Дзіцячае "Еўрабачанне" пераймае эстафету

30.05.2008
"Звяда", 30 мая 2008 г.


Пакуль дарослыя людзi абмяркоўваюць вынiкi дарослага "Еўрабачання", сваiм ходам iдзе падрыхтоўка да дзiцячага - маладзейшага, палiтычна не ангажаванага, а, магчыма, таму больш цiкавага менавiта ў музычным сэнсе конкурсу. Да яго самога, праўда, далёка - юныя артысты з розных краiн свету сустрэнуцца ў Лiмасоле (Кiпр) 22 лiстапада гэтага года. А нацыянальны беларускi адбор знаходзiцца на стадыi паўфiналу. 1 чэрвеня ў эфiры Першага канала i "Беларусь-ТБ" якраз адбудзецца канцэрт "Песня для Еўрабачання", па вынiках якога прафесiйнае журы вызначыць 10 фiналiстаў.
Усяго будуць прадстаўленыя 20 нумароў - iх журы выбрала яшчэ ў сакавiку, прагледзеўшы 84 заяўкi ад юных выканаўцаў. Як расказалi нам у прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, парадак выступлення ўдзельнiкаў будзе вызначаны не жараб'ёўкай, а рэжысёрска-пастановачнай групай, каб асобныя нумары гарманiчна склалiся ў адзiнае шоў. Удзел у iм возьмуць наступныя выканаўцы i конкурсныя кампазiцыi:
1. Валазнёў Раман, г. Мiнск - "Матуленька".
2. Ганчарова Кацярына, Карчэўскi Дзмiтрый, г.п. Бераставiца, Гродзенская вобл. - "А там, за горизонтом".
3. Громава Дыяна, г. Гомель - "Та-ру-рам".
4. Гузiно Дыяна, г. Гродна - "Numbеr Оnе".
5. Дубоўская Марыя, г. Мiнск - "Ромашки".
6. Дутчык Палiна, Сасуноў Мiхаiл, г. Брэст - "Одноклассница".
7. Ермакоў Кiрыл, г. Мiнск - "Я пою для вас".
8. Ермузевiч Дзмiтрый, г. Гомель - "Все мы дети земли".
9. Журовiч Мiкiта, г.п. Лельчыцы, Гомельская вобл. - "Мечтать".
10. Конарава Алiна, г. Вiцебск - "Волшебные сны".
11. Кузняцова Серафiма, г. Вiцебск - "Не унывай!".
12. Кулагiна Iрына, г. Лепель, Вiцебская вобл. - "Купальская".
13. Лемяшэўская Марыя, г. Кобрын, Брэсцкая вобл. - "SMS MMS".
14. Мяжэнная Кацярына, г. Мiнск - "Пины-коды".
15. Мiхайлава Дар'я, г. Вiцебск - "Ода джазу".
16. Машчэнка Алiна, г. Магiлёў - "Время".
17. Надзiна Дар'я, Жуковiч Карына, Молаш Алiна, г. Мiнск; г. Баранавiчы i г. Iвацэвiчы, Брэсцкая вобл. - "Сердце Беларуси".
18. Сарока Дар'я, г. Мiнск - "Со-Да-Супер Стар".
19. Стэльмах Аляксандра, г. Гродна - "Молодое R-n-B".
20. Шульгiна Дар'я, г. Гродна - "Танцуем-танцуем".
Дарэчы, самай старэйшай удзельнiцы адбору, Iрыне Кулагiнай, 15 гадоў, а наймаладзейшаму - Дзiму Ермузевiчу - усяго 10. Менавiта гэты ўзроставы прамежак з'яўляецца гранiчным для ўдзелу ў дзiцячым "Еўрабачаннi". Таксама сярод паўфiналiстаў ёсць ужо знаёмыя iмёны - напрыклад, Кацярына Мяжэнная - не хто iншая, як дачка вядомага харэографа Аляксандра Мяжэннага, а Раман Валазнёў i Алiна Молаш прадставяць Беларусь на дзiцячым конкурсе фестывалю "Славянскi базар у Вiцебску-2008". Падтрымлiваць усiх канкурсантаў на сцэне будуць таксама дзецi - юныя акцёры тэлепраекта "Свая кампанiя" (канал "ЛАД") Палiна Пiсарэнка, Ангелiна Марцiнкевiч i Мiша Лянскевiч. Спецыяльным госцем i ўдзельнiкам шоў стане пераможца папярэдняга дзiцячага "Еўрабачання" Аляксей Жыгалковiч.
Пасля прагляду канцэрта журы абвесцiць iмёны 10 выканаўцаў, якiя выступяць у фiнале рэспублiканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання". Сам жа фiнал пройдзе ў вераснi ў выглядзе гала-канцэрта - праўда, пакуль не вызначана, на якой пляцоўцы ён адбудзецца. I вось тады ўжо, акрамя журы пад старшынствам Васiля Раiнчыка, сваё слова скажуць тэлегледачы. Па вынiках сумеснага галасавання i будзе названа iмя пераможцы - беларускага дэлегата на мiжнародным дзiцячым конкурсе песнi "Еўрабачанне-2008".
Дарэчы, паводле iнфармацыi Еўрапейскага вяшчальнага саюза, сёлета ў дзiцячым "Еўрабачаннi" ўдзельнiчае рэкордная колькасць краiн. Iзраiль i Азербайджан дэбютуюць у конкурсе, Польшча збiраецца вярнуцца ў яго. З леташнiх удзельнiкаў адклiкала сваю заяўку толькi Швецыя. Што да "Еўрабачання-2009", то ў Беларусi i Украiны, якiя падалi заяўкi на яго правядзенне, з'явiўся трэцi канкурэнт - Сербiя.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.