Еўрабачанне-2009: На крылах песнi

08.05.2009
"Звязда", 8 мая 2009 г.


Усё ж такi "Еўрабачанне", як нi iмкнуцца многiя ахарактарызаваць яго як цацанку-забаўлянку для хатнiх гаспадынь, - гэта феномен. Сумесь сезоннай хваробы, спартыўнага першынства i карнавалу. Штогод конкурсу прадракаюць забыццё i перасыханне крынiц - як творчых, так i фiнансавых - i штогод насуперак усiм гэтым прагнозам "Еўрабачанне" змешвае дзiвосны кактэйль з талентаў i прыхiльнiкаў, чутак i выкрывання, грошай i музаў i разбiвае свой чарговы табар у новай краiне.
Сёлета артыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў, фанатаў i афiцыйных асобаў з 42 краiн свету прымае Масква. Перад тым, як далучыцца да гэтай iнтэрнацыянальнай суполкi, нагадаем - Беларусь удзельнiчае ў конкурсе ў шосты раз, i сёлета "адзiн за ўсiх" выступiць за нашу краiну пераможца нацыянальнага адбору, спявак Пётр Елфiмаў з песняй "Еуеs thаt nеvеr liе" ("Вочы, якiя нiколi не хлусяць").

Нашы людзi

Зрэшты, наконт аднаго за ўсiх - гэта мы, напэўна, паспяшалiся. На "Еўрабачаннi-2009" хапае нашых суайчыннiкаў, прычым у самых розных iпастасях. Напрыклад, былыя канкурсанты Дзмiтрый Калдун, Руслан Аляхно, Анжэлiка Агурбаш цяпер прысутнiчаюць у якасцi гасцей, спявачка Дакота - як назiральнiца (з замахам на будучы ўдзел?), Аляксандр Цiхановiч i Дзянiс Кур'ян па традыцыi рыхтуюцца да абавязкаў каментатараў, а колiшнi "выпускнiк" беларускай тэлепраграмы "5х5" Дзмiтрый Шэпелеў цяпер з'яўляецца прадстаўнiком расiйскага Першага канала i вядзе ўсе прэс-канферэнцыi ўдзельнiкаў конкурсу.
Вялiкi беларускi дэсант яшчэ прыбудзе ў Маскву на наступным тыднi. Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi сабраў групу падтрымкi, якая з адпаведнай сiмволiкай (плакаты, майкi, кепкi, сцягi i г.д.) будзе падтрымлiваць нашага канкурсанта. "11 мая ад ЦК БРСМ адпраўляецца аўтобус, 42 чалавекi з усiх рэгiёнаў Беларусi, каб падтрымаць Пятра Елфiмава ў першым паўфiнале. Мы разлiчваем, што гарачая падтрымка i беларуская сiмволiка ў зале паспрыяюць паспяховаму выступленню нашага канкурсанта, - расказаў сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Далжэўскi. - Наконт 16-га - давайце пакуль не загадваць, каб не сурочыць".
Асобна варта ўзгадаць нарвежца з беларускiмi каранямi Аляксандра Рыбака - 22-гадовы артыст, хоць i пакiнуў Беларусь у 4-гадовым узросце, нядрэнна валодае мовай i прызнаецца, што для яго вельмi важна, якое ўражанне ад выступлення атрымаюць беларусы. Аляксандр са сваёй кампазiцыяй "Fаirуtаlе" ("Казка") выступiць у другiм паўфiнале, 14 мая - i тэарэтычна з'яўляецца канкурэнтам Пятра Елфiмава. Але на практыцы гэта значыць, што ў беларусаў удвая больш спадзяванняў на поспех, тым больш што абодва выканаўцы вельмi цёпла адгукаюцца адзiн пра аднаго. Галасаваць за ўдзельнiкаў другога паўфiналу беларусы, на жаль, не маюць права - але паглядзець i падтрымаць нiхто нам не забаронiць.

Што ўбачым?

