю прыйшло ўсяго 16 заявак жадаючых паўдзельнiчаць у адборы на "Еўрабачанне", а на 8 верасня (апошнi дзень прыёму) - 42 заяўкi. "Навошта цягнуць да апошняга i пачынаць падрыхтоўку за месяц да сканчэння тэрмiну падачы заявак? - задаецца рытарычным пытаннем Людмiла Афанасьеўна. - Рыхтавацца трэба загадзя. Да "Еўрабачання-2007" можна пачынаць ужо зараз. Тады i вынiк будзе зусiм iншы, i наступны адборачны конкурс мы зможам абвясцiць ужо вясной". (Для параўнання: у Расii аналагiчны адбор скончыўся ў чэрвенi, колькасць заявак вымяралася сотнямi, а прадстаўнiкамi краiны ў вынiку сталi сёстры-блiзняты).

Не спаборнiцтва, а супрацоўнiцтва
Зрэшты, усё, хопiць пра недахопы i недапрацоўкi. Няхай iх выпраўленнем займаюцца тыя, хто непасрэдна абавязаны гэта рабiць. А мы прыгадаем выдатны прынцып арганiзатараў дзiцячага "Еўрабачання": галоўнае ў конкурсе - камандны дух, а не момант спаборнiцтва. I будзем шчыра перажываць за беларускага хлопчыка, кволага, але з моцным i прыгожым голасам, - за НАШАГА!

Андрэя Кунца галоўнае выпрабаванне чакае толькi 2 снежня. Але падрыхтоўка да конкурсу ўжо iдзе поўным ходам. Рэпецiруе свой нумар у стылi хiп-хоп падтанцоўка, шые касцюмы мазырскi мадэльер Валянцiна Булаўка. 16 кастрычнiка адбудзецца сесiя кiраўнiкоў дэлегацый краiн - удзельнiц дзiцячага "Еўрабачання-2006". Беларускай дэлегацыi трэба будзе прадставiць фанаграмы "плюс" i "мiнус", вiдэазапiсы (агульны план i канцэртнае выступленне), бiяграфiю выканаўцы i тэкст песнi на англiйскай мове, а таксама шэраг iншых неабходных дакументаў. Прыкладна ў гэты ж час пройдзе жараб’ёўка канкурсантаў.
Дарэчы, сёлета правiлы дзiцячага "Еўрабачання" - магчыма, пад уплывам дарослага - крыху змянiлiся. Так, прапiсана, што пасля нацыянальнага адбору нi песня, нi ўдзельнiк не мяняюцца. Акрамя таго, кантралююцца ўсе формы кантактаў з прэсай, каб юным артыстам нiхто i нiшто не псавала настрой. Бацькам удзельнiкаў не дазваляецца прысутнiчаць на рэпетыцыях i тым больш выходзiць на сцэну. Дзецi павiнны быць апранутыя па-дзiцячаму, без дарослых элементаў у касцюме, i цалкам (нiякiх голых жыватоў, супермiнi i г.д.). З пачатку конкурсу i на працягу года пасля яго нельга празмерна выкарыстоўваць маленькага выканаўцу ў камерцыйных мэтах (рэклама, вялiкiя канцэртныя праграмы i iнш.).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.