Дыск - педагогам, ласункi - дзецям

01.12.2006
"Звязда", 1 снежня 2006 г.


Ксюша Сiтнiк не задаволiлася перамогамi на "Славянскiм базары-2005" i дзiцячым "Еўрабачаннi-2005", i нагадала ўсё ж сваёй мацi i педагогу Святлане Стацэнка пра абяцанне падрыхтаваць сольны дыск. 23 лiстапада дэбютны альбом маленькай спявачкi "Мы разам" якраз быў прэзентаваны ў сталiчным забаўляльным комплексе "Журавiнка". Творчую падтрымку мерапрыемству аказалi Алена Грышанава, Вiктар Пшанiчны, Ганна Шаркунова, Саша НэмА, а таксама юныя выканаўцы - Саша Салавейчык i сёлетнi прадстаўнiк Беларусi на дзiцячым "Еўрабачаннi" Андрэй Кунец. Адпаведна, у госцi прыйшлi i дарослыя слухачы, i дзецi - прычым у кошт бiлета апошнiх уваходзiлi напой i пiрожнае.
"Я вельмi доўга чакала выхаду дыска, - бясхiтрасна прызналася Ксюша. - Мы планавалi выпусцiць яго ў маi, да майго дня нараджэння, потым адклалi да верасня, потым да кастрычнiка... Але, нарэшце, зрабiлi". - "Ну, трэба ж i з iншымі дзецьмi трон дзялiць, я павiнна ўдзяляць увагу ўсiм сваiм вучням", - пракаментавала Святлана Стацэнка. Яна расказала, што на дыску тры "разыначкi": упадабаны дзецьмi клiп на песню "Маленькi карабельчык", мiнусавая фанаграма песнi "Мы разам", якая гучала на "Еўрабачаннi" ў Бельгii i зараз актыўна выкарыстоўваецца на розных дзiцячых конкурсах, а таксама буклет з тэкстамi i нотамi, якi будзе вельмi карысным для педагогаў. Ксюша тым часам рыхтуецца да пастаяннай працы ў ролi тэлевядучай. З наступнага года на тэлеканале "ЛАД" будзе выходзiць аналаг праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" - толькi з удзелам дзяцей.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.