Дзмітрый Карась: "Калі прыязджаю ў вёску - пра апельсіны не думаю"

29.01.2016

"Звязда"

У дзяцінстве ён марыў быць пажарным, але атрымаў адукацыю харэографа. А потым з'явілася праца на тэлебачанні, дзе ён паспрабаваў сябе і як вядучы навін, і ў такіх праектах, як "Імперыя песні", "Танцуюць усе", "Добрай раніцы, Беларусь!". Калі ўсе творчыя планы, як яму здавалася, былі здзейснены, наш герой пераключыўся на будаўніцтва дома. І накіраваўся ў вёску... Ці не расчараваўся ён, з'ехаўшы з горада? Была гэта звычайная паўза ці новая магчымасць кардынальна змяніць жыццё? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі вядучаму праграмы "Тэлебарометр" ("Беларусь 2") Дзмітрыю Карасю падчас сустрэчы.

- Ваш пераезд у вёску ўжо даўно не навіна. Але здзіўляе тое, што там вы займаецеся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў для насельніцтва...

- Усё гэта яшчэ развіваецца. Ідэя арганізоўваць канцэрты з'явілася адразу, як толькі пераехаў у вёску. Бо да мяне пачалі прасіцца ў госці сябры, артысты, тэлевядучыя. І я падумаў: а што ж яны проста так будуць прыязджаць? Зразумела, я заўсёды рады іх бачыць, гутарыць з імі. Але мне хацелася, каб з гэтымі людзьмі пазнаёміліся яшчэ і мае аднавяскоўцы, і людзі з суседніх вёсак. Тады і ўзнікла ідэя ладзіць розныя мерапрыемствы. Адкрыў серыю канцэртаў Віталь Карпанаў з групай "Дразды". Потым быў у нас вечар шансона. Затым прыязджаў шоу балет "Феерыя". Нам нават не верылі напярэдадні, што ў вёску прыедзе такі калектыў. Была ў нас творчая сустрэча са Святланай Бароўскай. Паколькі яна не спявачка, то людзі напярэдадні цікавіліся, як усё будзе праходзіць. Сустрэча доўжылася без перапынку дзве гадзіны. Цікава было і гледачам, і самой Святлане, бо такі фармат зносін для яе нязвыклы. Шостага лютага мы зноў рыхтуемся правесці вечар шансона - настолькі спадабалася тое, што мы ўжо рабілі. Зараз паедзем туды з пашыраным складам артыстаў. Па даце гэта прыпадае якраз на вечар сустрэчы выпускнікоў, таму, думаю, шматлікая аўдыторыя збярэцца. Наперадзе - сустрэча з цыганскім ансамблем "Алюр". А вясной адзначым 15-годдзе беларуска-літоўскага цэнтра, у якім праходзяць нашы мерапрыемствы. Плануем зрабіць яго грандыёзнае ўшанаванне. Вельмі прыемна, што гэты клуб "ажыў", таму што раней усё знаходзілася ў "спячым" рэжыме... Я, можа, і хацеў бы крыху зменшыць свой тэмп, але пакуль не магу.

- Як прынялі вас на новым месцы суседзі?

- Я там пакуль што наездамі, але, здаецца, ужо ўвесь раён у курсе, з кім яны жывуць па суседстве. Спачатку пра мяне ведалі толькі асобныя людзі. А цяпер заўважаю па рэакцыі ў краме ці ў падарожжах па навакольных вёсачках, што людзі пазнаюць мяне. Не так даўно са мной у вёсцы здарылася непрыемная гісторыя - скралі інструменты з гаспадарчай пабудовы. І ўжо на наступны дзень мне тэлефанавалі з суседняй вёскі, а потым і з Мінска людзі, каб спытаць, што здарылася.

Навіна абрастала чуткамі: маўляў, шмат усяго скралі, але я хацеў бы запэўніць, што нічога каштоўнага ў маім доме няма. Там у большасці ўсё зроблена сваімі рукамі і рэчы не дарагія, таму выносіць няма чаго.

- Увогуле ў вёсцы ўсе адзін аднаго ведаюць. Адносіны па-рознаму складваюцца, але пры неабходнасці, калі захочаш атрымаць параду, табе ніхто не адмовіць.

- Вы адзначалі неаднаразова, што вам важна стварыць камфортныя ўмовы жыцця. Чаго яшчэ не хапае для поўнага шчасця?

- Мару зрабіць тэрасу, дзе будзе магчымасць размясціцца з кампаніяй. Магчыма, з часам зраблю кавярню для вячорак з сябрамі.

- Вы чалавек, які любіць прысутнасць гасцей, або аддаяце перавагу цішыні і адзіноце?

- Гасцей люблю. Але апошнім часам з тымі з іх, каму палюбілася гэтае месца, я заводжу гутарку пра тое, каб, можа, яны мне ў нечым дапамагалі, калі прыязджаюць. Хаця б лісце ў садзе прыбраць. І калі людзі адмаўляюцца, то мне такая пазіцыя крыху не зразумелая, таму што атрымліваецца, я наводжу прыгажосць, а людзям нічога не цікава, акрамя лазні і шашлыкоў. Але ўсе ўжо ў курсе такой маёй "палітыкі" і просяцца ў госці часцей тады, калі настроены хоць нешта зрабіць.

