Дзіцячае "Еўрабачанне-2015": любоў, надзея, чараўніцтва

21.11.2015

"Звязда"

Ужо сёння пачнецца адно з найбольш маштабных музычных спаборніцтваў - 13-ты дзіцячыконкурс песні "Еўрабачанне-2015". На сцэну сафійскага культурна-спартыўнага комплексу "Армеец" вечарам выйдуць таленавітыя юныя вакалісты з 17 краін (найбольшая колькасць з 2004 года). Да тых, хто ўжо не першы год удзельнічае ў конкурсе, на гэты раз далучаюцца Аўстралія (краіна, дарэчы, дэбютавала паспяхова ў маі на дарослым конкурсе "Еўрабачанне") і Ірландыя. Вяртаюцца таксама пасля непрацяглага перапынку Албанія і Македонія. Шоу, створанае дзякуючы сумеснай працы паміж Еўрапейскім вяшчальным саюзам і Балгарскім нацыянальным тэлебачаннем, будзе транслявацца ў прамым эфіры ў 17 краінах-удзельніцах 21 лістапада.

Першай на сцэну выйдзе канкурсантка з Сербіі. Лена Стаменковіч упершыню заспявала падчас хрышчэння свайго брата Іакава. І, мабыць, гэта не дзіўна, бо ў сям’і дзяўчынкі тата музыкант, а дзед - мастак. У Сафіі яна выступіць з кампазіцыяй, якая называецца "Леніна песня". У ёй дзяўчынка расказвае пра сваё жаданне зрабіць свет лепшым.

Пад нумарам 2 мы ўбачым выступленне прадстаўнікоў Грузіі. Гонар краіны сёлета абараняе гурт The Vіrus з песняй "Імкніся", галоўны пасыл якой - не баяцца перамен у сабе і навокал. Найстарэйшай яго ўдзельніцы Лізі 12 гадоў. Яна захапляецца музыкай, футболам і спадзяецца стаць спявачкай і мадэллю, калі вырасце. Акрамя яе, у калектыве спяваюць яшчэ трое - 11-гадовыя Элен (дапамагае даглядаць сірот і марыць адкрыць дабрачынны фонд), Тако (у 6 гадоў выйграла конкурс прыгажосці і цэлы год была "прынцэсай") і хлопчык Дата (спевы - яго любімае хобі).

Далей нас чакае сустрэча з Лінай Кудузовіч са Славеніі. Гэтая дзяўчына любіць пісаць песні і спяваць іх. На радзіме стала добра вядомай у 2010 годзе, калі ў 7-гадовым узросце перамагла ў першым сезоне шоу "Славенія мае талент" і ўжо праз год выпусціла свой дэбютны альбом. Сёлета дзяўчына здабыла новую перамогу - "квіток" на дзіцячае "Еўрабачанне", дзе выступіць з песняй "Першае каханне".

Пад нумарам 4 чакаем выступленне сясцёр-блізнят з Італіі. Талент К’яры і Марціны Скарпары прыгожа спяваць заўважыў дзядуля і, паслухаўшы яго падказку - не пераставаць займацца музыкай, дзяўчаты тры гады таму сустрэлі свайго настаўніка Хрысціяна Казенціна. Менавіта ён натхніў іх выступаць на міжнародным узроўні. Выступяць яны са сваім другім сінглам "Жывіце".

Нідэрланды ўбачым і пачуем пад 5-м нумарам. Сваю баладу "Мільён агнёў" публіцы прадставіць юная спявачка Шаліса. Дзяўчына жыве ў невялікай вёсцы ў паўночнай частцы Нідэрландаў з мамай, айчымам і залатымі рыбкамі. На адборы на дзіцячае "Еўрабачанне" ў мінулым годзе Шаліса дайшла да фіналу, але толькі сёлета пераканала журы і публіку, што павінна прадстаўляць сваю краіну на такім прэстыжным конкурсе.

Аўстралію прадставіць пад нумарам 6 Бэла Пэйдж з песняй "Мае дзяўчаты". 14-гадовая артыстка займаецца музыкай з 6-гадовага ўзросту. Але яе песня для дзіцячага "Еўрабачання-2015" - гэта дэбютны сінгл. Кампазіцыя пра "дзяўчат" - сястру і маму - напісана Бэлай у сааўтарстве з вядомай спявачкай Дэльтай Гудрым.

