Дзіцячае "Еўрабачанне" пачнецца ў Віцебску

06.09.2007
"Звязда", 6 верасня 2007 г.


А на адной сцэне з юнымі беларусамі будзе спяваць Верка Сярдзючка.
Нацыянальны адбор на дзіцячы міжнародны музычны конкурс "Еўрабачанне", які адбудзецца 8 снежня ў Ратэрдаме (Галандыя), набліжаецца да пікавага моманту - фінальнага канцэрту, дзе і будзе названы прадстаўнік ад нашай краіны. Зрэшты, з тым жа поспехам гэта можа быць і прадстаўніца - упершыню ў гэтым годзе хлопчыкаў і дзяўчынак аднолькавая колькасць, па 5 чалавек. З пункту гледжання геаграфіі лідзіруе сталічны рэгіён - 6 чалавек; 3 канкурсантаў прадстаўляюць Гомель і вобласць, 1 - Віцебск. 10 шчасліўчыкаў - менавіта столькі чалавек строгае журы дапусціла да фіналу, прагледзеўшы і праслухаўшы 43 творчыя заяўкі, дасланыя з усіх куткоў Беларусі.
Увогуле, сёлета, паводле слоў намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юрыя Азаронка, падрыхтоўка да дзіцячага "Еўрабачання" пачалася загадзя - яшчэ вясной. Было распрацавана палажэнне аб конкурсе, зацверджаны склад журы, нават праведзены рэспубліканскі семінар з кіраўнікамі дзіцячых музычных студый і гурткоў. Пасля праслухоўвання фіналісты атрымалі на лета "хатнія заданні" па ўдасканаленні нумара, а напрыканцы жніўня зноў сабраліся ў Мінску, прадставіўшы журы канчатковыя варыянты - з касцюмамі і падтанцоўкай, не больш як 2 хвіліны 45 секунд, усё па правілах... А ўжо 13 верасня вынікі працы - і дзяцей, і дарослых - убачыць уся краіна ў прамой трансляцыі гала-канцэрта "Песня для Еўрабачання".
Канцэрт гэты ўпершыню пройдзе не на сталічнай пляцоўцы, а ў Віцебску, у Летнім амфітэатры. Гэтаксама ўпершыню працэдура галасавання максімальна набліжана да "Еўрабачання": дзеці-вядучыя ў рэгіянальных студыях абвесцяць лідараў галасавання па кожнаму рэгіёну, так што інтрыга з пераможцам будзе захоўвацца да канца.
Нагадаем, паводле жараб’ёўкі чарговасць выступлення фіналістаў на гала-канцэрце наступная:
1. Дзіяна Громава, г. Гомель.
2. Раман Валазнёў, г. Мінск.
3. Кірыл Ермакоў, г. Мінск.
4. Паліна Калафаці, г. Мінск.
5. Серафіма Кузняцова, г. Віцебск.
6. Аляксей Жыгалковіч, г. Мінск.
7. Мікіта Журовіч, г.п. Лельчыцы.
8. Паліна Верас, г. Мінск.
9. Антон Зямляік, г. Мазыр.
10. Юлія Азаронак, г. Мінск.
Дарэчы, як адзначаюць тэлевізійнікі, на дадзеным этапе ні пра якіх фаварытаў ці наканаванасць гаворкі быць не можа - рашэнне аб перамозе прымаюць сумесна гледачы і журы, а ў выпадку разыходжання меркаванняў апошняе слова застаецца за тэлегледачамі. Прыемны момант: тэлефонныя званкі для тэлегледачоў - бясплатныя.
Пакуль будуць падводзіцца вынікі галасавання, канкурсантаў на віцебскай сцэне падтрымаюць спецыяльныя госці - леташні "сярэбраны прызёр" Андрэй Кунец і пераможцы дзіцячага "Еўрабачання" расіянкі сёстры Талмачовы, а таксама дарослыя артысты - дуэт з Балгарыі і Верка Сярдзючка. Паводле слоў выканаўчага прадзюсара БТРК Дзяніса Шпітальнікава, вяліся перамовы і з іншай зоркай і кумірам большасці юных канкурсантаў Дзімам Біланам, але прыехаць у Беларусь артысту не дазволіў занадта напружаны гастрольны графік.
У маленькага артыста, які пераможа ў конкурсе "Песня для Еўрабачання", графік абяцае быць больш вольным - паколькі ўсе дзеці вучацца, прома-туры для іх не прадугледжаны. Паводле слоў выканаўчага прадзюсара тэлеканала "ЛАД" Людмілы Барадзіной, краіны-ўдзельніцы - а іх сёлета чакаецца ад 16 да 18, уключаючы дэбютанта - Грузію, па традыцыі абмяняюцца аўдыё- і відэаматэрыяламі, якія будуць паказаны па нацыянальным тэлебачанні. Гэтаксама ў Віцебску будзе працаваць тэлестудыя з Вялікабрытаніі, якая ўжо не першы год сочыць за ходам дзіцячага "Еўрабачання" і за ўдзелам у ім беларускіх артыстаў.
Хто са спецыялістаў зоймецца падрыхтоўкай прадстаўніка Беларусі ў гэтым годзе, пакуль невядома. Выхаванцаў Святланы Стацэнка сярод фіналістаў няма, але цалкам можа быць, што міністэрства культуры звернецца менавіта да гэтага педагога, у актыве якога першае і другое месца еўраконкурсу. А вось удзел бацькоў, паводле правілаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза, будзе абмежаваны па максімуму - ім забаронена прысутнічаць на рэпетыцыях, а таксама знаходзіцца за кулісамі падчас канцэрта. Бо, якім бы моцным ні быў момант спаборніцтва і жаданне перамогі, дзіцячае "Еўрабачанне" - гэта найперш свята. Таму нейкіх там медалёў не прагназуем, проста жадаем нашым удзельнікам - дзесяці, а потым аднаму - удачы і шанцавання на сцэне.

