Дзiцячае "Еўрабачанне": на дарослых - не раўняцца!

06.06.2009
"Звязда", 6 чэрвеня 2009 г.


1 чэрвеня, у Мiжнародны дзень абароны дзяцей, у эфiры Першага тэлеканала i мiжнароднага спадарожнiкавага канала "Беларусь-ТБ" адбыўся паўфiнальны канцэрт рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання". Журы па яго вынiках назвала iмёны фiналiстаў, якiя ўжо ў вераснi гэтага года будуць спаборнiчаць за пуцёўку ў Кiеў i права быць прадстаўнiкамi Беларусi на чарговым дзiцячым "Еўрабачаннi".
3 19 выканаўцаў прафесiйнае журы адабрала 10. Найбольш прадстаўнiчай у вынiку ў фiнале будзе каалiцыя юных артыстаў з Мiнска i вобласцi: гурт "РоКi" (Раман Волазнеў i Кiрыл Ермакоў) - "Толькi наперад!", Юрый Дземiдовiч - "Чароўны трусiк", Кацярына Мяжэнная - "Толькi любоў" (усе - Мiнск) i Злата Ларчанка - "Баба-Яга 2009" (г.Дзяржынск, в/г.Станькава). Канкурэнцыю iм складуць прадстаўнiкi Гродна: Магамед Асланаў - "Цiк-так", Дыяна Гузiно - "Мару лятаць", Дар'я Шульгiна - "Вогненныя ноты"; Магiлёва: Кацярына Мурашка - "Дзень нараджэння", Палiна Клiшкова - "За зоркай" i, нарэшце, Гомеля: Дыяна Громава - "Эй, хлопчыкi i дзяўчаты". За каго будуць перажываць у фiнале гледачы з Брэстчыны i Вiцебшчыны, пакуль невядома.
У прынцыпе, адбор на дзiцячае "Еўрабачанне" ў нас штогод iдзе па накатанай i нiякiх скандалаў наконт прапанаваных нумароў цi там неаб'ектыўнасцi выбару не прыносiць. Аднак сёлета здарылася дзiўнае: амаль тыдзень пасля канцэрта не сцiхаюць яго абмеркаваннi, iнтэрнэт-форумы гудуць i спрачаюцца. Адны пераконваюць, што дарослых беларускiх выканаўцаў даўно пара вадзiць на майстар-класы да дзяцей - няхай павучацца, як рабiць шоу; iншыя лiчаць, што сёлета дзецi, наадварот, набралiся найгоршых узораў ад дарослых, i некаторыя выступленнi "парвалi мозг" гледачоў... А мо публiка нарэшце зразумела, што артыст, у тым лiку i пераможца "Еўрабачання", не нараджаецца раптам, што здольнасцi i талент выразна праяўляюцца яшчэ ў дзяцiнстве, i цяпер спрабуе разгледзець у эстрадных юнiёрах будучых вялiкiх зорак?
Зрэшты, у гледачоў яшчэ будзе магчымасць сказаць сваё слова - пераможца нацыянальнага адбору па традыцыi будзе вызначацца сумесным галасаваннем журы i гледачоў. А як самi арганiзатары расцэньваюць такую цiкавасць да сёлетняга конкурсу?
Людмiла Барадзiна: "паўфiналiсты нацыянальнага адбору дзiцячага "Еўрабачання" - усе пераможцы!"
Выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД" Людмiла Барадзiна курыруе дзiцячы конкурс з 2003 года, калi Беларусь толькi пачала ўдзельнiчаць у iм, таму як нiхто iншы мае права судзiць нацыянальны адбор i яго ўдзельнiкаў - i, як нiхто iншы, робiць гэта з максiмальнай далiкатнасцю: усё ж гаворка iдзе пра дзяцей... 
