Дзіцячае Еўрабачанне: новы старт дадзены

28.01.2009
"Звязда", 28 студзеня 2009 г.


27 студзеня афiцыйна пачаўся адборачны тур рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання". Гэта значыць, што калi з прадстаўнiком на дарослы мiжнародны конкурс "Еўрабачанне-2009" Беларусь ужо вызначылася, то месца на аналагiчным дзiцячым творчым спаборнiцтве пакуль яшчэ вакантнае, i ў юных выканаўцаў ёсць шанц гучна заявiць аб сабе.
Па традыцыi рэспублiканскi конкурс праходзiць у тры этапы: адборачны тур, паўфiнал i фiнал. Прыём заявак на першы тур ужо распачаўся i працягнецца да 20 сакавiка ўключна. На працягу тыдня, да 27 сакавiка, прафесiйнае журы адбярэ з дасланых заявак 20 песень, выканаўцы якiх у чэрвенi гэтага года сустрэнуцца ў паўфiнале. З гэтых двух дзясяткаў зноў жа рашэннем журы будуць вызначаныя 7-10 фiналiстаў, якiя возьмуць удзел у вераснёвым гала-канцэрце. А вось яго пераможцу выбiраць будуць сумесна, 50 на 50 - гледачы i журы. У выпадку, калi два цi больш канкурсанты набяруць аднолькавую колькасць балаў, апошняе слова за журы, якое адкрытым галасаваннем вызначыць, каму аддаць перавагу.
Як i летась, да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца юныя выканаўцы ва ўзросце 10-15 гадоў, а найбольш важнае патрабаванне да конкурсных песень - яны (напiсаныя на рускай або беларускай мове) не павiнны быць камерцыйна рэалiзаваныя, публiчна выкананыя або апублiкаваныя да 1 чэрвеня 2009 года. Праўда, пры гэтым, паводле новых правiлаў мiжнароднага конкурсу, дазваляецца, каб пры напiсаннi песень юным аўтарам аказвалi дапамогу дарослыя - напрыклад, прафесiйныя кампазiтары.
Змяненнi ў правiлах датычацца i колькасцi выступоўцаў на сцэне: цяпер iх можа быць не больш як 6 чалавек (яшчэ летась дапускалiся 8). Акрамя таго, у палажэннi з'явiлiся новыя пункты: так, падрабязна распiсаная працэдура налiчэння балаў пры сумесным галасаваннi гледачоў i журы. Акрамя таго, асобным пунктам пазначана абавязковае падпiсанне дамовы канкурсантаў (iх прадстаўнiкоў) з арганiзатарамi - Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанiяй. Без гэтай дамовы немагчымы ўдзел выканаўцаў у фiнале конкурсу. У дакуменце будзе абазначаны аб'ём правоў на выкарыстанне песнi, правы i абавязкi абодвух бакоў, парадак падрыхтоўкi да мiжнароднага конкурсу - у выпадку перамогi канкурсанта, а таксама штрафныя санкцыi за парушэнне дамовы. (Вiдаць, з'яўленне гэтага дадатковага пункту абумоўлена вопытам праекта "ЕўраФэст", дзе сёлета якраз быў узнiк канфлiкт вакол падпiсання дамовы).
З прыемных момантаў - тое, што, у адрозненне ад дарослага конкурсу, усе фiналiсты атрымаюць не толькi дыпломы, але i каштоўныя прызы. Плюс магчымасць на працягу года рухаць сваю творчасць з дапамогай такой магутнай сiлы, як тэлебачанне.

Падрабязна з правiламi адбору i пералiкам неабходных дакументаў можна пазнаёмiцца на сайце Белтэлерадыёкампанii www.tvr.bу, а заяўкi ўжо прымаюцца - на адрас: 220807, г. Мiнск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай "На конкурс "Песня для Еўрабачання".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Р.S. У актыве Беларусi, нагадаем, ужо ёсць дзве перамогi на дзiцячым "Еўрабачаннi": у 2005-м (Ксенiя Сiтнiк) i 2007-м (Аляксей Жыгалковiч), а таксама адно 2-е месца ў 2006-м (Андрэй Кунец).