"Еўрабачанне-2005"

14.05.2005
"Культура", 14 мая 2005 г.


Здаецца, ужо прыспеў час распачаць зваротны адлік тых дзён, якія засталіся да юбілейнага пяцідзесятага "Еўрабачання". Адпаведна, думкі пра гэты конкурс спараджаюць у нашых сэрцах не абы-якое хваляванне, тлумачыць прычыны якога будзе залішнім.
Суцішыць яго таксама не атрымаецца. Нягледзячы на тое, што і Анжэліка Агурбаш, і, канешне, краіна, якую яна прадстаўляе, зрабілі літаральна ўсё, каб капрызлівая панна Шоу-перамога не абмінула нас сваёй увагай, агучаная ў наступным радку банальная ісціна не губляе сваёй сілы. Конкурс ёсць конкурс, і яго вынік прадказаць немагчыма.
Таму мы пазбегнем спакусы рабіць якія-кольвечы прагнозы, прапанаваўшы замест іх некалькі матэрыялаў са спецыяльнага прэзентацыйнага выпуску "К", які выйшаў на англійскай, рускай і ўкраінскай мовах ды распаўсюджваецца ў Кіеве ў гэтыя перадфестывальныя дні.

Гімн кахання без усялякіх умоў

Аўтары "Love me Tonight" Нікас Тэрзіс і Нектарыяс Тыракіс на "Еўрабачанні" зусім не навічкі. Двойчы (у 2002 і 2004 гадах) іх песні не толькі прадстаўлялі Грэцыю на гэтым конкурсе, але і ўзносіліся на п'едэстал, кожнага разу займаючы ганаровае трэцяе месца.
Пра нюансы сачынення "еўрапесень" і пра тое, чаму гэты папулярны тандэм паклаў вока менавіта на беларускую спявачку, нашаму карэспандэнту распавядае сам Нектарыяс, чый удзел у якасці аўтара тэкстаў дапамог шмат якім альбомам атрымаць залаты і плацінавы статус.
- Чаму мы з Нікасам прапанавалі сваю песню "Love me Tonight" менавіта Анжэліцы? Бо ў ролі яе выканаўцы нам хацелася бачыць сапраўдную поп-дзіву, каралеву дыска. Анжэліка, несумненна, адна з іх! Яна вельмі экспрэсіўная, у яе ёсць гэткая іскрынка ў вачох, яна сапраўдная прыгажуня, здатная заваёўваць сэрцы. Нашыя сэрцы Анжэліка паланіла, што называецца, умомант - сваёй яскравай індывідуальнасцю, крыштальнам чысціні душой, чароўнай усмешкай, адданасцю музыцы і жаданнем зрабіць шчаслівым усіх і кожнага.
У яе вельмі прафесійнае стаўленне да творчасці, і, працуючы ў студыі, яна выкладаецца на ўсе сто, каб дасягнуць найлепшага выніку. Падчас рэкард-сэсіі "Love me Tonight" спявачка праявіла сябе як сапраўдны перфекцыяніст, нястомна імкнучыся да дасканаласці, і мы з Нікасам не маглі ёю не захапляцца. Столькі высілкаў яна прыкладала найперш дзеля таго, каб прынесці радасць сваім прыхільнікам. Спявачка сказала нам, што прыхільнікі для яе - гэта сапраўдная крыніца жыцця і энергіі.
Анжэліцы наша песня спадабалася адразу, як толькі яна пачула ейныя гукі, і мы вельмі гэтым усцешаныя. Спявачка адчувае яе рытм нібыта знутры - здавалася, быццам самое ейнае сэрца б'ецца ў гэтым рытме. "Love me Tonight" - гэта танцавальны гімн з вельмі разумнай інструментоўкай, поўнай усялякіх нечаканасцей. Нікас, які мае немалы досвед удзелу ў "Еўрабачанні", вытрымаў гучанне гэтай песні ў стылістыцы авангарднага дыска.
Паводле ягоных слоў самы складаны нюанс, які варта ўлічваць пры напісанні песні для "Еўрабачання", - гэта тое, што ў вас ёсць усяго толькі тры хвіліны. Іх павінна хапіць каб прыцягнуць да сябе ўвагу гледачоў і прымусіць іх не забыць цябе да канца конкурсу. "Love me Tonight" мае ўсе патрэбныя дзеля гэтага складнікі. Гэта густоўная пачуццёвая песня, якая разнявольвае вашае цела. Пад яе гукі хочацца танчыць, самавыяўляцца на танцполі, зліцца ў адно з ейнымі словамі.
Тэкст, напісаны мною, перадае захапленне ад кахання. Мяркую, свайго кшталту "брэндам" гэтай песні стане фраза "Love me Tonight and I'll love you forever" - "Пакахай мяне гэтым вечарам, і я буду кахаць цябе вечна". Калі ты закаханы, дык гатовы аддаць усё, і цяперашні момант можа доўжыцца цэлую вечнасць. "Love me Tonight" - гімн кахання без усялякіх умоў, дзе няма граху і злачынства ("no sin no crime"), і таму ніхто не можа асуджаць альбо крытыкаваць яго. Настрой гэтай песні прымяняльны да рознага кшталту пачуццяў - як мімалётнага, гэтак і змацаванага вечным абавязкам, пачуцця, якое застаецца ў сіле, колькі б вады ні сплыло.
Для нас была відавочнай тая рызыка, з якой мы сутыкнуліся, напісаўшы песню для ўдзельніка з іншай краіны - тым болей, пасля леташняга поспеху нашай "Shake It". Але калі нам будзе наканавана ўзысці на п'едэстал, мы хацелі б прысвяціць гэтую перамогу ўсім тым людзям з усяго свету, якія не баяцца жыць згодна з уласнымі пачуццямі. I асабліва цудоўнаму народу Беларусі! Мы молімся і верым, што Бог на нашым баку. Хай пераможа той, хто мацней!

Падрыхтаваў Ілля СВІРЫН.

Зрушыць горы і прывезці перамогу!
жадае Анжэліцы дуэт "Аляксандра і Канстанцін"

- Паколькі мы ўпершыню ў гісторыі прадстаўлялі Беларусь на "Еўрабачанні", ніхто не ведаў, што і як трэба рабіць правільна, якія крокі здзейсніць дзеля дасягнення поспеху. Практыка паказала, што проста выйсці на сцэну і адпрацаваць свой нумар недастаткова.
На нашу думку, у Анжэліцы спалучаецца вопыт выканаўцы з бясконцым памкненнем да перамогі. Яна мае неацэнную перавагу - фінансавую незалежнасць, чаго, на жаль, не хапала нам. I гэта можа дапамагчы ёй, вобразна кажучы, зрушыць горы! Вядома, што "Еўрабачанне" гэта конкурс, на якім суседзі галасуюць за суседзяў. А летась Польшча і Расія не трансліравалі паўфінал. Па новых правілах усе краіны-ўдзельнікі музычнага форуму абавязаны трансліраваць паўфінальнае шоу. Тым больш, што сёлета ў конкурс увайшлі такія краіны, як Балгарыя і Малдова, і спадзяёмся, што гэта дадасць балаў у скарбонку прадстаўніцы нашай краіны.
Летась Украіна прымала ўдзел у "Еўрабачанні" ў другі раз і...
перамагла.
Мы жадаем Анжэліцы гэтаксама прывезці перамогу ў нашу краіну.

Гутарыла Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.