Дзiкая Анхелiка паЛАДзiць са Скарлет

23.10.2003
"Народная газета", 23 кастрычніка 2003 г.


Увесь патэнцыял савецкага кiно, актыўнае супрацоўнiцтва з рэгiянальнымi тэлерадыёкампанiямi стануць галоўнай зброяй новага тэлеканала "ЛАД" у змаганнi за гледача.

Толькi "мяккае" сiнема
На канале штомесяц можна будзе ўбачыць 130 -140 мастацкiх i мультыплiкацыйных фiльмаў, паведамiў галоўны дырэктар дырэкцыi лiцэнзiйных праграм i кiнапаказу "ЛАДа" Канстанцiн Вараб'ёў. Гледачам прадэманструюць шмат стужак, знятых у эпоху СССР - у 40-х гадах мiнулага стагоддзя i пазней. Гэты "залаты фонд" налiчвае да 5 тысяч работ. Значная частка з iх ужо набыта. Трапяць у сетку праграм i беларускiя фiльмы, а таксама замежныя. Штогод у свеце здымаюць каля 6 тысяч новых фiльмаў, праходзiць да паўтысячы кiнафестываляў, адзначыў ён, будзе з чаго выбраць.
"ЛАД", якi пазiцыянiруе сябе як сямейны канал, будзе паказваць кiнастужкi, разлiчаныя на гледачоў розных узростаў, закрые дарогу на тэлеэкран агрэсii. "Калi гэта будзе фiльм-жах, дык няхай "Вiй", калi баявiк - "Пiраты ХХ стагоддзя", патлумачыў Канстанцiн Вараб'ёў.
Будуць такiмi ж "мяккiмi" i серыялы. Ужо набылi хiт Лацiнскай Амерыкi, ЗША, Балгарыi i абсалютную навiнку для краiн СНД - фiльм "Дзiкая Анхелiка". Пакажа тэлеканал таксама "Скарлет" - працяг "Знесеных ветрам", "Пецярбургскiя тайны" i "Развязку пецярбургскiх тайн".
Усе замежныя стужкi, набытыя без перакладу, агучаць на беларускай мове.
У цэлым канал будзе выкарыстоўваць дзве дзяржаўныя мовы нашай рэспублiкi. У той жа час, адзначыў генеральны прадзюсер "ЛАДа" Аляксандр Семярнёў, яны "жадалi б сваiмi праграмамi развiваць павагу да беларускай мовы. Жорсткага дыктату, калi працэнтаў пяцьдзесят цi восемдзесят складае доля ў эфiры адной з моў, не будзе. "Але ёсць, - адзначыў ён, - яўна выражанае iмкненне павялiчыць долю беларускай".

Знаёмыя незнаёмцы
Новы дзень тэлегледачы канала будуць пачынаць разам з праграмай "Сямейная ранiца", а бавiць вячэрнi час з iнтэрактыўным праектам "Справы сямейныя", якi ў рэгiёнах стануць весцi мясцовыя вядучыя. У сталiчным варыянце праграмы цяпер гаспадараць былыя дзi-джэi радыёстанцый Iван Мiрскi i Аляксандра Снегiна.
Убачаць гледачы ў эфiры "ЛАДа" i iншых вядомых журналiстаў. I праекты, знаёмыя па iншых, галоўным чынам Першаму нацыянальнаму, каналах, а таксама новыя. Алег Лукашэвiч стане за руль праграмы "Наша спадчына". Аляксандр Дамарацкi ўзгадае пра пайшоўшых з жыцця дзеячаў беларускай культуры. Тайны мiнулага раскрыюць стваральнiкi "Iмгненняў вечнасцi".
Казку перад сном распавядуць Маляваныч i доктар Зялёнкiн з "Калыханкi". На "ЛАДзе" з "Мульцiклубам" працягне падарожжа па краiне маляваных фантазiй Паца-Ваца. "Тэлебарометр" падкажа, якое нас чакае надвор'е. "Здароўе" ў новым фармаце ўзяло на ўзбраенне дэвiз "Укладвай грошы ў здароўе - не ўкладвай у лекi". На прапаганду здаровага ладу жыцця скiруюць сваю ўвагу i стваральнiкi праграм "Мама, тата, я - спартыўная сям'я" i "Ёсць толькi iмгненне".

З рэгiёнаў - па праграме
У сваёй рабоце дырэкцыя вялiкую стаўку робiць на iнфармацыю мясцовага значэння, таму збiраецца актыўна набываць прадукцыю абласных тэлеаб'яднанняў. Прадстаўнiкi рэгiёнаў падрыхтавалi ўжо нямала праграм, якiя выйшлi ў эфiры "ЛАДа". Як плануецца, праект "Правiнцыйныя гiсторыi" поўнасцю возьмуць на сябе гродзенскiя журналiсты. Праграму "Мiж намi, жанчынамi" будуць рыхтаваць магiляўчане. Перадачы абласных студый будуць перакрываць сваёй прадукцыяй "ЛАД" па буднях на 3 гадзiны, па выхадных - на 30 хвiлiн.
Гаворачы пра матывы, па якiх новы тэлеканал выцеснiў з эфiру расiйскую "Культуру", генеральны прадзюсер Аляксандр Семярнёў адзначыў, што на гэтым расiйскiм канале беларуская культура амаль не была прадстаўлена. У той жа час "Белтэлерадыёкампанiя" накiроўвала грошы на яго рэтрансляцыю за лiк сродкаў, выдзеленых на развiццё нацыянальнага тэлебачання. Да таго ж аўдыторыя "Культуры" не перавышала 3 працэнтаў ад усiх тэлегледачоў рэспублiкi.
"Новая справа не бывае iдэальнай," - пагадзiўся ён з тым, што новаму каналу яшчэ трэба шмат расцi. "У нас дастаткова iнтэрактыўных праграм, якiя дапамогуць многае ацанiць, - адзначыў генпрадзюсер. - Да таго ж аддзел пiсьмаў працуе вельмi актыўна".

Руслан АНАНЬЕЎ.