Дзесяць песень для "Еўрабачання"

13.06.2007
"Звязда", 13 чэрвеня 2007 г.


Вынiкi
Калi страсцi вакол дарослага "буйнейшага ў свеце конкурсу" крыху сцiшылiся, то iнтрыга аналагiчнага дзiцячага творчага спаборнiцтва толькi раскручваецца. Рэспублiканскi дзiцячы конкурс "Песня для Еўрабачання", абвешчаны Белтэлерадыёкампанiяй i Мiнiстэрствам культуры, блiзкi да завяршэння. Днямi прафесiйнае журы, якое ўзначальвае народны артыст Беларусi Васiль Раiнчык, вызначыла дзесяць фiналiстаў.
Усяго на адборачны тур былi дасланы 43 заяўкi, найбольшая колькасць якiх прыпала на Мiнск i сталiчную вобласць (18 заявак), а найменшая - на Брэст i Брэсцкую вобласць (усяго 2). Для параўнання: летась заявак таксама было пададзена крыху больш за 40, у 2004 годзе - 34. Адбор на самае першае дзiцячае "Еўрабачанне", у 2003 годзе, увогуле адбываўся ў iншым выглядзе - падчас тэлефестывалю "Сузор’е надзей". Што адметна, "мазырская плынь" выхаванцаў студыi Святланы Стацэнка на гэты раз не была прадстаўлена ўвогуле - паводле слоў кiраўнiка студыi, вырашана было ўзяць своеасаблiвы тайм-аўт i даць магчымасць iншым дзецям i музычным кiраўнiкам паказаць сябе.
Паводле ўмоў конкурсу, да ўдзелу ў iм дапускалiся юныя артысты i аўтары песень, якiм на момант падвядзення вынiкаў не менш як 10 i не больш як 15 гадоў. Тэкст павiнен быць напiсаны самастойна на рускай або беларускай мове, а ўся песня - нiколi раней не абнародаваная або публiчна выкананая. Гэтым умовам адпавядалi 47 кампазiцый (iх атрымалася больш, чым заявак, бо некаторыя ўдзельнiкi даслалi на выбар журы некалькi песень).

У вынiку фiнальную дзесятку рэспублiканскага адбору "Песня для Еўрабачання" склалi наступныя канкурсанты:
1. Азаронак Юлiя (для цiкаўных: бацькi Юлi дакладна не маюць дачынення да тэлебачання);
2. Верас Палiна;
3. Валазнёў Раман;
4. Ермакоў Кiрыл;
5. Жыгалковiч Аляксей (ужо вопытны ўдзельнiк, штурмуе адбор другi раз);
6. Калафацi Палiна (усе - г. Мiнск);
7. Громава Дзiяна (г. Гомель);
8. Журовiч Мiкiта (г. п. Лельчыцы, Гомельская вобл.);
9. Землянiк Антон (г. Мазыр);
10. Кузняцова Серафiма (г. Вiцебск).

Заўтра, 14 чэрвеня, журы наладзiць для фiналiстаў праслухоўванне i кансультацыi. Ёсць час улiчыць i адпрацаваць заўвагi i прапановы - фiнал праекта адбудзецца ў вераснi 2007 года ў форме гала-канцэрта, якi пакажа Першы канал.
Пераможца будзе вызначаны, па традыцыi, шляхам тэлефоннага галасавання гледачоў i галасавання журы. Яму або ёй i давядзецца прадстаўляць Беларусь 8 снежня на дзiцячым "Еўрабачаннi-2007" у Ротэрдаме (Нiдэрланды).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.