Дзённікі конкурсу

21.05.2005
"Звязда", 21 мая 2005 г.


Ад "кахання ўначы" Еўропа адмовiлася. Не смяротна, але крыўдна
19 мая выдалася для беларускай дэлегацыi самым пахмурным днём за ўвесь час знаходжання ў Кiеве. I добра яшчэ, калi б сапсавалася толькi надвор’е. А што рабiць, калi да абсалютнага нуля падае настрой? З апошнiмi секундамi паўхвiлiннага галасавання мы затрымалi дыханне, чакаючы абвесткi, пад якiм нумарам трапiць у фiнал Беларусь. Вядучыя - Маша Ефрасiнiна i ды-джэй Паўло - па чарзе раскрывалi канверты, рабiлi радасна-здзiўлены выгляд i выкрыквалi на неблагой англiйскай назвы краiн-шчаслiўчыкаў.
"Нумар адзiн" - Венгрыя (ну, зразумела, палымяныя танцы хлапцоў з балетнай расцяжкай), далей Румынiя (урбанiстычнае шоу з барабанамi). Зразумела, Нарвегiя прадказальна - Малдова (бабуля Бунiка з малдаўскага сяла "парвала" залу). Як i чакалася, Iзраiль (прыгажуня Шыры, здаецца, усё ж прымусiць еўрапейцаў вучыць iўрыт). Спрэчна, на мой погляд, - Данiя (магчыма, Якаб Свейструп цудоўны настаўнiк, але яго спевы асабiста мяне чамусьцi не "чапляюць") i Македонiя (ну вельмi ж салодкi хлопец гэты Марцiн!). Поўная нацыянальнага каларыту Харватыя, падлеткава-нiмфетачная Швейцарыя (дарэчы, дзявочы бэнд "Vanilla Ninja" пагалоўна родам з Эстонii), знаходлiвая Латвiя (iлюстраваць песню мовай жэстаў - гэта, аказваецца, здорава)... Чакайце-чакайце! Усё?! Як - усё?! А дзе... Беларусь?! Мы што, не прайшлi???
Выходзiм, дакладней - стомлена выпаўзаем на вулiцу. Пасля аглушальных заключных акордаў паўфiналу цiшыня аглушае. Толькi тут разумеем, ШТО здарылася. А нiчога. Нiчога з таго, на што мы так спадзявалiся. Мы не ў фiнале. Канешне, гэта яшчэ не канец свету, скажаце вы, жыццё ж працягваецца. Але гэта, калi не змянiлiся правiлы "Еўрабачання" (пра што мы пастараемся даведацца як мага хутчэй), азначае дысквалiфiкацыю для Беларусi на год. У групы падтрымкi, якая сядзела ў зале, сумнымi былi не толькi вочы. Нават сцягi, здаецца, панiклi... Раней я не разумела футбольных фанатаў, якiя слёзна рыдаюць пасля пройгрышу любiмай каманды. Цяпер адчуваю прыкладна тое ж. Не, канешне, мы не бiлiся галавой аб падлогу, не рвалi на сабе чырвона-зялёныя маечкi. Але глядзелi на калег, якiя падыходзiлi выказаць спачуванне, так выразна, што яны палiчылi за лепшае беларусаў не чапаць. I правiльна зрабiлi. "Сястрычкi, славянкi!" - паспрабавалi суцешыць ахоўнiкi ў прэс-цэнтры. "Хлопцы, без каментарыяў!" - агрызнулiся мы.
"Што вы здзiўляецеся? Яшчэ тыдзень таму было вядома, што Беларусь у фiнал не пройдзе, - кажа нейкая ўкраiнская журналiстка. - Мне гэта дакладна сказаў адзiн з арганiзатараў. Вы што, не разумееце - на такiх конкурсах усё куплена!". Мы з прыкрасцю пераглядваемся: спасылаючыся на "сарафаннае радыё", зараз ужо можна гаварыць што заўгодна, абвiнавачваць аргкамiтэт у падтасоўцы вынiкаў галасавання, прад’яўляць прэтэнзii да Фiлiпа Кiркорава, Валянцiна Юдашкiна, Сяргея Зверава - паасобку i разам, прыплятаць палiтычныя матывы, дзейнасць "аранжавых нацыяналiстаў" i нават падкопы iншапланецян. Але змянiць нiчога не ўдасца.
Зрэшты, расчараванне беларускай дэлегацыi не выплюхвалася за яе межы. Наша гора заставалася выключна нашым. Анжэлiка трымалася малайцом. Дзесятка цяпер ужо фiналiстаў давала ў Доме Кiно прэс-канферэнцыю. Усiх канкурсантаў перакрычалi тэмпераментна-эпатажныя нарвежцы з гурта "Wig Wam", якiя зрабiлi са свайго троххвiлiннага звароту да прэсы сапраўдны перформанс. Ды яшчэ прымусiлi ўсiх астатнiх падпяваць "We well rock you". Малiст Глем заявiў, што перамогу адсвяткуе ў нумары... шклянкай малака. "Нiякага алкаголю, сэкс, малако i рок-н-рол!" - заахвочваў ён прыхiльнiкаў. Шмат увагi дасталося таксама малдаванам, прычым не самому фронтмену "Zdob shi Zdub" Раману, а бабулi Бунiцы, якая прыйшла разам з дзядулем, трымаючы букет папарацi, падораны аргкамiтэтам, i сабрала "групу падтрымкi" ў зале. Македонцы заiнтрыгавалi тым, што паабяцалi падабрацца "максiмальна блiзка да першага месца". Ну, смеласць, кажуць, гарады бярэ. Я са свайго боку вельмi хацела б паставiць на Наташу Падольскую, аднак пасля паўфiналу нi ў чым не ўпэўненая.
А ў Кiеве, мiж тым, набiрае моц таталiзатар. Акрамя спартыўнага iнтарэсу азартных iгракоў грэе яшчэ магчымасць атрымаць прыз ад кампанii "Samsung". Тым пяцярым, хто адгадае пераможцу фiналу, будуць урачыста ўручаны мабiльныя тэлефоны Х140 (гэта афiцыйны тэлефон "Еўрабачання"). Мясцовыя СМI таксама разгарнулi кампанiю "Адгадай пераможцу". А радавыя кiяўляне - яны, здаецца, ад конкурсу ўжо стамiлiся: рух транспарту часткова перакрыты, станцыя метро "Палац спорту" закрыта, цэны выраслi, таксiсты зусiм сумленне страцiлi... Хоць гэта, магчыма, толькi здаецца. А вам, шаноўныя чытачы, я прапаную не паленавацца ўключыць сёння тэлевiзар i прагаласаваць за Наташу Падольскую (нумар 20). Усё ж у Расiю ехаць на наступнае "Еўрабачанне" блiжэй, чым, скажам, у Грэцыю...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, Кiеў.

P.S. Чаму варта паглядзець фінал? Ну, хоць бы ўбачыць, як саліст малдаван распранецца на сцэне.