Дзве Дыяны, дзве Алiны, дзве Дар'i

04.06.2008
"Звязда", 4 чэрвеня 2008 г.


i яшчэ шасцёра маленькiх артыстаў аспрэчаць права прадставiць Беларусь на дзiцячым "Еўрабачаннi"
1 чэрвеня ў эфiры Першага канала i "Беларусь-ТБ" адбыўся паўфiнал Рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання". Да асенняга гала-канцэрта дапушчана роўна палова з 20 канкурсантаў. Прычым, як лiчыць журы, гэта лепшая палова з найбольш яскравымi i пераканаўчымi нумарамi. Але i фiналiсты таксама атрымалi пэўныя заўвагi ад прафесiяналаў. Як расказала выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД" Людмiла Барадзiна, некаторым выканаўцам будзе рэкамендавана дапрацаваць аранжыроўку, камусьцi - змянiць сцэнаграфiю, а камусьцi давядзецца цалкам памяняць касцюмы.
Што адметна, упершыню ў фiнал трапiлi прадстаўнiкi ўсiх абласцей Беларусi. Таму ва ўсiх тэлегледачоў будзе асаблiвы стымул глядзець гала-канцэрт i падтрымлiваць сваiх землякоў - паводле правiлаў, нагадаем, пераможцу рэспублiканскага адбору выбiраюць сумесна гледачы i журы. Пакуль жа большасць музычных балельшчыкаў адпраўляецца на канiкулы, а ў юных артыстаў i iх педагогаў ёсць час, каб давесцi да ладу конкурсныя выступленнi.
У геаграфiчным сэнсе гала-канцэрт Рэспублiканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання" будзе выглядаць наступным чынам. Мiнск прадставяць Кiрыл Ермакоў i Дар'я Сарока, Гомель i вобласць - Громава Дыяна i Журовiч Мiкiта, Гродна - Гузiно Дыяна i Стэльмах Аляксандра. Усяго па адным прадстаўнiку будзе ў Магiлёва - Мошчанка Алiна, Вiцебска - Кузняцова Серафiма i Брэста - Сасуноў Мiхаiл. Кампанiю сольных выканаўцаў разбавiць "iнтэрнацыянальнае" дзявочае трыо: Надзiна Дар'я (Мiнск), Жуковiч Карына i Молаш Алiна (Брэсцкая вобласць, Баранавiчы i Iвацэвiчы). Па чутках, падрыхтоўкай дзяўчат займаецца не хто-небудзь, а мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва iмя Ул. Мулявiна Святлана Стацэнка, вучнi якой двойчы адзначалiся на "Еўрабачаннi". Але цi так гэта, i цi акажацца "мазырская школа" мацнейшай за iншыя, даведаемся толькi ў вераснi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.