"Еўрабачанне" - мая дзіцячая мара"

18.04.2013
"Рэспублiка", 18 апреля 2013 г.

 
Не выключана, што сукенку, у якой Алёна Ланская выступіць на песенным конкурсе, упрыгожаць 70 тысяч стразаў Свароўскі.
На сайце Белтэлерадыёкампаніі прайшла онлайн-канферэнцыя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне- 2013" Алёны Ланской.
Адказваючы на пытанні, спявачка, у прыватнасці, паведаміла, што да міжнароднага форуму яе будуць рыхтаваць стылісты і візажысты, якія працавалі з Ані Лорак, Дзмітрыем Калдуном, Філіпам Кіркоравым. "Песня вельмі запальная, танцавальная, яркая, пазітыўная, і нумар будзе ёй адпавядаць. Гэта будзе яркае і запамінальнае шоу", - сказала артыстка.
Алёна адзначыла, што над яе сцэнічным касцюмам працуе каманда з Грэцыі, і прыадкрыла таямніцу: "Магчыма, калі нічога не зменіцца, то сукенка будзе складацца з 70 тысяч стразаў Свароўскі".
Пастаноўкай нумара займаецца Зілі Раёфавіч з Сербіі. Па словах спявачкі, гэта крэатыўны харэограф, у якога ёсць свая студыя, дастаткова вядомая ў Сербіі, і які сам не раз быў пераможцам шматлікіх танцавальных конкурсаў. У цэлым каманда, якая працуе над нумарам, міжнародная. У ёй ёсць прадстаўнікі Бельгіі, Сербіі, Турцыі, Беларусі, Расіі.
Гаворачы аб прома-туры, артыстка адзначыла, што ўжо выступіла ў Румыніі, Малдове, Турцыі, Грэцыі, Нідэрландах, Аўстрыі. У планах - канцэрты ў Расіі і Бельгіі. "Мы ламаем галаву над тым, як наведаць максімальную колькасць краін, з якіх атрымалі запрашэнні, ушчыльняючы і без таго наш ужо практычна гумавы графік", - дадала Алёна Ланская.
На пытанне, ці не пашкадавала яшчэ яна, што ўвязалася ў гэты марафон пад назвай "Еўрабачанне", калі сіл, сродкаў, нерваў губляецца процьма, а вынік усё роўна непрадказальны, Алёна адказала:
- Не, вядома! Я не шкадую, што падала заяўку на ўдзел у адборачным туры "Еўрабачання", гэта мая трэцяя спроба. Я прыхільніца "Еўрабачання" яшчэ з малых гадоў, гэта мая мара з самага дзяцінства. У прынцыпе, я сябе падрыхтавала і фізічна, і маральна да гэтага конкурсу. У мінулым годзе я ўбачыла, колькі неабходна сіл, колькі нерваў у тым ліку. Я гатовая да гэтага конкурсу! Гэта мой свядомы выбар, маё ўсвядомленае рашэнне.
Традыцыйная беларуская вечарынка напярэдадні "Еўрабачання-2013" запланавана на 11 мая. Творчая частка пакуль трымаецца ў сакрэце, але абяцаюць шмат цікавага. Зараз ідзе падрыхтоўка прома-прадукцыі. Спявачка паведаміла, што на ўсёй прома-прадукцыі будзе лагатып "Алёна Ланская", фотасесія адбудзецца ў Беларусі з беларускім фатографам Ганнай Гарбачэўскай. "Мы вырашылі прыгатаваць максімальна рацыянальную прома-прадукцыю і прывезці з нашай краіны ў тым ліку шакалад, цукеркі, зефір. Таксама будзем дарыць прома-папку з маімі фатаграфіямі і біяграфіяй, паштоўкамі, дыскам і флэшкай, на якіх запісаны конкурсная песня на англійскай і рускай мовах, варыянты рэміксаў, відэакліп", - расказала артыстка.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2013" пройдзе 14-18 мая ў шведскім горадзе Мальмё. Алёна Ланская выступіць у першым паўфінале 14 мая з песняй "Solayoh" пад 11-м нумарам. Разам з прадстаўніцай Беларусі за права заняць месца ў фінале будуць змагацца выканаўцы з Аўстрыі, Эстоніі, Славеніі, Харватыі, Даніі, Расіі, Украіны, Нідэрландаў, Чарнагорыі, Літвы, Малдовы, Ірландыі, Кіпра, Бельгіі і Сербіі. Усяго ўдзельнікамі 58-га форуму стануць прадстаўнікі 39 краін.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Ірына СВІРКО, "Р".