Найперш цырымонiю адкрыцця "Еўрабачання" 10 мая. Прычым, як нi дзiўна, транслiраваць яе будзе не Першы канал, а АНТ - па дамоўленасцi з расiйскiм тэлеканалам-арганiзатарам. Ва ўрачыстым канцэрце адкрыцця возьмуць удзел зоркi "Еўрабачання" мiнулых гадоў - самая першая пераможца конкурсу Лiз Асiа (Швейцарыя), гурт "Чынгiз-Хан" (Германiя), Руслана (Украiна) Марыя Шэрыфавiч (Сербiя) i, натуральна, леташнi трыумфатар Дзiма Бiлан - яшчэ больш схуднелы, зарослы i па-ранейшаму нежанаты.
12 мая адбудзецца першы паўфiнал конкурсу. Для беларусаў гэта будзе сапраўдная гульня на нервах - па-першае, таму, што завершыцца трансляцыя толькi апоўначы, па-другое, таму, што пасля першых рэпетыцый глядацкiя ацэнкi беларускага прадстаўнiка як нiколi супярэчлiвыя - ад "бездакорны вакал, магчымы фiналiст" да "жахлiва, вiдавочны аўтсайдар!".
Першая рэпетыцыя Беларусi была фактычна сарваная з-за адсутнасцi неабходнага абсталявання, таму арганiзатары дазволiлi правесцi дадаткова тэхнiчную праверку i настройку, пасля якой дэлегацыя Беларусi як быццам задаволеная. "Мы не сочым цяпер за стаўкамi букмекераў, у асноўным усе засяроджаныя на рабоце, - расказала выканаўчы прадзюсар дырэкцыi музычных i забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампанii Анастасiя Цiхановiч. - Пакуль што ўсё атрымлiваецца, вельмi радуе павышаная ўвага прэсы, у нас многа дадатковых iнтэрв'ю, сёння (7 мая - Аўт.) адбудзецца другая прэс-канферэнцыя...". Пакуль што вядома наступнае: на сцэне з Пятром Елфiмавым будуць знаходзiцца 4 чалавекi - два бэк-вакалiсты, каларытны сола-гiтарыст i дзяўчына-танцорка. Нiякiх крылаў, балахонаў i капюшонаў на выканаўцу нiхто апранаць не збiраецца, Пётр выйдзе на сцэну ў даўно абраным белым скураным касцюме. А вось танцорка якраз будзе выконваць ролю палiгона для спецэфектаў i камп'ютарных праекцый. Што з усяго гэтага атрымаецца, пакуль да канца не ведае нiхто.
Дарэчы, не факт, што ўбачым мы менавiта жывое выступленне Пятра Елфiмава, як i iншых паўфiналiстаў. У такiм грандыёзным тэлевiзiйным праекце, як "Еўрабачанне", арганiзатары перастрахоўваюцца ад усiх магчымых збояў i недарэчнасцяў, таму галоўныя канцэрты - паўфiналы i фiнал - насамрэч адбываюцца не адзiн раз, а ажно чатыры. Прычым на адну генеральную рэпетыцыю кожнага канцэрта прадаюцца бiлеты i робiцца тэлеверсiя, i калi, крый Божа, падчас трансляцыi здарыцца тэхнiчны збой, гледачам паказваюць менавiта гэты запiс.
Дарэчы, пасля выступлення ўсiх 19 канкурсантаў на тэлеэкране з'явiцца яшчэ адна наша зямлячка - "Мiс Беларусь-2006" Кацярына Лiтвiнава. Менавiта ёй выпала пачэсная роля вестуна - абвяшчаць балы ад нашай краiны.
А выстаўляць гэтыя самыя балы, нагадаем, сёлета давядзецца сумесна тэлегледачам i прафесiйнаму журы. У паўфiналах будзе дзейнiчаць леташняя сiстэма - 9 выканаўцаў трапяць у фiнал па вынiках глядацкага галасавання, яшчэ адзiн праходзiць рашэннем журы. У фiнале галасы журы i гледачоў улiчваюцца 50/50, прычым суддзi будуць ацэньваць не прамы эфiр, а яго другую (вячэрнюю) рэпетыцыю, i не пастаўлены нумар, а выключна песню.
У кожнай краiне журы складаецца з 5 чалавек - разнаполых i рознага ўзросту, але ўсе яны павiнны мець дачыненне да музыкi. Напрыклад, расiйскае прафесiйнае журы ўзначальвае не хто iншы, як Фiлiп Кiркораў. Склад беларускага журы пакуль не раскрываецца - але па ўмовах конкурсу, ён павiнен быць абнародаваны да фiналу "Еўрабачання" цi падчас фiналу.
14 мая ўжо без тэлефонаў у руках глядзiм другi паўфiнал, 16 мая - фiнал "Еўрабачання", дзе ўжо чакаюць канкурэнтаў 5 аўтаматычных фiналiстаў - Анастасiя Прыходзька (Расiя), Патрысiя Каас (Францыя), Сорайя (Іспанiя), Алекс С. i Оскар Лойя (Германiя) i Джэйд (Вялiкабрытанiя).