7-й на сцэне з’явіцца Эймі Бэнкс з Ірландыі, якая выканае песню "Зорка мора". Варта адзначыць, што кампазіцыя з’яўляецца адметнай на дзіцячым "Еўрабачанні", бо будзе ўпершыню з 1972 года выканана на ірландскай мове. Нядаўна дзяўчынка выйграла першае месца на міжнародным вакальным конкурсе Amerіcan Protege і будзе выступаць у "Карнэгі-холе" ў снежні. Але спачатку яе чакае дзіцячае "Еўрабачанне".

Абараняць гонар Расіі сёлета даверана Міхаілу Смірнову з песняй "Мара". Канкурсант выступіць пад нумарам 8. Міша з’яўляецца фіналістам другога сезона тэлевізійнага шоу "Голас. Дзеці", акцёрам музычнага тэатра, а таксама ўладальнікам і пераможцам шматлікіх вакальных конкурсаў - расійскіх і замежных.

Пасля перапынку ў год Македонія зноў вярнулася на конкурс. Краіну на сёлетнім "Еўрабачанні" прадстаўляюць Івана Петкоўская і Магдалена Асексоўская з кампазіцыяй "Пляцёнка". Юныя артысткі спяваюць у хоры, іграюць у спектаклях, займаюцца танцамі, яны паспелі паказаць свой талент не толькі ў сваёй краіне, але і на розных міжнародных фестывалях.

10-м на сцэну дзіцячага "Еўрабачання-2015" выйдзе наш Руслан Асланаў. Мы зможам чарговы раз паслухаць яго "Чараўніцтва". Хочацца шчыра верыць, што пасыл, закладзены ў кампазіцыі, знойдзе сваіх прыхільнікаў і сярод шматмільённай еўрапейскай тэлеаўдыторыі.

Затым убачым выступленне Міка з Арменіі.

12-гадовы Майкл Варасян прадставіць публіцы сваю кампазіцыю "Любоў". Летась Міка пачаў таксама кар’еру на тэлебачанні. Зараз ён вядзе шоу Puzzle. Міка з’яўляецца вялікім прыхільнікам "Еўрабачання" і нядаўна нават выпусціў сваю версію песні Манса Зермерлова Heroes.

Нумар украінкі Ганны Трынчэр будзе 12-м на конкурсе. Ганна з’яўляецца пераможцай і дыпламанткай розных вакальных спаборніцтваў. Вера ў Бога і ў сябе - гэта тое, што дапамагае юнай канкурсантцы ў жыцці, таму і ў сваёй кампазіцыі "Пачні з сябе" яна нагадвае, як важна быць больш уважлівымі адно да аднаго, каб ніякія войны не маглі пазбавіць нас чалавечнасці.

Ад Балгарыі, якая гасцінна прымае сёлета дзіцячае "Еўрабачанне", будуць змагацца Габрыэла Ярданава і Іван Стаянаў. Яны выступяць з песняй "Колер надзеі". У адборачным туры гэтыя канкурсанты набралі аднолькавую колькасць балаў, і цяпер мы зможам ацаніць, як гучыць разам іх дуэт. Чакайце яго выступленне пад нумарам 13.

Каміла Ісмаілава, якая нарадзілася і вырасла ў Расіі, на конкурсе будзе прадстаўляць Сан-Марына і з’явіцца пад 14-м нумарам. Неяк у дзяцінстве дзяўчынка пабывала ў гэтай краіне і была настолькі ўражана, што паабяцала сабе аднойчы звязаць з ёй свой лёс. Адправіла сваю заяўку на мясцовае тэлебачанне - і рызыка аказалася недарэмнай. Яе песня называецца "Люстэрка".

Дасягненнем жаданай мэты стаў удзел у дзіцячым "Еўрабачанні-2015" і для 13-гадовай Дэстыні з Мальты. "Не мая душа" - так называецца кампазіцыя, якую пачуем пад 15-м нумарам. Галоўнае для юнай артысткі - рабіць людзей шчаслівымі з дапамогай музыкі.

Для Албаніі сёлетняе дзіцячае "Еўрабачанне" - другое за гісторыю існавання спаборніцтва. Прадстаўніцай краіны стала Мішэла Рапо, якая выканае песню Dumbaje. На сцэну яна выйдзе пад нумарам 16.

Завершыць конкурсныя выступленні выхад 15-гадовай Яны Міркавіч з Чарнагорыі, якая не толькі прыгожа спявае, але і іграе на скрыпцы і піяніна. На сцэну ў Сафіі канкурсантка выйдзе з кампазіцыяй "Шторм".

Слухайце, глядзіце выступленні юных талентаў з усёй Еўропы і аддавайце свае галасы за тую музыку, на якую адгукнецца ваша душа. Хто ведае, магчыма, менавіта ваш голас вырашыць лёс кампазіцыі, што будзе прызнана найлепшай!

Алена ДРАПКО.