"Еўрабачанне-2013": Беларусь - у фінале!

16.05.2013
"Звязда", 16 мая 2013 г.

 
У аўторак, 14 мая, у шведскім Мальмё стартаваў конкурс "Еўрабачанне-2013". Прадстаўніца Беларусі Алена Ланская па выніках свайго выступлення ў гэты дзень прайшла ў фінал шоу. Гэта ўсяго трэцяе падобнае дасягненне Беларусі за 10 гадоў удзелу ў "Еўрабачанні".
Як заўважылі ўжо многія крытыкі, "выстрэльваць" беларускім выканаўцам удаецца раз на тры гады: у 2007-м суайчыннікаў упершыню парадаваў Дзмітрый Калдун, у 2010 - гурт "3 плюс 2", і вось сёлета - самая маладая заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская. Яшчэ адно супадзенне - а можа, заканамернасць? - ва ўсіх гэтых выпадках нумары рыхтаваліся інтэрнацыянальнымі камандамі.

У фінал ідуць адны прыгажуні

Як заўважылі нават не самыя пільныя гледачы, першы паўфінал сёлета быў вельмі насычаны цягучымі баладамі і прыгожымі дзяўчатамі. Што адбілася і на выніках: 7 з 10 шчаслівых фіналістаў - салісткі-прыгажуні. Гэта сёлетняя фаварытка букмекераў, 19-гадовая спявачка з Даніі Эмелі дэ Форэст, чароўная прадстаўніца Эстоніі Біргіт, якая ўсяго праз некалькі месяцаў стане мамай, леташняя бэк-вакалістка прадстаўніка Малдовы, а сёлета самастойная канкурсантка Алена Мун, сталейшая за ўсіх паўфіналістак 38-гадовая спявачка Анук з Нідэрландаў, галасістая дзюймовачка з Украіны Злата Агневіч, беларуска Алена Ланская і яшчэ маладзейшая за яе заслужаная артыстка Татарстана, расіянка Дзіна Гарыпава.
Кампанію ім склалі тры хлопцы: Раян Долан з Ірландыі, пераможца праекта "Голас Бельгіі" Раберта Дэлароза і прадстаўнік Літвы Андрыус Паявіс.
Затое ўпершыню за апошнія некалькі гадоў пакуль што ніводная з балканскіх краін-паўфіналістак далей не прайшла.
Дарэчы, на прэс-канферэнцыі пераможцаў паўфіналу адбылося папярэдняе лёсаванне чарговасці выступленняў у фінале конкурсу. Беларусь, Расія, Малдова, Літва, Нідэрланды, Бельгія і Эстонія выступяць у першай палове шоу, а Украіна, Ірландыя і Данія - у другой.
На гэтай жа прэс-канферэнцыі журналісты спыталі Алену, што яна хацела данесці да аўдыторыі сваёй кампазіцыяй. "Гэта песня пра шчасце і каханне, - з заўсёднай усмешкай распавяла спявачка. - Цяпер мне не хапае маёй сям'і, і я хацела данесці свае пачуцці да яе. Таксама спадзяюся, што кожны чалавек адчуваў сябе шчаслівым, калі слухаў маю песню".

Дзень адпачынку - і шоу павінна працягвацца

- Калі, нарэшце, я пачуў "Беларусь", то зямля сплыла з-пад ног, - прызнаўся "Звяздзе"прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў. - Не памятаю, што я рабіў, - ачуняў толькі, убачыўшы, як Алена радуецца і як уся наша каманда лікуе і скача ледзьве не да столі. 