Хто ў фаворы?

Хто тыя 20 шчаслiўчыкаў, якiя пройдуць у фiнал конкурсу, i ў каго найвялiкшыя шансы стаць пераможцам? Хоць i лiчыцца, што букмекерскiя стаўкi не адлюстроўваюць рэальную карцiну падзей, але штогод мiльёны прыхiльнiкаў "Еўрабачання" з азартам уключаюцца ў гульню "адгадай пераможцу". Сёлета, паводле зводных звестак iнтэрнэт-чатаў i ставак еўрапейскiх букмекераў, выразных лiдараў пяцёра.

Патрысiя Каас. Зразумела - калi выступае зорка такога ўзроўню, за ёй стаiць вялiзная армiя прыхiльнiкаў, i шансы ў яе значна вышэйшыя, чым, скажам, у 18-гадовай артысткi з маленькай балканскай краiны. Але аднаго толькi iмя мала - напрыклад, брытанскую канкурсантку, нягледзячы на тое, што музыку для яе песнi напiсаў знакамiты Эндру Лойд Уэбер, нiхто ўсур'ёз не разглядае як фаварытку. Назiральнiкi лiчаць, што на фоне шматлiкiх яскравых шоу песня Патрысii Каас можа ўзяць... якраз адсутнасцю шоу - простай баладнай прыгажосцю.

Сакiс Рувас. Пасля таго як Дзiма Бiлан так блiскуча пацвердзiў, што поспех можа прыйсцi з другой спробы, грэх быў бы гэту спробу не зрабiць. На баку грэчаскага спевака, у прыватнасцi, вопыт удзелу ў "Еўрабачаннi-2004" i вядзенне конкурсу ў 2006-м, неўмiручы вобраз брутальнага мача, эфектнае шоу i асабiстыя сiмпатыi Фiлiпа Кiркорава. З iншага боку, мальтыйка К'яра ўжо нават не ў другi, а ў трэцi раз штурмуе конкурс - чыя спроба будзе больш удалай, цiкава?

Хадзiсе. Шанцы турэцкай спявачкi букмекеры ацэньваюць як вельмi высокiя, практычна ва ўсiх прагнозах яна ўваходзiць у тройку лiдараў. Напэўна, таму, што ўсё пры ёй: усходнi каларыт, абавязковае шоу i крыху эротыкi. Апошнiм часам, праўда, рэйтынг турчанкi панiзiўся - кажуць, яе жывое выступленне выглядае не вельмi эфектна.

Святлана Лабада. Прадстаўнiца Украiны вельмi хацела зрабiць шоу для свайго нумара - каб знайсцi грошы, давялося нават закласцi кватэру ў Кiеве. Пасля гэтага, дарэчы, у конкурснай песнi "Bе mу Vаlеntinе" з'явiлася другая назва - "Аnti-сrisis girl", а для пастаноўкi нумару было закуплена ў Ганконгу складанае тэхнiчнае абсталяванне. Пасля першых жа рэпетыцый Святлана атрымала неафiцыйнае званне "самай гарачай дзяўчыны конкурсу" i прагноз на месца ў пяцёрцы лiдараў у фiнале.

Аляксандр Рыбак. Ужо цяпер ажыятаж вакол хлапчука са скрыпачкай большы, чым вакол некалькiх дзясяткаў iншых удзельнiкаў. Ягоны нумар з элементамi фолку i зарадам пазiтыву, шчырасцi i абаяння падабаецца практычна ўсiм - ад маладых дзяўчат да гей-суполкi. Як трапна абазначыў адзiн з еўрапейскiх аглядальнiкаў, "гэта самы вiдавочны фаварыт з часу Барака Абамы". На цяперашнi момант Аляксандра практычна ўсе букмекеры ставяць на першае месца. У фiнале. Улiчваючы, што 13 мая ў Сашы дзень нараджэння - артысту споўнiцца 23 гады - рэалiзацыя гэтага прагнозу можа стаць для яго найлепшым падарункам.

Цяперашняе "Еўрабачанне", кажуць арганiзатары, можа стаць самым дарагiм (бюджэт яго перавышае 40 мiльёнаў долараў) - i пры тым усё адно стратным. А якiм яшчэ - пафасным? скандальным? непрадказальным? Пра ўсё гэта мы даведаемся непасрэдна ў Маскве - i, зразумела ж, раскажам вам, шаноўныя чытачы. Да сустрэчы на наступным тыднi!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.