Дзецi пачынаюць i...

27.06.2009
"Звязда", 27 июня 2009 г.


У праекце "Бухта капiтанаў" на канале "Лад" упершыню каманда дзяцей пазмагаецца з дарослымi.
Супернiкi пераможцам гэтага сезона спартыўна-гульнявога шоу для дзяцей i падлеткаў - камандзе мiнскай школы №212 - дасталiся не абы-якiя, а ўдзельнiкi яшчэ аднаго папулярнага тэлепраекта, спартыўнага рэалiцi-шоу "Цудоўная сямёрка". У дарослую каманду ўвайшлi такiя "бывалыя спартсмены", як артысты Тарыел Майсурадзэ, Вiкторыя Алешка i Алена Ланская, тэлевядучыя Алег Цiткоў, Алена Мiхалоўская i Алена Бiкранёва, а таксама майстры спорту Вадзiм Сашурын i Карына Аляксандрава.
Спаборнiцтвы прайшлi па традыцыйных правiлах "Бухты капiтанаў": 9 конкурсаў без анiякай адаптацыi для дарослых гульцоў. 28 i 29 чэрвеня гледачы могуць самi даведацца, цi лёгка было Алене Бiкранёвай праехацца на скейце, як пачуваўся на надуўным батуце Алег Цiткоў i цi атрымалася ў Вiкторыi Алешкi пераспяваць мiнскую 6-класнiцу... Ну, i хто перамог у вынiку - дарослы досвед, дзiцячая энергiя або агульнае сяброўства.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.