Дзіцячае "Еўрабачанне" запрашае на фінал

20.11.2015

"Звязда"

Адкрывайце новыя імёны і выбірайце найлепшую песню.

У суботу, 21 лістапада, зноў збярэ каля экранаў гледачоў па ўсім свеце Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2015".

Канкурсанты з 17 краін-удзельніц сабраліся ў Сафіі, сталіцы Балгарыі, каб дэманстраваць свае вакальныя таленты і змагацца за званне найлепшага. Беларускі ўдзельнік Руслан Асланаў ужо паспеў апрабаваць конкурсную пляцоўку, адчуць балгарскую гасціннасць і прайсціся па чырвонай дарожцы падчас афіцыйнага адкрыцця еўратыдня.

Паміж рэпетыцыямі, фотасесіямі, інтэрв’ю арганізатарамі запланавана для канкурсантаў і культурная праграма. Напрыклад, дэлегацыі Беларусі, Арменіі, Албаніі і Мальты навучылі традыцыйным балгарскім рамёствам - майстар-класы ладзілі ў музеі, дзе паказалі, як валяць з шэрсці.

На цырымонію адкрыцця, якая сёлета прайшла ў Нацыянальным балгарскім палацы культуры, прыляцеў пераможца мінулага года Вінчэнца Канціела з Італіі. Сустрэць тут можна і іншых пачэсных гасцей "Еўрабачання" ва ўзросце да 16 гадоў. Прайсціся па чырвонай дарожцы - гэта асаблівы рытуал для канкурсантаў. Не проста даніна прыгожай традыцыі адкрыцця еўратыдня, а момант адметны - ушанаванне дэлегатаў з розных краін (а сёлета на конкурсе 17 краін-удзельніц). У складзе беларускай афіцыйнай дэлегацыі 10 чалавек: вакальны прадзюсар, урач-фаніятар, рэжысёр, стыліст. За падрыхтоўкай Руслана да конкурсу назірае ў тым ліку і здымачная каманда Агенцтва тэлевізійных навін. На сцэну арэны "Армеец" наш артыст выйдзе адзін, без балета і бэк-вакалу. У Сафію беларуская дэлегацыя прывезла эксклюзіўнае графічнае афармленне. Таму нумар Руслана Асланава інтэрактыўны ў прамым сэнсе - у глядзельную залу спявак будзе пасылаць святлодыёдных матылёў. Яны ж ёсць і ў кліпе канкурсанта. (Нагадаем, што яго падрыхтоўку здзяйсняе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.)

Убачыць выступленне юнага артыста мы зможам пад нумарам 10. Увогуле, парадак выступленняў удзельнікаў выглядае наступным чынам: 1. Сербія, 2. Грузія, 3. Славенія, 4. Італія, 5. Галандыя, 6. Аўстралія, 7. Ірландыя, 8. Расія, 9. Македонія, 10. Беларусь, 11. Арменія, 12. Украіна, 13. Балгарыя, 14. Сан-Марына, 15. Мальта, 16. Албанія, 17. Чарнагорыя.

Падчас грандыёзнага шоу ў зале размесціцца каля 8 000 гледачоў, а тэлеаўдыторыя традыцыйна будзе шматмільённай. У афармленні конкурснай сцэны мы ўбачым сімвал сёлетняга конкурсу — дзьмухавец, які будзе зроблены з розных святлодыёдных лямп. Пачуем гімн конкурсу - песню "Dіscover", што, дарэчы, дубліруе слоган дзіцячага "Еўрабачання-2015", хэштэг #dіscover — #адкрывай. Гледачы змогуць глядзець шоу стоячы. Вядучай конкурсу выбрана Полі Генова, вядомая ў Еўропе як прадстаўніца Балгарыі на "Еўрабачанні-2011".

Для нас весці прамую трансляцыю дзіцячага "Еўрабачання-2015" будуць тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Каменціраваць конкурс будзе спецыяльны карэспандэнт аддзела замежнай інфармацыі Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Анатоль Ліпецкі.

Алена ДРАПКО.