Дзіцячае "Еўрабачанне-2012". Афіцыйны інфармацыйны партнёр - газета "Звязда"

10.04.2012
"Звязда", 10 красавіка 2012 г.


Распачаўся прыём заявак на ўдзел у рэспубліканскім дзіцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання" - нацыянальным адборачным туры міжнароднага дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2012", што пройдзе ў снежні ў Амстэрдаме. Пра гэта "Звяздзе" паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца арганізатарам адбору.
Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца юныя выканаўцы, якім на момант правядзення "Еўрабачання" не менш як 10 і не больш як 15 гадоў. Абавязкова, каб выканаўцы былі грамадзянамі Беларусі ці замежнікамі і асобамі без грамадзянства, але пастаянна пражывалі на тэрыторыі нашай краіны не менш за 2,5 года.
"З гэтага года, дарэчы, на дзіцячым "Еўрабачанні" дазваляецца да 25% англійскага тэксту ў песнях. Але я хачу нагадаць, што да выкарыстання іншай мовы трэба ставіцца асцярожна, - адзначыла нязменны куратар нацыянальных адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне", выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь-2" Людміла Барадзіна. - Калі ў юнага артыста вымаўленне вельмі і вельмі прыблізнае, лепш усё ж ад англійскага тэксту адмовіцца і спяваць на той мове, якой дзіця добра валодае".
Заяўкі ахвотнікаў прадставіць Беларусь на прэстыжным песенным спаборніцтве прымаюцца ў выглядзе каштоўных бандэроляў на адрас: 220807, Мінск, вул. Макаёнка, 9, Белтэлерадыёкампанія, з пазнакай "На рэспубліканскі конкурс "Песня для Еўрабачання". Аднак навічкам у конкурсных гульнях, перш чым пакаваць бандэроль, варта ўлічыць некалькі важных момантаў.
"Звярніце ўвагу на гучанне песні, - раіць Людміла Барадзіна бацькам і кіраўнікам студый, дзе займаюцца патэнцыйныя ўдзельнікі "Еўрабачання". - Нават калі вы дасылаеце ў аргкамітэт не канчатковы варыянт аранжыроўкі, калі гэта будзе дэма-версія - песня павінна гучаць пераканаўча, каб раскрыўся сам выканаўца. Інакш адборачная камісія проста адкладзе гэту заяўку ўбок".
Зрэшты, практычна ўсе названыя моманты яшчэ можна падцягнуць і дапрацаваць. Усё ж апошні дзень прыёму заявак - 25 мая - яшчэ не заўтра, а вопыт мінулых гадоў сведчыць, што найбольш актыўна яны паступаюць у апошнія 3-5 дзён.

"Звязда" як афіцыйны інфармацыйны партнёр дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2012" змяшчае вытрымкі з Палажэння аб яго правядзенні. З поўным тэкстам дакумента можна азнаёміцца на нашым сайце www.zvіаzdа.bу. 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.