"Еўра-вокны" з відамі на Беларусь

23.04.2005
"Культура", 23 красавіка 2005 г.


На працягу тыдня ў межах сваіх прома-тураў нашу краіну наведалі, адзін за адным, трое ўдзельнікаў "Еўрабачання-2005" - пасланцы Балгарыі, Кіпра, Літвы.
Група "Кафэ" з Балгарыі высгупіць на конкурсе з уласнай кампазіцыяй "Ларэйн": словы якой напісаў саліст гэтага квіктэта, складзенага выключна з прафесіяналаў, а музыку - бас-гітарыст калектыву.
Кіпрыёт Канстанцінас Хрыстафору, які ўжо тры гады жыве і працуе ў Грэцыі, паедзе на "Еўрабачанне" ажно ў трэці раз. Спачатку ён заняў на гэтым конкурсе 9-ую прыступку, праз шэсць гадоў, ужо ў складзе групы "Уан", 6-ую. I сёлета, зразумела, спадзяецца на далейшае ўзыходжанне - у тройку лідэраў з уласнай кампазіцыяй "Прыйдзі да мяне", напоўненай этнічнымі матывамі і заклікам да кахання. Дарэчы, "прыйшоў да нас" ён упершыню, але, калі верыць яго абяцанням, не ў апошні раз: напярэдадні "Еўрабачання" Канстанцінас збіраецца яшчэ раз завітаць у Беларусь, куды, да ўсяго, запрасіла яго наша Анжэліка, якая нядаўна сама наведвала Грэцыю. Ну, а працяг знаёмства беларускай публікі з творчасцю гэтага кампазітара, музыканта і спевака сам ён бачыць у запрашэнні: "Прыязджайце на Кіпр!"
Дадам, што фаны "Еўрабачання" выступілі з прапановай стварыць трыо з самых прывабных удзельнікаў конкурсу. I ўключыць туды, акрамя Канстанцінаса Хрыстафору, Анжэліку Агурбаш і Хелену Папарызу, з якой яго звязвае даўняе сяброўства. У адказ на гэта Канстанцінас пажартаваў: маўляў, сапраўды, калі мы аб'яднаемся, дык абавязкова выйграем, але ад якой краіны мы будзем выступаць?
Апошняе пытанне: "Ад якой краіны?" ніколі не паўставала перад літоўскай канкурсанткай Лаўрай і яе групай "Закаханыя". Хаця, у адрозненне ад Канстанцінаса, які пакажа ўласную песню, прадстаўнікі Літвы праспяваюць тую, што была замоўлена шведскім аўтарам і называецца "Крок за крокам". Рыхтуючыся да "Еўрабачання", Лаўра і яе "Закаханыя" нават змянілі свой стылёвы імідж, адмовіўшыся ад улюбёнага рока. Увогуле Лаўра лічыць, што "Еўрабачанне" каштоўнае не толькі імкненнем да перамогі, але і самой атмасферай маладосці, музыкі і свята, магчымасцю пашырыць кола прыхільнікаў і сяброў. I, вядома, павялічыць цікавасць у свеце да самой краіны.