Дзiцячая праграма "Наша пяцёрачка" падрасце

03.03.2009
"Звязда", 3 сакавіка 2009 г.


Пачынаючы з сакавiка, павялiчыцца ўзрост удзельнiкаў хiт-параду праграмы - прадстаўляць свае клiпы i спаборнiчаць за галоўны прыз, прафесiйныя здымкi новага клiпа, змогуць юныя артысты ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. (Раней узрост удзельнiкаў абмяжоўваўся 6-13 гадамi).
"Праграма ў эфiры iснуе тры гады, натуральна, што i ўдзельнiкi хiт-параду, i яго вядучыя падраслi. Гэтаксама падрасла i аўдыторыя праграмы, - тлумачыць перамены загадчык аддзела падрыхтоўкi праграм для дзяцей i юнацтва Белтэлерадыёкампанii Алена Будрыцова. - Таму мы вырашылi абнавiць змест i афармленне "Нашай пяцёрачкi". Абноўлены праект стане, па задуме яго стваральнiкаў, больш дынамiчным - за паўгадзiны максiмальную колькасць навiнаў пастараюцца даць вядучыя i журналiсты. Знаёмiць з iмi па-ранейшаму будзе ўладальнiк другога месца на дзiцячым "Еўрабачаннi-2006" Андрэй Кунец, а вядучай усёй праграмы застанецца пераможца дзiцячага "Еўрабачання-2005" Ксенiя Сiтнiк. А вось цацачных герояў праграмы - двух забаўных пушыстых катоў, якiя каментавалi размовы вядучых i гасцей - на жаль, вырашана пакуль што адправiць у водпуск.
Першы выпуск абноўленай "Нашай пяцёрачкi", паведамiлi ў прэс-службе БТРК, выйшаў у эфiр ужо 1 сакавiка.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.