Дзень музыкі ў інтэрактыве

06.10.2012
"Культура", 6 октября 2012 г.


Міжнародны дзень музыкі - па-беларуску. Менавіта так сустракалі свята, якое адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка, на Беларускім радыё.
Тым вечарам у Вялікую студыю Дома радыё прыйшлі прыхільнікі творчасці нашага класіка Дзмітрыя Смольскага. Кампазітар адказаў на пытанні прысутных, а галоўнае - у прамым эфіры праекта "Канцэртная зала" ў жывым выкананні прагучалі яго творы: 12-я сімфонія для струнных, Дывертысмент, Канцэрт № 2 для цымбалаў з аркестрам. Усе гэтыя творы прадставіў сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі на чале з новым кіраўніком - Валерыем Сарокам. Калісьці, дарэчы, ён сам граў у гэтым калектыве на скрыпцы, апошнім жа часам кіраваў Камерным аркестрам, які існуе ў складзе Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Салісткай была запрошана першакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Дзенісеня - гераіня сёлетняга класічнага "Еўрабачання", лаўрэат безлічы міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
- Праект "Канцэртная зала", - кажа яго каардынатар, кампазітар, музыкант і журналіст Віктар Кісцень, - даўно ўжо палюбілі радыёслухачы. У ім гучаць і трансляцыі з Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і замежныя запісы. Але найбольшую ўвагу прыцягваюць, вядома, эксклюзівы - тыя канцэрты, якія вядуцца жыўцом непасрэдна са студыі. Такая традыцыя зарадзілася яшчэ ў тыя часы, калі Беларускае радыё рабіла свае першыя крокі і запісаў беларускай музыкі папросту не было. І тое, што яна аднавілася ў новым фармаце, - сведчанне прагі слухачоў да жывога гучання і непасрэднага абмену энергіяй ды сваімі думкамі з музыкантамі.