- Ведаю, што і на градах вы любіце працаваць. Ці багатым быў ураджай у мінулым годзе?

- Летась у мяне град мала было. Вырошчваў моркву, буракі, зяленіва, жоўтыя памідоры чэры, якія ўсім сябрам вельмі падабаюцца. Спрабаваў таксама неяк кавуны пасадзіць, але яны не прыжыліся. Потым да нас на праграму "Тэлебарометр" прыходзіў адзін біёлаг, які патлумачыў мне ўсе мае памылкі. Цяпер хачу зрабіць чарговую спробу.

- Акрамя магчымасці пачуць парады, чым яшчэ карысная для вас праца ў "Тэлебарометры"?

- Па-першае, адкрыў для сябе шмат новага і цікавага, калі набыў кнігі вядомага этнакультуролага Івана Крука па народнай культуры. Мы, дарэчы, у праграме нават аб'явілі конкурс сярод тэлегледачоў, хто найбольш дакладна прадкажа па народных прыкметах надвор'е ў сакавіку. Бо ў нас, аказваецца, ёсць шмат людзей, якія любяць назіраць за прыродай і прагназаваць... Яшчэ дзякуючы праекту я пачаў спяваць. Ёсць ужо дзве песні пра надвор'е і карасіка, а ў найбліжэйшай будучыні можна будзе пачуць дуэт з маім удзелам пра каханне і рэўнасць. Калі ўсё атрымаецца, то, можа, і ў ратацыю на радыё аддадзім альбо кліп здымем.

Цікава, а ў вашым жыцці ёсць месца каханню і рэўнасці? Ці знойдзена ўжо прэтэндэнтка на ролю гаспадыні ў доме?

- Як жа без гэтага? Другая палавінка ёсць, але мы не спяшаемся звязваць сябе штампамі ў пашпарце. І ў вёску яна не вельмі хоча пераязджаць.

А значыць, у мяне ёсць месца, дзе магу пабыць у адзіноце, а потым зноў вярнуцца да вірлівага жыцця, стасункаў. Пакуль што нам так камфортна.

- Калі вы толькі купілі зямлю і рыхтаваліся да перамен у жыцці, то казалі, што такое імкненне абумоўлена жаданнем схавацца ад гарадской мітусні. Цяпер нешта змянілася?

- Усё па-ранейшаму. Калісьці мне здавалася, што ў адзіноце я не магу больш за дзве гадзіны прабыць, а тут сам сабе здзіўляюся. Зімой, праўда, там не так шмат заняткаў - снег чышчу, у печцы палю і кніжкі чытаю. А ўлетку некалькі дзён магу нешта рабіць - і час пралятае незаўважна. Нават па тэлефоне не хочацца размаўляць. Як і раней, лічу, што менавіта ў вёсцы па-сапраўднаму можна адчуць паўнату жыцця. Я, калі вяртаюся адтуль і выходжу з электрычкі, то шчыра здзіўляюся: як людзі некуды спяшаюцца, жывуць па схеме "дом - праца"... А ў вёску прязджаеш - навокал цішыня, птушкі спяваюць, за прыродай назіраеш, табе заяц дарогу перабягае, зоркамі колькі хочаш можна любавацца...

- Які мінімум вам патрэбен, каб жыць там?

- Мне мала што патрэбна. Напрыклад, калі гаварыць пра ежу, то ў горадзе мне і на сняданак, і на абед, і на вячэру хочацца нейкую новую страву. А ў вёсцы дастаткова зварыць бульбы, дастаць капусты квашанай са склепа і лустачку сала адрэзаць.

Седзячы ля печы, ні пра якія апельсіны не думаеш. Задавальненне атрымліваеш ад малога, і гэта радуе.

- Калі казаць пра рэчы, то раней, гадоў 15 таму, мне хацелася набыць сабе штосьці з адзення, а цяпер найперш думаю пра тое, што патрэбна для дома.

Увогуле змянілася маё стаўленне да многіх рэчаў. Раней прысутнічала жаданне некага здзівіць, а цяпер падабаецца назіраць, ствараць. І нават атрымаўшы запрашэнне на нейкае мерапрыемства, я некалькі разоў падумаю, перш чым прыняць рашэнне.

- Можа, гэта мудрасць, якая прыходзіць з узростам?

- Напрыканцы мінулага года я адзначыў сваё 40-годдзе. Бывае, гляджу савецкія фільмы з героямі прыкладна майго ўзросту (яны выглядаюць вельмі дарослымі) і думаю: няўжо і я такі? Потым гляджу ў люстэрка і разумею, што не падобны да іх. А галоўнае, унутры адчуваю сябе значна маладзейшым. Безумоўна, прысутнічаюць моманты апатыі, але я гэта спісваю на ўплыў зімы. І, як многія, чакаю надыходу вясны, каб усё зноў ажыло, завіравала, каб з'явіліся новыя пачуцці, эмоцыі і цікавыя праекты.

Алена ДРАПКО.