"Еўрабачанне-2016" пройдзе ў Стакгольме

17.07.2015

"Звязда"

Еўрапейскі вяшчальны саюз канчаткова вызначыўся з датай і месцам правядзення наступнага, 61-га па ліку, міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні "Еўрабачанне". Музычнае спаборніцтва адбудзецца з 10 па 14 мая 2016 года ў сталіцы Швецыі.

За права прыняць конкурс спаборнічалі тры сцэнічныя пляцоўкі ў розных гарадах краіны: Стакгольме, Гётэборгу і Лінчопінгу. У выніку ж другі раз у гісторыі конкурс пройдзе на сцэне Globe Arena. Гэтая канцэртная і спартыўная пляцоўка, збудаваная ў 1989 годзе і разлічаная на 14-16 тысяч гледачоў, ужо прымала песеннае шоу ў 2000-м, пасля перамогі шведскай спявачкі Шарлоты Нільсан. Дарэчы, Globe Arena лічыцца найбуйнейшым у свеце сферычным будынкам і з’яўляецца адным з улюбёных турыстычных аб’ектаў у Стакгольме. Не дзіва, што менавіта тут пастаянна праходзіць фінал "Melodіfestіvalen" - шведскага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне".

"Стакгольм - вельмі музычны горад, ён сам - музыка, - падзялілася з журналістамі мэр горада Карын Вангард. - Творчасць вельмі блізкая нашым сэрцам, і гэта тое, што налета мы жадаем асабліва падкрэсліць, каб госці горада далучыліся да магіі шведскай музыкі".

У якасці магчымых вядучых 61-га песеннага конкурсу прадстаўнікі аргкамітэта называюць сёлетняга пераможцу, спевака Монса Зелмерлёва і галівудскага акцёра шведскага паходжання, героя баевікоў 90-х гадоў Дольфа Лундгрэна.

Нагадаем, прадстаўнік Швецыі Монс Зелмерлёў з песняй "Heroes" ("Героі") выйграў юбілейнае "Еўрабачанне", набраўшы 365 балаў і значна апярэдзіўшы найбліжэйшых сапернікаў з Расіі і Італіі. Усяго ж на рахунку краіны 6 перамог: у 1974, 1984, 1991, 1999, 2012 і 2015 гадах.

На дадзены момант жаданне ўзяць удзел у «Еўрабачанні-2016» выказалі ўжо 18 краін, уключаючы Турцыю і Украіну, таксама магчыма з’яўленне дэбютантаў - Ліхтэнштэйна і Косава. У Расіі, натхнёнай сёлетнім высокім вынікам спявачкі Паліны Гагарынай, таксама ўжо абмяркоўваюць кандыдатуру наступнага музычнага дэлегата. У нашай краіне арганізатар нацыянальнага адбору - Белтэлерадыёкампанія - па традыцыі пачне падрыхтоўку да конкурсу ў новым тэлевізійным сезоне.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.