"Еўрабачанне-2014": скажыце "сы-ыр"!

14.01.2014
"Звязда", 14 студзеня 2014 г.

 
Дэлегата ад Беларусі на міжнародны песенны конкурс зноў абралі са скандалам.
У ноч з пятніцы на суботу ў сценах Белтэлерадыёкампаніі адбыўся канцэрт фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура конкурсу "Еўрабачанне-2014". Пераможцу тэлегледачы і журы выбіралі ў прамым эфіры. Карэспандэнты "Звязды" пабывалі на генеральнай рэпетыцыі і ўласна на шоу, каб параўнаць уражанні.

Бясконцы мюзікл "Людзі ў чорным"

Першае, што ўразіла на папярэднім прагоне: практычна ўсе фіналісты выйшлі на сцэну ў чорных уборах! Хіба толькі Тэа радаваў вока тэракотавым пінжаком, ды гурт "Swіtter boys" і блізняты сёстры Кароль фарсілі ў бялюткіх касцюмах ды блакітных сукенках. Няўжо гала-канцэрт нацыянальнага адбору - настолькі сумная падзея? "Гэта ж толькі рэпетыцыя, можа, пераапрануцца", - выказала здагадку калега. Але і на шоу карцінка мала змянілася: 8 з 14 удзельнікаў дэманстравалі ўсе адценні чорнага...
На агульным фоне прыемна ўразіла Жанет. Пышная чорная сукенка падчас нумара "сцякала" са спявачкі, пакінуўшы тую ў белай туніцы, і ператварылася ў трох ці то ластавак, ці то кажаноў. "Мы прыдумалі гэты ўбор, на які пайшло амаль 30 метраў тканіны, і сам нумар літаральна за 5 дзён да новага года, - прызналася Жанет пасля выступлення. - Ідэя ў тым, што ўсе чорныя сілы саступаюць перад сілай кахання і дабрыні". І хоць сукенкі-трансформеры на "Еўрабачанні" дэманстраваліся неаднаразова, менш відовішчным нумар ад гэтага не стаў, а беларускі дызайнер Таццяна Давыдзенка спрацавала не горш за Юдашкіна.
У студыі, нягледзячы на строгія папярэджанні рэжысёра "не перашкаджаць, інакш выдалю ўсіх лішніх", было вельмі шматлюдна. У натоўпе зацікаўленых мы заўважылі тэлевядучую Алену Спірыдовіч, якая, да слова, назірала за працэсам і ў абодва дні праслухоўвання. "Гэта прафесійны інтарэс,?- на хвіліну адарвалася ад займальнага відовішча Алена,?- я ж таксама пачынала працу на тэлебачанні з конкурсаў. Таму большасць артыстаў мне добра знаёмыя: і Макс Сапацькоў, і Валерый ДзіДзюЛя, і Юра Вашчук - яны ўсе ў свой час прайшлі праз нашу "Зорную ростань". Наогул, на маю думку, на конкурсах вельмі цікава працаваць: тут усё шчыра і па-сапраўднаму, не мае значэння, якім ты быў учора, важна тое, як ты спяеш тут і цяпер. Я не хварэю за кагосьці канкрэтнага, шчыра сімпатызую ўсім і спадзяюся яшчэ, што ў сукупнасці будзе прыгожа - вечарам спецыяльна пагляджу фінал па тэлевізары".
Мы вырашылі зрабіць гэтаксама: па-першае, сам конкурс не толькі музычны, але і тэлевізійны, а па-другое, пасля генеральных рэпетыцый відавочнага фаварыта і разумення таго, што вось яна, "тая самая" песня, у нас так і не з'явілася.

