Дзiцячае Еўрабачанне адмяняць не плануецца?

05.11.2009
"Звязда", 5 лістапада 2009 г.


Пытанне аб мэтазгоднасцi пераносу конкурсу павiнна вырашыцца да канца тыдня
30 кастрычнiка Кабiнет Мiнiстраў Украiны ў сувязi з эпiдэмiяй грыпу прыняў пастанову аб трохтыднёвай забароне на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Пад пагрозай адмены апынулiся адразу некалькi падзей - футбольныя матчы памiж нацыянальнымi зборнымi Украiны i Грэцыi, кiеўскага "Дынама" - мiланскага "Інтэра", а таксама дзiцячае "Еўрабачанне-2009", адкрыццё якога ў Кiеве было запланаванае ўжо на 15 лiстапада. Занепакоеныя арганiзатары звярнулiся ў Мiнiстэрства аховы здароўя Украiны i ў Сусветную арганiзацыю аховы здароўя па рэкамендацыi: цi мэтазгодна ўвогуле праводзiць мiжнародны дзiцячы песенны конкурс, улiчваючы эпiдэмiю грыпу? Канчатковае рашэнне, якога з нецярпеннем чакаюць 13 дэлегацый краiн - удзельнiц конкурсу, павiнна быць агучана ў найблiжэйшыя днi.

- Нiякага афiцыйнага пацверджання таго, што конкурс будзе адменены, у мяне няма, - расказала куратар дзiцячага "Еўрабачання" ў Беларусi Людмiла Барадзiна. - Думаю, пытанне аб адмене ўсё ж не стаiць - вы цудоўна разумееце, што такога кшталту мiжнароднае шоу рыхтуецца не адзiн тыдзень, набываецца дарагая апаратура, дэкарацыi, укладваюцца каласальныя сродкi, таму адмяняць конкурс камерцыйна нявыгадна. Цi будуць яго пераносiць - на гэты момант цяжка сказаць, арганiзатары прапрацоўваюць усе варыянты.

Нават калi ўсё пойдзе па ранейшых планах, выклiкае хваляванне здароўе дзяцей-канкурсантаў. Ад Беларусi разам з Юрам Дземiдовiчам нумар пра "Чароўнага трусiка" рыхтуюць яшчэ чацвёра хлапчукоў ва ўзросце ад 10 да 13 гадоў. Нiхто з iхнiх бацькоў не спалохаўся чутак i не адмовiўся адпускаць сваё дзiця ў Кiеў.

- А прышчэпкi хлопцам рабiць не плануеце?
- Перш чым рабiць прышчэпку, трэба дакладна ведаць, ад якога тыпу вiрусу патрэбна вакцына i цi ёсць яна ўвогуле ў нашай краiне. Каб нехта абавязкова патрабаваў прышчэпак, такога не было. Акрамя ўсяго iншага, з намi на конкурс заўжды едзе доктар i вязе цэлую валiзку лекаў. I незалежна ад таго, ёсць эпiдэмiя цi няма, нашы ўдзельнiкi штодня праходзяць медагляд.

Дарэчы, усе беларускiя ўдзельнiкi дзiцячага "Еўрабачання" перахварэлi ўжо - праўда, не на грып, а на ВРВI. Не да канца ачуняў толькi Улад Барткевiч, але педагогi спадзяюцца, што ў пятнiцу i ён зможа далучыцца да рэпетыцый.
...Нягледзячы на ўсе цьмяныя перспектывы i песiмiстычныя прагнозы наконт конкурсу, жыццё працягваецца. Напярэдаднi афiцыйнага фiналу "Еўрабачання", 19 лiстапада, у Юры Дземiдовiча дзень нараджэння. "Ведаеце, мы настолькi былi засмучаныя тым, што нашы дзецi хварэлi i ў нас выпалi 1,5 тыдня рэпетыцый, што нават выпусцiлi з-пад увагi гэты момант, - прызналася Людмiла Барадзiна. - Добра, што вы нагадалi - будзем што-небудзь прыдумляць".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

P.S. Калi рашэнне аб пераносе конкурсу не будзе прынятае, ранейшы план мерапрыемстваў застанецца ў сiле, i ўжо 16 лiстапада ў Кiеве пачнецца Еўратыдзень - экскурсii для ўдзельнiкаў, дабрачынныя акцыi, адкрыты тэлевiзiйны ўрок вакалу i г.д., аж да фiнальнага канцэрта "Еўрабачання", якi запланаваны на 21 лiстапада на сцэне кiеўскага Палаца спорту.