Дзiцячае Еўрабачанне грыпу не саступiла

19.11.2009
"Звязда", 19 лістапада 2009 г.


А беларуская дэлегацыя прывезла ў Кiеў добры настрой, прафiлактычныя сродкi i заечыя вушкі
У панядзелак у Кiеве афiцыйна распачаўся конкурсны тыдзень, якi завершыцца 21 лiстапада фiнальным шоу. Прадстаўнiкi ўсiх 13 краiн-удзельнiц занепакоена сачылi за развiццём эпiдсiтуацыi ва Украiне, але нiводная з краiн ад удзелу ў конкурсе не адмовiлася. Юныя артысты пазнаёмiлiся ўжо адно з адным i з пляцоўкай, на якой выступяць у суботу, наведалi вечарынку адкрыцця дзiцячага "Еўрабачання-2009" i запiсалi ўласныя вiдэапаштоўкi-прывiтаннi.

- Украiнскi бок паабяцаў паклапацiцца пра сур'ёзныя прафiлактычныя меры. Вы адчулi iх? - запыталiся мы ў выканаўчага прадзюсара тэлеканала "ЛАД" Людмiлы Барадзiной, якая знаходзiцца ў складзе беларускай дэлегацыi ў Кiеве.
- Збольшага мы самi прадугледзелi гэты момант, набылi i прывезлi з сабой пакет прафiлактычных сродкаў. Усе нашы хлопчыкi прымаюць iх кожны ранак, а таксама праходзяць агляд у доктара, выконваюць правiлы гiгiены i г.д. Арганiзатары, са свайго боку, прымаюць адпаведныя меры - але гэта не кiдаецца ў вочы i не адцягвае ад работы. Група ў марлевых павязках нас не сустракала, калi вы гэта маеце на ўвазе, - жартам заўважыла Людмiла Афанасьеўна. - У цырымонii адкрыцця "Еўрабачання" (яна транслявалася ў прамым эфiры на Першым украiнскiм тэлеканале) удзельнiчала ў тым лiку прэм'ер-мiнiстр Украiны Юлiя Цiмашэнка - таксама, як вы разумееце, без маскi.

Хоць эпiдэмiя грыпу ва Украiне працягваецца, але арганiзатары вырашылi не "ўразаць" культурную праграму для канкурсантаў. Напрыклад, учора юныя артысты адправіліся на аглядную экскурсiю па Кiеве, а потым правялі некалькi гадзiн у буйным забаўляльным дзiцячым цэнтры. Балельшчыкi ж сёння атрымаюць бясплатныя квiткi на фiнальны канцэрт у кiеўскiм Палацы спорту.
Нагадаем, адкрые дзiцячае "Еўрабачанне-2009" Швецыя, а завершыць - Македонiя. Беларускi прадстаўнiк Юра Дземiдовiч з новай "лiверпульскай чацвёркай" - выхаванцамі капэлы хлопчыкаў Рэспублiканскага музычнага каледжа Ванем Жыгалам, Данiiлам Чарняцовым, Уладам Барткевiчам i Макарам Казловым - выйдзе на кiеўскую сцэну з песняй "Чароўны трусiк" пад нумарам 12. Але яго ўжо цяпер называюць адным з фаварытаў конкурсу.
Дарэчы, сёлета беларуская дэлегацыя прывезла з сабой арыгiнальны прома-пакет, распрацаваны дызайнерам Ганнай Гарбачэўскай, - паштоўка-раскладушка, майка, дыск, а таксама клятчаста-футравыя заечыя вушкi, якiя выклiкаюць асаблiвае захапленне ва ўсiх без выключэння канкурсантаў.

Не праспi!
Прамая трансляцыя фiнальнага шоу з Кiева на Першым канале i "Беларусь-ТБ" пачнецца 21 лiстапада ў 21.15. Каментаваць конкурс будзе Дзянiс Кур'ян. Гонар абвяшчаць балы ад Беларусi выпаў вучанiцы 6-га класа сталiчнай лiнгвiстычнай гiмназii-каледжа №24 Арыне Аляшкевiч.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.