Хто галасуе апошнім

Найпершым сюрпрызам у шоу для многіх чамусьці стала... адсутнасць сярод фіналістаў Аляксандра Саладухі. Так-так, у апошнім прома-роліку артысту ўдалося так заінтрыгаваць і заблытаць гледачоў абяцаннем: "Я буду ў фінале", што за яго ўжо гатовы былі галасаваць!
Другой неспадзяванкі тэлегледачы не ўбачылі, але на артыстаў яна магла паўплываць: у студыі чамусьці было вельмі мала балельшчыкаў. Затое дзівосы, якія рабіліся з гукам, напрыклад, падчас выступлення гурта "Nutekі" ці Макса Лорэнса і ДзіДзюЛі, здаецца, адзначылі ўсе. І здзівіліся: не можа ж быць, каб вопытныя артысты настолькі не траплялі ў ноты? Ці можа - калі перахваляваліся і "перагарэлі"?
...Галоўныя эмоцыі выклікала ўсё ж галасаванне. У першай яго частцы, калі былі падлічаны сімпатыі гледачоў, у лідары выйшлі Лорэнс, ДзіДзюЛя і кампанія з 8746 баламі, другі радок занялі "Nutekі" з 5651 голасам, трэцяе месца і 5088 галасоў гледачы аддалі Тэа (Юрыю Вашчуку). Рашэння журы давялося чакаць значна даўжэй, пакуль выступаў добры дзясятак спецыяльных гасцей. І хоць пастаноўшчыкам шоу асобны "дзякуй" за ўключэнне ў канцэрт беларускамоўных гуртоў "Aura" і "Joanna", усё ж выпрабаванне для нерваў публікі і артыстаў можна было зрабіць крыху меншым.
А 8 суддзяў, якія па чарзе агучвалі, каму аддалі найвышэйшыя балы (12, 10 і 8), стварылі прэцэдэнт. Паводле галасавання журы, на першым месцы апынуўся Тэа з 90 баламі, на другім - Жанет з 80 і толькі на трэцім Макс Лорэнс і ДзіДзюЛя з 52. Пры пераводзе гэтых вынікаў у 12?бальную сістэму і падсумоўванні балаў аказалася, што першае месца занялі адразу двое - Тэа і Макс Лорэнс з ДзіДзюЛем. Такое адбылося, бадай, упершыню за ўсе беларускія адборы. Але вядучыя шоу Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі, не разгубіўшыся ні на секунду, запрасілі журы... "дагаласаваць" наўпрост на сцэне, аддаючы кардонныя сэрцы таму ці другому канкурсанту. З лікам 8:0 перамогу атрымаў Юрый Вашчук, ён жа Тэа.
Уся працэдура выклікала буру абурэння ў інтэрнэце (нагадаем, прамая трансляцыя шоу ішла ў тым ліку на сайце eurovіsіon.tv). Маўляў, чаму і як журы прагаласавала двойчы?! "Усё прапісана ў палажэнні аб нацыянальным адборачным туры",?- паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі. Сапраўды, у арт. 6 палажэння пазначана: "У выпадку калі 2 і больш удзельнікаў фіналу праекта набіраюць роўную колькасць балаў, пераможца праекта вызначаецца дадатковым адкрытым галасаваннем прафесійнага журы". Дзеля справядлівасці адзначым: па-першае, гэтае ўдакладненне з'явілася ў правілах беларускага адбору толькі летась, пасля скандалу з падтасоўкай галасоў у 2012?м і двух гадоў закрытага адбору ў 2011?м і 2010 годзе. А па-другое, абсалютная большасць гледачоў з новымі нюансамі ў падліку галасоў не знаёмая. Няўжо яшчэ да пачатку шоу вядучым нельга было выдаткаваць 2-3 хвіліны, каб расказаць аб іх? Нарэшце, навошта было даводзіць публічную "раздачу сланоў" (прабачце, сэрцаў) да канца, прыніжаючы прайграўшых артыстаў, калі для перамогі дастаткова было набраць 5 галасоў журы? Існуе ж у спорце падобнае правіла мінімальнай перавагі: у хакеі авертайм доўжыцца да 1 забітай шайбы, у тэнісе дастаткова выйграць 3 з 5 сэтаў...
Словам, вынікамі галасавання засталіся незадаволены многія - прычым як гледачы, так і самі артысты. І гэта ўжо не першы год запар. Тэндэнцыя, аднак.

Хто такі Тэа і з чым яго есці

Усё вышэйсказанае ні ў якім выпадку не адмяняе поспеху Юрыя Вашчука як кампазітара і выканаўцы. І можна доўга спрачацца, прынёс яму перамогу тэлевізійны вопыт (Юрый працуе ў праекце "Наперад у мінулае") альбо 13?гадовая праца ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, і наўмысна ці выпадкова яго нумар падобны да кліпа Robіn Tіcke на песню "Blured Lіnes". А можа, ролю добрага анёла сыграў бэк-вакаліст Дзяніс Ліс, не без удзелу якога ў 2007?м на "Еўрабачанне" быў абраны Дзмітрый Калдун?.. Тым не менш пагадзіцеся: выканаўца абаяльны і на сцэне трымаецца ўпэўнена, а песня "Cheesecake" жывая і пазітыўная, прычым распавядае яна зусім не пра сырна-тварожны дэсерт, а пра тое, што бывае, калі дзяўчына доўгі час называе свайго каханага "салодкім піражком".
А яшчэ - так, да ведама аматараў грэбліва крывіць вусны: "А хто гэта такі наогул?" - Юрый Вашчук кампазітар, аранжыроўшчык, аўтар песень многіх беларускіх артыстаў і музыкі да кінафільмаў. І тройчы лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі: сёлета разам з Леанідам Шырыным названы лепшым аўтарам музыкі за кампазіцыю "Беларусь вялікая", пад якую грымеў салют у Дзень Незалежнасці, у 2012 годзе быў названы "Лепшым аранжыроўшчыкам", а ў 2011 годзе менавіта пад творчым псеўданімам Тэа стаў "Адкрыццём года".
"Не чакаў. Але, вядома, спадзяваўся,?- зазначыў Юрый Вашчук, калі нервовае напружанне выступлення крыху адпусціла.?- Інакш навошта было б выходзіць на сцэну, калі не імкнешся перамагчы?". Выступіўшы аранжыроўшчыкам у песнях яшчэ дзвюх фіналістак адбору, уласную кампазіцыю, як сцвярджае спявак, напісаў за 2 дні і адправіў у апошні дзень прыёму заявак. Затое цяпер небеспадстаўна запэўнівае, што "беларускі чызкейк - самы смачны ў свеце".
Якім будзе яго нумар на "Еўрабачанні", Вашчук пакуль што не загадвае. Здаецца, ён і сам яшчэ не да канца ўсвядоміў, які падарунак (ці які галаўны боль, гэта як паглядзець) зрабіў сабе напярэдадні 31?га дня нараджэння. Затое калегі па сцэне ў сацсетках ужо даюць рэкамендацыі і прапановы. Ніна Багданава зычыць сябру поспеху і раіць разняволіцца, каб перажыць непазбежны ўсплёск негатыву. Георгій Калдун разважае, ці не варта звярнуцца па кансультацыйную дапамогу да тых, хто ўжо дасягаў поспеху ў "Еўрабачанні",?- скажам, каманды Украіны ці Азербайджана. А Уладзімір Максімкаў наогул склаў дастаткова падрабязны і паслядоўны прадзюсарскі план дзеянняў. І вось што дзіўна: кожны раз пасля адбору знаходзіцца мноства людзей, якія ведаюць, як трэба. А прадстаўнікі Беларусі, як памятаем, вышэй за 6?е месца на "Еўрабачанні" так і не ўзняліся. Як кажуць, каментарыі залішнія.
Усе вынікі галасавання, у тым ліку балы ад гледачоў і пратаколы членаў журы, можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by ў раздзеле "Праекты. Еўрабачанне 2014".