- Многія адзначылі, што Алена падчас выступлення вельмі хвалявалася, нават голас крыху асіп. Можа, дасце ёй крыху адпачыць?
- Паколькі мы з 4 мая ў Мальмё і не было ніводнага дня без рэпетыцый, заняткаў з харэографам і педагогам па вакале, інтэрв'ю і выступленняў, то, натуральна, усе вельмі стаміліся. Таму 15 мая вырашылі адвесці адзін дзень для рэлаксу, псіхалагічнай і фізічнай разгрузкі. А потым зноў да працы - у нас вельмі многа цікавых прапаноў, дый да фіналу неабходна падрыхтавацца як след. За голасам Алены, спяшаюся супакоіць усіх прыхільнікаў, пільна сочыць урач-фаніятар: кожны дзень пачынаецца і завяршаецца яе кансультацыяй, і ўсё ў межах нормы. Што да хвалявання - яно было і яшчэ будзе, але гэта, мабыць, і станоўчы фактар для больш яркага выступлення?

- Ці зменіцца штось у нумары Алены да фіналу? Або ў гэтым выпадку лепшае - вораг добрага?
- У нас вельмі крэатыўная каманда, і ўжо ёсць некалькі ідэй-нюансаў, якія маглі б упрыгожыць нумар. Але будзем яшчэ раіцца з рэжысёрскай групай, ці варта гэта рабіць, бо магчымасцяў адпрацаваць усё да дробязяў ужо не будзе. Кардынальна штось мяняць, безумоўна, мы не станем, я і сам супраць, але пэўныя "фішкі" можам дадаць.
Другі паўфінал "Еўрабачання" беларуская каманда збіраецца глядзець у зале, каб адчуць атмасферу конкурсу па-за сцэнай і падтрымаць сваіх сяброў - прадстаўніка Азербайджана Фарыда Мамедава (азербайджанская дэлегацыя жыве з беларусамі ў адным атэлі, і нават педагог па вакале ў нашых канкурсантаў адзін на дваіх), гурт з Грэцыі "Kоzа Mоstrа" ды іншых.

Скандынаўскі блок супраць усходняга

Сёння прадстаўнікі яшчэ 17 краін паспрабуюць выйграць шчаслівыя білеты ў фінале "Еўрабачання-2013". На сцэну "Мальмё-Арэны" выйдуць (у парадку чарговасці) канкурсанты з Латвіі, Сан-Марына, Македоніі, Азербайджана, Фінляндыі, Мальты, Балгарыі, Ісландыі, Грэцыі, Ізраіля, Арменіі, Венгрыі, Нарвегіі, Албаніі, Грузіі, Швейцарыі і Румыніі. Трансліраваць паўфінал і галасаваць у ім будуць таксама ўдзельнікі "вялікай пяцёркі" краін - заснавальнікаў конкурсу: Іспанія, Францыя і Германія.
У адрозненне ад першага паўфіналу, другі абяцае быць больш "мужным" і месцамі нават брутальным. Напрыклад, прадстаўнікі Арменіі гурт "Dоrіаns" дадуць дыхту песняй у стылі цяжкі рок, кампазітарам якой выступіў легендарны музыкант Тоні Аёмі з "Blасk Sаbbаth". Рок-песняй парадуе прыхільнікаў жанру і артыст-вікінг з Ісландыі Эйтоур Інгі Гюнлёйгсан.
Да каго яшчэ варта прыгледзецца больш уважліва? Напрыклад, да прадстаўніцы Сан-Марына. Гэта краіна з ліку навічкоў, а значыць, даволі непрадказальных удзельнікаў. Цяперашняя, яна ж леташняя, удзельніца Валянціна Манета прадстаўляе ўсяго 4-ю спробу краіны ўзабрацца на еўрапейскі поп-алімп. Летась гэтая спроба скончылася для спявачкі 14-м месцам у паўфінале. Ці пашанцуе сёлета? Паслухаем, паглядзім.
У складзе швейцарскага гурта "Tаkаsа" выступіць 95-гадовы кантрабасіст Эміль - гэта самы пажылы ўдзельнік не толькі сёлетняга "Еўрабачання", але і конкурсу ўвогуле.
І, безумоўна, асаблівы інтарэс выклікае пытанне, чым скончыцца выпадковае ці наўмысна зладжанае музычнае супрацьстаянне скандынаўскіх і ўсходніх краін: каго з іх у выніку ў фінале "Еўрабачання-2013" будзе больш?
 
Вікторыя ЗАХАРАВА.