"Еўрабачанне" - на старт!

16.11.2010
"Звязда", 16 ноября 2010 г.


Фінал конкурсу дзіцячай песні "Еўрабачанне-2010" з нецярплівасцю чакаюць усе. Але найбольш - удзельнікі. Днямі ўсе 14 дэлегацый краін-удзельніц прыляцелі ў Мінск - 15 лістапада афіцыйна стартаваў Еўратыдзень. У панядзелак для канкурсантаў запісалі 30-секундныя візіткі. Кожная з іх пабудавана на малюнках-асацыяцыях, якія ўзнікаюць у дачыненні да той альбо іншай краіны.
Усіх канкурсантаў пасялілі ў гасцініцу "Мінск". На рэпетыцыі ў "Мінск-Арэну" і Палац Рэспублікі, дзе размясціўся Еўрадом, юных зорачак перавозяць адмысловыя шатлы з сімволікай конкурсу. Такія ж аўтобусы прадугледжаны і для журналістаў.
Акрамя таго, кожнаму з канкурсантаў арганізатары падрыхтавалі так званы "Frіеndshір сlаss" ("клас сяброўства"), які будзе падтрымліваць юных спевакоў на сцэне, удзельнічаючы ва ўсіх рэпетыцыях і фінальным шоу. У "класы сяброўства" увайшлі вучні 14 устаноў адукацыі Мінска з добрым веданнем англійскай мовы і музычнымі здольнасцямі.
Як расказала "Звяздзе" намеснік загадчыка аддзела м карпаратыўных праектаў і промамерапрыемстваў Белтэлерадыёкампаніі Вольга Цішурова, кожны канкурсант будзе мець "клас сяброўства" з ліку 20 чалавек. Такая адмысловая група падтрымкі будзе актыўна хварэць за выступоўцу, махаючы спецыяльнымі плакатамі і трымаючы расцяжкі з прыемнымі словамі. Такім чынам, як спадзяюцца арганізатары, гэта дапаможа канкурсантам не хвалявацца на сцэне і сканцэнтравацца на выступленні.
Сцэна, да слова, ужо гатовая. Яе прыблізны кошт спецыялісты ацэньваюць у паўмільёна долараў.
- Перад намі стаяла складаная задача - зрабіць дзіцячую сцэну, - каментуе дызайнер сцэны Ульф Мартэнсан. - Па-першае, яна павінна быць бяспечнай, па-другое, выглядаць святочна і велічна. Але дзіця пры гэтым не павінна выглядаць пясчынкай, не павінна згубіцца, таму плошча галоўнай сцэны - усяго 9 метраў.
Сцэна аформленая ў блакітны тон, астатнія колеры вясёлкі з'явяцца ў выглядзе колеравага афармлення. Не будзе ля сцэны і партэра. Замест яго - танцпол на тысячу чалавек.
Глядацкія балы ад Беларусі аб'явіць васьмікласніца сталічнай гімназіі-каледжа № 24 Анастасія Буцюгіна, а каментаваць конкурс у беларускім тэлеэфіры будзе радыёвядучы і дыджэй Павел Лазовік, супрацоўнік радыёстанцыі "Радыус FM" і Першага канала Беларускага радыё.
Адбыліся змены і ў праграме. Адкрываць конкурс дзіцячай песні будзе дуэт не Аляксандра Рыбака і Ксеніі Сітнік, як планавалася раней, а дуэт Ксеніі Сітнік і Аляксея Жыгалковіча. У апошні момант Аляксандр Рыбак адмовіўся, спаслаўшыся на сваю занятасць. Між іншым, на сам конкурс спявак абяцае прыехаць.

Ілья ЛАПАТО.