А што потым?
Зрэшты, на "Еўрабачанні" творчае жыццё маленькіх артыстаў, як правіла, не пачынаецца і не завяршаецца. З чатырох прадстаўнікоў Беларусі практычна ніхто не знік са сцэны і з экрана: Вольга Сацюк запісвае песні і вядзе канцэрты, тэлепраграмы (між іншым, яна таксама будзе весці канцэрт "Песня для Еўрабачання" ў пары з Дзянісам Кур’янам), Ксенія Сітнік выпусціла дэбютны альбом і працуе над перадачай "Наша пяцёрачка" (экс-"Дзіцячы час"), Андрэй Кунец з нядаўняга часу з’яўляецца яе сувядучым. Хіба што Ягор Ваўчок некуды прапаў...
- Усё тлумачыцца вельмі проста, - расказала Людміла Барадзіна. - Калі Ягор перамог у адборы, яму было ўжо 13 гадоў, і мы адразу звярнуліся да ўрача-фаніятра - ці дацягне хлопец да конкурсу. Нам сказалі, што ў запасе ёсць некалькі месяцаў, а потым пачнецца мутацыя голасу. Мутацыя - гэта абавязкова ашчадны рэжым. Памятаеце драматычную гісторыю Раберціна Ларэнці, калі цудоўнае дзіця пасля мутацыі ператварылася ў звычайнага, нічым не адметнага чалавека. А голас з-за перанапружання можа і ўвогуле знікнуць... Так што галоўны прынцып - не нашкодзіць. Ягор адпачыў, перачакаў гэты перыяд, і зараз зноў пачынае працаваць. Мы якраз гэтымі днямі запісваем з удзелам усёй чацвёрачкі папярэдніх удзельнікаў "Еўрабачання" спецыяльную песню, якая прагучыць на гала-канцэрце ў якасці сюрпрызу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.