Дзякуй, што ацанілі!

08.10.2013
"Звязда", 8 кастрычніка 2013 г.


За Беларусь у Кіеве спяе выканаўца спартыўна-бальных танцаў.
Фінальны канцэрт Рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання" завяршыўся ў ноч на суботу, а страсці балельшчыкаў, мяркуючы па водгуках у інтэрнэце, віруюць дагэтуль. Дый зразумела: паўнамоцным прадстаўніком Беларусі на дзіцячым песенным конкурсе стаў зусім не лідар глядацкага галасавання і не той з удзельнікаў, каго найвышэй ацанілі суддзі. Паводле ўсё яшчэ нязвыклых новых правілаў, перамогу атрымаў канкурсант, які набраў найбольшую колькасць балаў па суме галасавання журы і гледачоў. Сёлета пашанцавала 11-гадоваму Ільі Волкаву з Мінска. Адметнасць сітуацыі ў тым, што Ілья ўжо ўдзельнічаў у дзіцячым "Еўрабачанні", і не далей як летась, але... у складзе падтанцоўкі Ягора Жэшкі.
Леташнія ўражанні ад конкурсу, як прызнаецца хлопчык, і падштурхнулі яго да таго, каб выйсці на сцэну зноў, але ўжо ў якасці выканаўцы ўласнай песні "Спявай са мной". Тым больш што Ілья і сам займаецца вакалам з 6 гадоў, цяперашні яго настаўнік - кіраўнік арт-групы "Беларусы" і студыі "Залатыя галасы" Валерый Шмат. Таксама рыхтавацца да адбору дапамагала Ільі спявачка і педагог Вольга Вронская, на "рахунку" якой ужо ёсць перамога Аляксея Жыгалковіча на дзіцячым "Еўрабачанні-2007".
Акрамя спеваў, Ілья Волкаў захапляецца спартыўна-бальнымі танцамі (што, уласна, было відавочна ў пастаноўцы яго нумара). Яшчэ адна немалаважная дэталь: педагогі характарызуюць хлопца як вельмі адказнага і дысцыплінаванага, да таго ж "ён умее ставіць сабе мэты і нічога не баіцца". Варта паглядзець толькі на конкурсную анкету, у якой Ілья, нібы прадчуваючы ўласны поспех, сказаў гледачам і журы: "Дзякуй, што ацанілі мяне!". Цяпер застаецца толькі, каб на дзіцячым "Еўрабачанні-2013" публіка і суддзі ацанілі беларускага падлетка не горш, чым на радзіме.

То ўдзельнікі губляліся, то мікрафон адключаўся

Іду ў заклад, што падчас выступленняў канкурсантаў гледачы не ўяўлялі сабе, што яшчэ за пару гадзін да эфіру ўсё ў юных артыстаў атрымлівалася далёка не так гладка.
Харэограф Вольга Шамрова некалькі разоў "праганяла" танцавальны нумар на пачатку шоу, але ніяк не магла дабіцца сінхроннасці ад удзельнікаў. "Больш бадзёры крок! Вочы - не ў падлогу, а ў камеру, вы ж вітаеце гледачоў!" - камандаваў рэжысёр, пакуль групы падтрымкі непрыхавана пазяхалі. І, з аднаго боку, рабілася вельмі шкада ўдзельнікаў - усё ж дзеці правялі ў студыі Белтэлерадыёкампаніі практычна без выхаду некалькі дзён, а з другога - гэта яшчэ кветачкі, умовы на самім дзіцячым "Еўрабачанні" будуць куды цяжэйшымі, таму папярэдняя загартоўка не перашкодзіць.
- О, знаёмыя ноткі! І танцавальныя рухі. Гэта ж "Sоlауоh" Ланской - адзін у адзін! - чуваць за спінай ацэнка некаторых нумароў. Зрэшты, эмацыйныя выказванні дазвалялі сабе толькі бацькі і балельшчыкі, педагогі ж сачылі толькі за сваімі выхаванцамі, каб у тых усё атрымалася, як задумана.
Атрымлівалася ж, як на тое, далёка не ўсё і не ва ўсіх. У Ані Зайцавай наогул падчас выступлення адключыўся мікрафон. Да гонару дзяўчыны, яна не разгубілася, паказала знакамі рэжысёрскай групе, у чым праблема, і прадоўжыла нумар. Сапраўдная артыстка! "Не тушуемся, не губляемся, - пракаментавалі здарэнне пастаноўшчыкі, - нават калі, цьфу-цьфу, падобнае адбудзецца падчас эфіру, вам вынесуць іншы мікрафон, пажартуюць і запусцяць нумар наноў".
Капрызы тэхнікі адчула на сабе і вядучая канцэрта Алена Ланская, прадстаўляючы сваю новую песню. "Я зусім сябе не чую ў маніторах, можна з гэтым нешта зрабіць?!" - нервова пыталася заслужаная артыстка ў гукарэжысёраў. Тыя (пабурчэўшы, што дзеці выступаюць у аналагічных умовах, і нічога, спраўляюцца) падкруцілі нейкія чароўныя кнопкі і рычажкі і сітуацыю выправілі.
А самым складаным для пастаноўшчыкаў было... сабраць удзельнікаў для фінальнага выхаду перад "абвяшчэннем вынікаў". Замест 10 салістаў на сцэне чамусьці было то 6, то 9. "Згу?біцеся падчас эфіру - і не даведаецеся, што перамаглі менавіта вы", - пажартаваў нехта з рэжысёрскай групы, пакуль вядучыя віншавалі і абдымалі ўяўнага пераможцу "Іван-Іваныча"...

