"Еўрабачанне" па-дзiцячы

24.10.2003
"Звязда", 24 кастрычніка 2003 г.


Як ужо пiсала "Звязда", 15 лiстапада ў Капенгагене адбудзецца конкурс песнi "Еўрабачанне". Не-не, тут няма нiякай памылкi: сапраўды ў лiстападзе, i менавiта "Еўрабачанне". Толькi... дзiцячы варыянт.
Паводле ўмоў конкурсу, краiны-ўдзельнiцы павiнны не проста прапанаваць таленавiтага i перспектыўнага выканаўцу, а абавязкова выбраць дзiця да 15 гадоў. Больш таго, аўтарам конкурснай песнi павiнен быць таксама не прафесiянальны кампазiтар, а падлетак.
Наша краiна здолела задаволiць абодва патрабаваннi. У вынiку тэлевiзiйнага конкурсу "Сузор’е надзей" знайшлiся i выканаўца, i кампазiтар.

Знаёмцеся: Вользе Сацюк з Кобрына ўсяго 10 гадоў, але юны ўзрост нiяк (у сэнсе: адмоўна) не ўплывае на талент спявачкi. Нягледзячы на сваю анёльскую знешнасць, яна Леў па гараскопу, а значыць, iстота вельмi i вельмi баявiтая. Любiць глядзець кiно "Прыгажуня" i не можа жыць без выступленняў ды гастроляў, бо цудоўна валодае дарам пераўвасаблення. Марыць сустрэцца з Селiн Дзiён i больш за ўсё на свеце баiцца страцiць талент спявачкi. Калi пераможа ў дзiцячым конкурсе "Еўрабачанне", пажадае астатнiм удзельнiкам многа займацца, каб удасканальвацца.
Кампазiтару Кацярыне Лiпоўскай з вёскi Казловiчы Слуцкага раёна не так даўно споўнiлася 16 гадоў. (Дарэчы, менавiта з гэтай прычыны Каця не здолее выступiць у якасцi канкурсанткi сама. Аднак, паводле слоў выканаўчага прадзюсара Белтэлерадыёкампанii Людмiлы Барадзiной, на "Еўрабачаннi" ўсё ж з’явяцца абедзве дзяўчынкi: Вольга будзе спяваць, Каця, як плануецца, - стаяць за клавiшамi.) Каравокая Каця любiць Брытнi Спiрс i Джулiю Робертс, дый увогуле часта заўважае ў сабе ўлюбёнасць у таго цi iншага акцёра або спевака. З усiх школьных прадметаў перавагу аддае англiйскай мове. Пра музыку кажа так: "Гэта маё другое жыццё". Верыць у свае сiлы i мяркуе зрабiць усё, каб не падвесцi сваiх сяброў - а гэта значыць, на перамогу настроена, у адрозненне ад малодшай "калегi", вельмi нават рашуча.
Гэтыя i iншыя звесткi пра абедзвюх дзяўчынак, мiж iншым, унесеныя ў так званы "Пашпарт удзельнiка Дзiцячага конкурсу песнi "Еўрабачанне" i будуць агучаныя падчас конкурсу ў якасцi "вiзiтнай карткi" дзяўчат. А само выступленне беларусачак з песняй "Танцуй" мы зможам паглядзець на Першым нацыянальным канале ў прамым эфiры - сачыце за лiстападаўскай тэлепраграмай!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.