- Мне здаецца, што кожны год у нас ёсць яркiя зорачкi, i год на год не падобны: у адным адборы больш гучыць песень у стылi дыска, налета - у стылi R'-n-B'. Радуе, што нашы дзецi слухаюць многа рознай музыкi i адчуваюць кiрунак, у якiм трэба працаваць. З iншага боку - на жаль, ёсць паўторы, таму мне хочацца нагадаць бацькам i педагогам - не трэба нiкога кланiраваць, паўтараць пройдзенае. Кожнае дзiця iндывiдуальнае, цiкавае, i трэба шукаць свой вобраз, а не капiраваць Ксюшавы хвосцiкi цi жвавую энергiю хлапчукоў, якiя ў нас былi.
Што яшчэ мяне насцярожвае - наша стаўленне да конкурсу. У мiжнародных правiлах ёсць радок, упiсаны ў раздзел "этычныя правiлы", - аб тым, што падчас правядзення конкурсу трэба памятаць: гэта не жорсткае спаборнiцтва за перамогу, а вялiкае агульнае свята, дзе ты прадстаўнiк сваёй краiны. Хочацца нагадаць усiм удзельнiкам таго ж паўфiнальнага канцэрта: вам ужо выпаў шчаслiвы бiлет, бо вас бачыла ўся Беларусь, ды i iншыя краiны. Далёка не ва ўсiх дзяцей ёсць магчымасць выступiць у прайм-тайм на тэлебачаннi, у кагосьцi гэта абмяжоўваецца школьнай сцэнай цi ДК у родным горадзе... Хтосьцi на тэлеканцэрце змог справiцца з хваляваннем, кагосьцi гэта нават падбадзёрыла, а нехта выступiў крыху горш, чым на папярэднiх рэпетыцыях, - што ж, бывае. Але юны артыст не стаў ад гэтага няўдачнiкам, толькi набыў сцэнiчны вопыт - няхай спрабуе далей, яшчэ i яшчэ. А бацькоў заклiкаю не рэагаваць так хваравiта на вынiкi адбору. Гэта не паражэнне, а першая перамога! І цяпер ад бацькоў, педагогаў, а ў большай ступенi ад мясцовых аддзелаў культуры i адукацыi, якiя нам таксама вельмi дапамаглi ў арганiзацыi, залежыць, каб на гэтым усё не скончылася, каб таленавiтых дзяцей працягвалi падтрымлiваць у iх раёнах i абласцях, каб гэтыя артысты раслi i развiвалiся. 
- Цi ёсць сярод фiналiстаў тыя, каму журы парэкамендавала штосьцi змянiць у нумары?
- Так, ёсць людзi, якiм спецыялiсты будуць раiць памяняць нават цалкам усю пастаноўку. Ёсць некаторыя пытаннi па касцюмах, па танцавальным суправаджэннi. А вось песнi мяняцца не будуць, гэта забаронена правiламi. Больш за тое - сёлета пераможца нацыянальнага адбору не зможа памяняць не толькi конкурсную песню, але i каманду - танцораў, бэк-вакалiстаў, якiя выступалi з iм на сцэне падчас адбору. Але дазволена дапрацоўваць харэаграфiю, дарослыя могуць дапамагчы з аранжыроўкай песнi.
Усе 19 паўфiналiстаў вельмi добрыя, у дзясятку фiналiстаў прайшлi найбольш моцныя, але i iм давядзецца няпроста: калi песня не раскрывае талент дзiцяцi, не выратуе нiякае шоу - у гэтым я ўпэўнена. 
- Апошнiм часам усе з асаблiвай цiкавасцю прыглядаюцца да дзiцячага "Еўрабачання", бо наша краiна падала заяўку на яго правядзенне ў 2010 годзе. Цi вядома, калi Еўрапейскi вяшчальны саюз прыме на гэты конт канчатковае рашэнне?
- Думаю, што рашэнне наконт дзiцячага "Еўрабачання-2010" будзе агучана ўжо ў вельмi хуткiм часе - магчыма, на працягу чэрвеня.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.