Пра каханне - у 12 гадоў

- Што, уражвае? - усміхнулася кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адбору Людміла Барадзіна. - У мяне за гады працы з дзіцячым "Еўрабачаннем" з'явілася прыкмета: калі на рэпетыцыях усё ідзе гладка, то падчас эфіру абавязкова будуць праблемы, і наадварот, чым больш памылак на прагонах, тым больш спакойна пройдзе само шоу. Так што ўсё ідзе нармальна. 

- У нас з калегамі склалася ўражанне, што дзіцячы конкурс сёлета зусім ужо і не дзіцячы - ні па змесце песень, ні па нумарах удзельнікаў...
- Арганізатары міжнароднага конкурсу самі далі такую ўстаноўку. Яшчэ два гады таму на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый ішла гаворка аб тым, каб зрабіць конкурс больш тынэйджарскім, падлеткавым. Таму і ўзроставыя рамкі для ўдзельнікаў, як бачыце, пасунуліся.

- І дарослых "фішак" у выступленнях стала больш.
- Не без таго, - пагаджаецца Людміла Барадзіна. - Паколькі тэлеіндустрыя не стаіць на месцы, усе шукаюць новыя відовішчныя хады. І гэта добра, калі сама песня дазваляе іх здзейсніць. Адзіны мінус - не ўсе бацькі і педагогі ўсведамляюць, што песня мусіць адпавядаць характару і ўзросту дзіцяці, яго ўнутранаму "я". Мне кажуць: бывае ж каханне і ў 12-13 гадоў. Не спрачаюся. І ў дзіцячым садку бывае, але ж яно зусім інакш адчуваецца, чым у дарослых.

Канкурсанты сапраўды праз аднаго і нават часцей уражвалі пастановачнымі знаходкамі: у Данаі Шаршавіцкай адбівалі рытм чачотачнікі, Ксенія Церашонак нават пераапранулася на сцэне. Падтанцоўка Руслана Асланава ў прамым сэнсе ззяла - святлодыёднымі касцюмамі, нумар Ігара Мураўкіна ўпрыгожыла мадэль зямнога шара і дзяўчынка ў касцюме анёла, а ўражанні ад песні Ані Зайцавай узмацнялі пясочныя карціны. Дарэчы, апошняй дзеля рэалізацыі гэтай задумы давялося шукаць памочнікаў ажно ў Брэсце. Дакладней, у студыі "Міражы" вёскі Чэрні Брэсцкага раёна, выхаванцы якой авалодалі мастацтвам пескаграфіі.
Удача, як мы бачылі, усміхнулася ў выніку Ільі Волкаву, які, атрымаўшы 10 балаў ад гледачоў і 8 ад журы, стаў пераможцам нацыянальнага адбору. Зусім крыху не хапіла да яго выніку Ані Зайцавай, якая набрала ў сукупнасці 17 балаў і заняла 2-е месца. Пераможца па версіі журы Ігар Мураўкін стаў толькі трэцім у выніковай табліцы, а лідар глядацкага галасавання Ангеліна Піпер набрала ў суме 13 балаў і апынулася на 4-м месцы. А што вы хочаце - менавіта так працуе новая сістэма галасавання на "Еўрабачанні". І прадказаць яго вынікі, а таксама спадзявацца на суседскае галасаванне, сёлета зусім немагчыма. Яно і да лепшага - тым цікавей будзе глядзець!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.