"Еўрабачанне": беларусы, дайце сабе шанц!

29.05.2012
"Звязда", 29 мая 2012 г.

 
Паглядзеў днямі тэлезапіс "Еўрабачання-1982". Апранутыя людзі спяваюць у мікрафон - мілейшы конкурс. У 2012-м "Еўрабачанне" ўсё больш падобна да шоу "Хто каго больш здзівіць": тут вам і голыя азадкі (Аўстрыя), і пер'е індзейцаў (Галандыя), і ўжыванне спецэфектаў на экране (Украіна). Ці ёсць тут месца творчасці?
Шчыра кажучы, людзі ўжо з глузду з'ехалі на гэтым фоне - у кожны нумар хочуць уключыць і сюрпрыз для публікі. Гэткую балерыну з раяля. Пачалося ўсё, відаць, у 2002-м, калі трыумфатаркай фіналу стала турчанка Сертаб. Памятаеце, як ласкутнымі дарожкамі ад яе цягнуліся чатыры шлейфы тканіны? У пэўны момант ласкуты нацягвалі, ствараючы эфект сонца з прамянямі, дзе ў цэнтры была спявачка. У наступныя гады чаго толькі не было: спеў з сурдаперакладам (Латвія), малюнак на пяску (Украіна), узгаданая вышэй балерына ў раялі (Расія), пераапрананні на сцэне (Беларусь). Цяжка сказаць, ці беларусы з Lіtеsоund у гэткім кантэксце сёлета шаркалі ножкай - свая "фішка" з завісаннямі ў паветры была і ў іх. Але ці ў "фішках" сутнасць?
У нас любяць казаць: маўляў, у Беларусі да "Еўрабачання" ставяцца занадта сур'ёзна, а ў "еўропах" гэтую лухту даўно ніхто не глядзіць, і толькі наіўныя беларусы ўспрымаюць яго, як Алімпіяду.
А вось і не. У "еўропах" конкурс мае такую ж папулярнасць, як і ў нас: ім цікавяцца, галасуюць і перажываюць за краіну падчас выступлення. Пытанне ў іншым. Калі мы ўспрымаем "Еўрабачанне" як спорт, то і падрыхтоўка павінна быць адпаведная. Бо адкуль жа ўзяцца медалям, калі артыст пачынае рыхтавацца да выступлення за тры месяцы? Гэта як з дыпломнай працай ва ўніверсітэце: працу, якую пішуць тры месяцы, прасцей абараніць, чым тую, што напісалі за тры дні.
Ды і ў "еўропах", калі артыст не дайшоў да фіналу, яго ніхто не цкуе і не вінававіць, як часта адбываецца ў нас. Чаму? Таму што артыста выбіралі яго суайчыннікі. Чаму ў нас усіх сабак вешаюць на выканаўцу, незразумела.
У Германіі і Славеніі спецыяльна для адбору выканаўцаў стварылі перадачу тыпу "Наша зорка для "Еўрабачання". Сутнасць такая: на кастынгу адбіраюць лепшых кандыдатаў, а затым штотыдзень у прамым эфіры гэтыя спевакі спаборнічаюць паміж сабой. У фінале, куды выходзяць два канкурсанты, яны выконваюць па тры свае песні - перамагае тая, за якую прагаласавала найбольш гледачоў. Усё празрыста, проста і цікава. Ці магло б такое існаваць у нас?
А яшчэ, як даказаў сёлетні конкурс, гледачы не любяць клонаў. Нарвежац Туджы - копія леташняга шведа Эрыка Саадэ, а спявачка з Грэцыі - прататып Алены Папарызу (нават танцы сёлета зноў скапіравалі). Ці не стараліся Lіtеsоund упісацца сёлета ў чыесьці рамкі і быць падобнымі на тых, кім яны не з'яўляюцца?
Украінка Гайтана ў шматлікіх інтэрв'ю прызнавалася: яна ганарыцца тым, што яе песня, касцюмы і нумар - усё mаdе іn Ukrаіnе. Памятаецца, таксама ўсё айчыннае было і ў "Lіtеsоund" на айчынным фінале. Вось толькі пасля мы чамусьці больш паверылі грэчаскім аранжыроўшчыкам, якія так "падчасалі" нам песню, што мы адразу "перамаглі". Дарэчы, тое ж самае было і з Анжалікай Агурбаш, песню якой напісалі грэкі. Увогуле, адкуль у нас столькі трымцення перад замежнікамі і ўвогуле залежнасць ад іх меркавання? Паглядзіце: ці падобная паміж сабой сёлетняя тройка прызёраў конкурсу? Кожны з іх прадставіў гледачу тое, што прыдумаў у сябе на радзіме. Сваё - шведскае, рускае, сербскае.
Ці дадзім мы шанц сабе самім? Думаю, вельмі хацелі б, ды ў сябе пакуль не верым. Правал у конкурсе чарговы раз даказвае нам, што калі ў нас ёсць штосьці сваё, то не абавязкова запрашаць грэкаў, Філіпа Кіркорава, паляка Януша Юзэфовіча, прадзюсара Макса Фадзеева... Трэба шукаць таленты ў сябе і кожны раз спрабаваць наноў, даючы шанс рэалізавацца сваім задумкам. 

Ілья ЛАПАТО.