Дзецi адспявалi, дарослыя рэпецiруюць

21.11.2003
"Звязда", 21 лістапада 2003 г.


Расходы на правядзенне ў маi конкурсу "Еўрабачанне-2004" у Турцыі складуць, паводле ацэнак экспертаў, каля 15 мiльёнаў еўра - гэта на 4 мiльёны больш, чым спатрэбiлася на арганiзацыю папярэдняга конкурсу ў Рызе. Большая частка неабходнай сумы, дарэчы, будзе атрымана з узносаў краiн-удзельнiц, што можа прывесцi да адмовы некаторых з iх (у прыватнасцi, аб сваiм нежаданнi прымаць удзел у "Еўрабачаннi" на такiх умовах заявiў Люксембург).

Ужо вызначаны каляндар падзей конкурсу: 22 сакавiка пройдзе жараб’ёўка парадку выступленняў, 6 мая пачнецца Еўратыдзень, 12 мая адбудзецца паўфiнал, а 15-га - i сам фiнал "Еўрабачання". Заявы на ўдзел у конкурсе падалi 38 краiн (гэта можна было зрабiць да 1 кастрычнiка). З iх 24 краiны возьмуць удзел у фiнале, а ў адборачны тур будзе дапушчана да 26 краiн. Па вынiках "Еўрабачання-2003", нагадаю, месца ў фiнале сабе забяспечылi "вялiкая чацвёрка" - Германiя, Iспанiя, Францыя, Вялiкабрытанiя, краiны, што занялi першыя 10 месцаў - Турцыя, Бельгiя, Расiя, Нарвегiя, Швецыя, Аўстрыя, Польшча, Iсландыя, Румынiя, Iрландыя. У паўфiнале будуць удзельнiчаць краiны, якiя выбылi ў 2002 годзе, - Данiя, Лiтва, Македонiя, Швейцарыя, Фiнляндыя, а таксама краiны, што занялi апошнiя 12 месцаў на "Еўрабачаннi-2003", - Галандыя, Украiна, Харватыя, Грэцыя, Боснiя, Iзраiль, Кiпр, Эстонiя, Партугалiя, Славенiя, Латвiя, Мальта. Сярод навiчкоў, якiм яшчэ трэба будзе сцвердзiць сваю "прафпрыгоднасць", - Беларусь, Сербiя i Чарнагорыя, Албанiя, Андора, Венгрыя, Манака. Толькi 10 лепшых удзельнiкаў паўфiналу трапяць у фiнал.
Што датычыцца непасрэдна выканаўцаў, пакуль мусiруюцца чуткi, што Турцыю прадставiць вядомы ў краiне панк-гурт (такога дакладна нiхто не чакаў). У Расii кiваюць на калектыў "Вiа Гра", але на неафiцыйным сайце расiйскага этапа "Еўрабачання" пакуль поўным ходам iдзе двухмоўнае iнтэрактыўнае галасаванне на тэму "Каго б вы хацелi ўбачыць прадстаўнiком Расii на конкурсе "Еўрабачанне"?". Перавагi гледачоў-слухачоў размеркавалiся так: 40 працэнтаў галасоў набраў дуэт "Смэш" (звычайны бойз-бэнд, якi нiчым асаблiвым з армii да яго падобных не выдзяляецца), 13 працэнтаў - спявачка Юлiя Началава (Як? Вы не ведаеце гэтую цуд-дзяўчыну?! Я - таксама, хiба што па яе iстэрыках у тэлегульнi "Апошнi герой-4".), 12 працэнтаў - Холi Дрэганс (хто цi што гэта, таксама не ведаю, i мне за гэта нават не сорамна), 9 працэнтаў - "Вiа Гра". Далей iдуць выхаванцы Дзмiтрыя Малiкава "Плазма", экс-чалавек-амфiбiя Вiтас, экс-скандалiстка Земфiра, Дзiяна Гурцкая, "Каранi", Аўраам Русо, Арыяна, Наталля Вятлiцкая. Прадстаўленыя ў спiсе Крысцiна Арбакайтэ, Жанна Агузарава, Барыс Маiсееў, гурт "Нагу звяло" галасоў не набралi ўвогуле.

Мясцовы каларыт

Сярод беларускiх выканаўцаў, як сцвярджаюць некаторыя эксперты(?) некаторых Iнтэрнэт-рэсурсаў, рэальныя кандыдатуры - фолк-дуэт "Аляксандра i Канстанцiн" i поп-спявачка Карыяна. Таксама аўтары загадкава намякаюць на нейкiх мальтыйскiх, усходнеазiяцкiх i расiйскiх выканаўцаў (калi казаць пра апошнiх, гэта, напэўна, Алёна Свiрыдава i гурт "Бi-2", якiя раптам успомнiлi пра свае каранi), згодных "прасунуць" Беларусь на Алiмп еўрапейскай славы. Афiцыйных каментарыяў на гэту тэму нiхто не дае - ды яно, напэўна, i не трэба, лепш ужо захоўваць iнтрыгу.
Нарэшце абвешчаны склад журы, якому належыць вызначыць 15 лепшых прэтэндэнтаў (iх выступленнi будуць запiсаны ў вялiзны канцэрт i прадэманстраваны 31 студзеня па БТ, а тут ужо адбiраюць лепшых выключна гледачы). Як ужо паведамлялася раней, у складзе журы 10 чалавек. Гэта генеральны прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала Уладзiмiр Максiмкаў, намеснiк дырэктара "Радыус-FM" Юрый Цароў, мастацкi кiраўнiк ансамбля народнай музыкi "Бяседа", народны артыст Беларусi Леанiд Захлеўны, галоўны дырыжор Прэзiдэнцкага аркестра Вiктар Бабарыкiн, трое народных артыстаў Беларусi, кампазiтары - Васiль Раiнчык, Эдуард Зарыцкi, Валерый Iваноў, а таксама галоўны рэдактар часопiса "Маладосць", лаўрэат Дзяржпрэмii паэтэса Раiса Баравiкова, народны артыст Беларусi намеснiк дырэктара дырэкцыi музычных праграм СТБ Аляксандр Цiхановiч i генеральны пра-дзюсар АНТ Юрый Iгруша.
Не сумняваючыся ў прафесiйным узроўнi журы, асабiста я, напрыклад, не магу зразумець падыходу да яго фармiравання. Розуму не дабяру, чаму кампазiтары - тры, а паэт - адзiн? Хiба музыка (еўрапоп з элементамi нацыянальнага каларыту) важнейшая за тэкст? А хто ацэнiць якасць перакладу (як мiнiмум адзiн куплет i адзiн прыпеў конкурснай песнi павiнны быць на англiйскай мове)? I, урэшце, чаму ў спiсе няма нiводнага "газетнага журналiста" (гэта не пакрыўджаны прафесiйны гонар гаворыць, а сапраўднае неўразуменне, бо ў рэспублiцы хапае аўтарытэтных музычных крытыкаў)... Зрэшты, гэта не так ужо i важна, бо пытаннi пытаннямi, а нам жа галоўнае - каб выбар быў годны i каб абраны выканаўца або калектыў здолелi прадставiць Беларусь не горш за дзявочы тандэм Вольгi Сацюк i Кацi Лiпоўскай.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.