Дзiцячы конкурс - дарослы выбар

27.09.2005
"Звязда", 27 верасня 2005 г.


Другi год запар ад Беларусi на "Еўрабачанне" паедзе прадстаўнiк Мазыра
Не ведаю, для каго як, а для мяне асабiста перамога 10-гадовай мазыранкi Ксенii Сiтнiк у фiнале нацыянальнага адборачнага конкурсу на дзiцячае "Еўрабачанне" нечаканасцю не стала. Пасля блiскучай перамогi на сёлетнiм "Славянскiм базары ў Вiцебску", як прызналася сама дзяўчынка, яна не магла не прыняць удзел у конкурсе "Песня для Еўрабачання".
Старанная падрыхтоўка, "раскручанасць" iмя, амаль прафесiянальнае адчуванне сцэны плюс, безумоўна, яркi голас - i вось вам: 6497 глядацкiх галасоў як з куста! Да таго ж кампетэнтнае журы на чале з народным артыстам, прафесарам Васiлём Раiнчыкам таксама прызнала песню юнай спявачкi лепшай з 10 фiналiстаў. Так што па суме двух вынiкаў Ксенiя законна атрымала тытул пераможцы i права прадстаўляць Беларусь на Мiжнародным дзiцячым конкурсе песнi "Еўрабачанне-2005" 26 лiстапада ў Хасельце (Бельгiя).
У актыве Ксенii Сiтнiк цяперашняя перамога, нават калi не ўлiчваць Гран-пры ў Вiцебску, усё адно не першая. Дзяўчынка паспела таксама паўдзельнiчаць i атрымаць першыя прэмii на мiжнародным фестывалi "Ззянне зорак" у Санкт-Пецярбургу i фэсце "Вясновы зарапад" у польскай Новай Рудзе. Па жыццi ж Ксенiя любiць танчыць, маляваць, плаваць. I спяваць, само сабой. "Мама спявае, сястра спявае i мне давялося", - жартуе выхаванка ўзорнай студыi эстраднага спеву "ЮМЭ’С". У школе найбольш старанна Ксенiя вывучае матэматыку i прадмет "Радзiма мая - Беларусь". Марыць з’ездзiць у Венецыю, якую дагэтуль бачыла толькi па тэлевiзары. Марыць стаць спявачкай, калi вырасце. I, калi ўжо выпадзе такая магчымасць, хацела б нешта праспяваць з Пятром Ялфiмавым, Антонам Зацэпiным, за мяжой - з Джэнiфер Лопес. А што? I спяе калi-небудзь. Калi такiмi тэмпамi будзе ўсяго задуманага дасягаць - абавязкова спяе...
Дарэчы, блiжэйшыя "канкурэнты" - мазыране Мiхаiл Лiла i Палiна Ждановiч - набралi ўсяго 2096 галасоў, утрая менш, чым Ксенiя. За Iрыну Кулагiну з Лепеля i мiнчанiна Вадзiма Дудаладава, якiя фактычна падзялiлi трэцяе месца, паступiла крыху менш за 1500 галасоў. На жаль, старшыня журы не абвясцiў, каго на 2-е i 3-е месцы паставiлi прафесiяналы, так што выбар суддзяў i гледачоў параўнаць не ўдалося. Але затое абсалютна ўсе фiналiсты атрымалi падарункi ад аргкамiтэта - гэта па-першае. А па-другое, старшыня Белтэлерадыёкампанii Уладзiмiр Мацвяйчук выказаў меркаванне, што юныя "зорачкi" будуць запатрабаваныя на тэлебачаннi ў розных дзiцячых праектах. Нiбыта ў якасцi жывога доказу гэтых слоў, гала-канцэрт "Песнi для Еўрабачання" вялi першая беларуская ўдзельнiца дзiцячага "Еўрабачання" Вольга Сацюк (2003 год, 4-е месца) i другi ўдзельнiк Ягор Ваўчок (2004 год, 14-е месца).
Паводле слоў старшынi журы Васiля Раiнчыка, iншыя краiны-ўдзельнiцы пакуль не вызначылiся са сваiмi прадстаўнiкамi - аднак як толькi гэта адбудзецца, мы адразу ж атрымаем аўдыё- i вiдэазапiсы выступленняў. Беларусь жа прадставiць усе матэрыялы ў бельгiйскi аргкамiтэт не пазней чым 12 кастрычнiка, так што часу на дапрацоўку i пераафармленне конкурснай песнi "Мы вместе" засталося зусiм нямнога - крыху больш чым 2 тыднi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.