Дзіцячае Еўрабачанне шукае аўтараў

05.08.2004
“Звязда”, 5 жніўня 2004 г.


Да 16 жніўня прымаюцца заяўкі для ўдзелу ў Нацыянальным дзіцячым конкурсе “Песня для Еўрабачання”, пераможца якога будзе прадстаўляць Беларусь на Дзіцячым конкурсе песні Еўрабачання ў Нарвегіі 20 лістапада 2004 года.
Арганізатарамі нацыянальнага конкурсу з'яўляюцца Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Як паведамілі “Звяздзе” ў прэс-службе Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, у конкурсе можа ўзяць удзел аўтар песні ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў, які з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь ці пражывае на яе тэрыторыі не менш чым два з паловай гады. Аўтар не павінен да конкурсу ці падчас яго ўдзельнічаць у стварэнні прафесіянальных кампакт-дыскаў у якасці саліста, выканаўцы галоўнай ці дадатковай партыі. Выкананне песні павінна доўжыцца ад двух з паловай да двух хвілін сарака пяці секунд. Аўтар песні абавязкова прымае ўдзел у яе выкананні ў якасці вакаліста ці інструменталіста. Песня выконваецца ўжывую на сцэне ў музычным суправаджэнні без выкарыстання вакалаў і вакальных імітацый. Песню прадстаўляюць максімум восем юных артыстаў.
Песня павінна складацца з вершаў на адной з дзяржаўных моў Беларусі і музыкі, якія не рэалізоўваліся камерцыйна (не распаўсюджваліся праз Інтэрнэт, на якіхсьці носьбітах, шляхам продажу ці перадачы ў тэле- ці радыёэфір і інш.). Заяўкі на конкурс адпраўляюцца каштоўнай бандэроллю на адрас: 220807 Мінск, вул. Макаёнка, 9, Белтэлерадыёкампанія з паметкай “Песня для Еўрабачання”. У заяўку ўваходзіць заява, падпісаная законным прадстаўніком (бацькі ці апекуны) аб тым, што песня раней не была рзалізавана камерцыйна, а таксама што яна напісана і выканана юным аўтарам. Заява павінна змяшчаць згоду законных прадстаўнікоў аб тым, што песня можа быць выканана іншым юным выканаўцам на конкурсе ў Нарвегіі. Да заявы прыкладаюцца копія пасведчання аб нараджэнні аўтара, тэкст песні ў друкаваным выглядзе і фанаграма на кампакт- ці міні-дыску або аўдыёкасеце.
20 жніўня журы падвядзе вынікі і адбярэ не больш чым дзесяць песень, якія і будуць выкананы на конкурсе “Сузор'е надзей”. 3 іх ліку шляхам тэлефоннага галасавання і галасавання журы будзе вызначана песня-пераможца, якая і паедзе ў Нарвегію ў лістападзе.

Алена АЎЧЫННІКАВА.