Тым часам

Паўторнага галасавання журы можна было пазбегчы, калі б адразу правільна былі падлічаны балы, мяркуюць фіналісты адбору, удзельнікі гурта "Swіtter boys". І прыводзяць у якасці доказу змешчаную на сайце Белтэлерадыёкампаніі табліцу балаў ад гледачоў і журы. Паводле яе, першае месца, набраўшы аднолькавую колькасць балаў, дзеляць паміж сабой Тэа і Макс Лорэнс з ДзіДзюЛем, другое - Жанет і "Swіtter boys", а на трэцім - адразу і Анастасія Малашкевіч, і "Nutekі", і Таша Odі. "Нам у галасаванні журы камп'ютар даў 7 балаў, а Лорэнсу з ДзіДзюЛем 8. Але чаму - у нас жа больш высокія ацэнкі ад журы?" - здзіўляюцца артысты.
Тлумачэнне гэтаму факту, здавалася б, ёсць у правілах адбору: пры аднолькавай суме балаў больш высокае месца займае той канкурсант, хто атрымаў больш высокую ацэнку ад старшыні журы. Але старшыня БТРК Генадзь Давыдзька з аб'ектыўных прычын з ліку суддзяў выбыў. Тады, можа, камп'ютар спрацаваў "у алфавітным парадку"? Афіцыйнага тлумачэння на гэты конт на момант падрыхтоўкі публікацыі мы не атрымалі. А вось колькасць арфаграфічных памылак у афіцыйным, заўважым, дакуменце прапануем вызначыць чытачам самастойна.
Ходзяць чуткі, што Макс Лорэнс і Валерый ДзіДзюЛя заявілі афіцыйны пратэст супраць вынікаў галасавання ў адборачным туры "Еўрабачання".
- Пацвярджаю,?- пракаментаваў сітуацыю прадзюсар Валерый Шоман, які даўно супрацоўнічае з выканаўцам і ўжо другі год запар дапамагае таму ў падрыхтоўцы да конкурсу.?- Адкрыты ліст размешчаны на сайце ДзіДзюЛі, з ім можа азнаёміцца кожны ахвотны, а вось афіцыйны ляжыць на стале ў кіраўніка дзяржавы. Я рыхтаваў многіх артыстаў да розных конкурсаў. Паверце, мы ўмеем і прайграваць, і выйграваць, але павінны выконвацца пэўныя правілы, аднолькавыя для ўсіх! Мы гатовыя прадэманстраваць на ўласным прыкладзе, як гэта павінна быць, збіраемся правесці канцэрт пад лозунгам "За сумленнае галасаванне".

- Валерый, а як гэта павінна быць, на ваш погляд? Правілы штогод змяняюцца, а яснасці няма: усё ж апошняе слова павінна быць за гледачамі ці за журы?
- Я лічу так: калі журы бярэ на сябе адказнасць за выбар прадстаўніка краіны на "Еўрабачанні" - няхай цалкам і нясе гэтую адказнасць, не вымушаючы гледачоў марнаваць час і грошы на тэлефонныя званкі і СМС. А калі рашэнне прымаецца сумесна, то прыярытэт павінен быць за тэлегледачамі, бо гэта не прафесійны, а тэлевізійны конкурс. У нас была перавага ў 42% галасоў у параўнанні з 2?м месцам, прычым гэта быў нават не Тэа. Чаму ўсё гэта нівеліруецца? Да слова, у мяне ляжаць тысячы лістоў ад еўрапейцаў у падтрымку нашай песні, а песня Макса Лорэнса і Валерыя ДзіДзюЛі на словы Джо Лін Цёрнэра - адзіная з беларускага адбору, якую ўзялі ў ратацыю на "еўравізійнае" радыё. Так што мы гатовы паваяваць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.