Духоўная ежа "Доктарская". У дробнай нарэзцы

07.04.2006
"Звязда", 7 красавіка 2006 г.


Гэта смела можна назваць сенсацыяй. А чаму б i не? Першая расiйская экранiзацыя легендарнага рамана Барыса Пастэрнака, якую першымi з усiх тэлегледачоў убачаць беларусы! Прывiтанне, доктар Жывага, ласкава запрашаем да нас на экраны - у самы што нi ёсць прайм-тайм.
У рамана "Доктар Жывага" дзiўны i цяжкi лёс. Сам Барыс Пастэрнак, паставiўшы апошнюю кропку ў гiсторыi жыцця таленавiтага ўрача, пазначыў у дзённiку 10 студзеня 1955 года: "Я выканаў доўг, завешчаны мне ад Бога". Сусветная грамадскасць ацанiла кнiгу высока - Нобелеўскай прэмiяй. У СССР жа, нягледзячы i насуперак, раман не друкаваўся больш як 30 гадоў, быў пад забаронай i перадаваўся з рук у рукi самвыдатам. Калi чалавек увозiў гэту кнiгу з-за мяжы, ён сур’ёзна рызыкаваў - "зарабiць" турэмнае заключэнне.

ЧЫТАЛI
Што ж там, у рамане, "гэткага"? Гiсторыя - якой убачыў яе Барыс Пастэрнак. Некалькi дзесяцiгоддзяў з жыцця таленавiтага ўрача, якое выпала на "пераломны час" - першую палову ХХ стагоддзя. Асабiстыя жыццёвыя драмы на фоне сацыяльных "грамадскастрасенняў" мiнулага стагоддзя. Мары i спадзяваннi цэлага пакалення, якiя разбiваюцца ў вiхуры войнаў i рэвалюцыi. З’яўленне зусiм iншых людзей з iншымi характарамi, якiя адпавядаюць гэтаму страшнаму "найноўшаму часу". I пры ўсiм гэтым, нават прайшоўшы ўсе колы пекла па туга зацягнутай спiралi гiсторыi, героi не перастаюць кахаць.
...Юрый Жывага, якi рана застаўся сiратой, трапiў пад апеку свайго дзядзькi i пераехаў у Маскву. Тут праходзяць студэнцкiя гады будучага ўрача. На адным з навагоднiх баляў Юрый робiцца сведкам няўдалага замаху на жыццё моднага адваката Камароўскага. Злачынца з пiсталетам - дзяўчына па iменi Лара Гiшар, дзiўная i прыгожая, якую Юрый бачыў раней пры зусiм iншых абставiнах... З пачаткам першай сусветнай вайны доктар Жывага едзе на фронт, пакiдаючы ў Маскве жонку i дзяцей. Аднак звыклае жыццё разбураецца, нiбы картачны домiк, падчас рэвалюцыi. Каб знайсцi хоць бы падабенства душэўнага спакою, доктар вырашае канчаткова пераехаць з Масквы ў сямейную сядзiбу за Уралам - не падазраючы, што паблiзу ад яе жыве зараз Лара Анцiпава, яна ж Гiшар...

ГЛЯДЗЕЛI
Цяперашняя экранiзацыя рамана - унiкальная ў тым сэнсе, што гэта першая спроба асэнсавання спадчыны Барыса Пастэрнака расiянамi. На Захадзе ж фiльм па "Доктару Жывага" з’явiўся амаль адразу пасля выхаду рамана.
У 1965 годзе рэжысёр Дэвiд Лiн зняў паўнаметражную карцiну на 2,5 гадзiны - з удзелам дзiвосна прыгожага Амара Шарыфа i блiскучай Джулi Крысцi. Фiльм, бюджэт якога склаў 11 мiльёнаў долараў, амерыканскiя кiнаакадэмiкi ацанiлi ў 5 "Оскараў" i назвалi адной з лепшых драм у сусветным кiнематографе.
У 2002 годзе на Пастэрнака замахнуўся рэжысёр Джакома Кампанэцi - Германiя, Вялiкабрытанiя i ЗША не пашкадавалi 12 мiльёнаў еўра на тое, каб зняць дзвюхсерыйны тэлефiльм з жудаснай транскрыпцыйнай назвай "Doctor Zhivago". Цэнтральныя ролi, як пiсала заходняя прэса, атрымалi Сэм Нiл (iграў зусiм не Жывага, як можна было падумаць, а "каварнага" Камароўскага) i Кiра Найтлi (калi маладая актрыса вам не падабаецца як быццам без вiдавочных прычын - смела ўнясiце ў яе "актыў" вось гэту ролю). Вынiк - больш як 220 хвiлiн "вольнага пераказу" Барыса Пастэрнака.
У расiйскага фiльма, выпушчанага ў 2005 годзе, больш сцiплы бюджэт - толькi 4 мiльёны долараў. Затое 11 серый (спачатку планавалiся 8, аднак ужо на этапе напiсання сцэнарыя серыял заўважна "падоўжыўся"). I здымкi, якiя працягвалiся 7 месяцаў, iшлi не ў прычасаным еўрапейскiм наваколлi, а ў Яраслаўлi, Кастраме i Маскве. Да таго ж за "Доктара Жывага" ўзяўся рэжысёр Аляксандр Прошкiн, якi нават ва ўмовах недахопу часу i сродкаў дарэмна матэрыял не псуе (узгадайце "Халоднае лета 53-га", "Убачыць Парыж i памерцi" цi "Мiхайла Ламаносава"). I каб ужо стопрацэнтна забяспечыць поспех i шматмiльённую аўдыторыю, рэжысёр зрабiў "кантрольны стрэл", на ролi ў серыял запрасiўшы Алега Меншыкава, Чулпан Хаматаву, Сяргея Гармаша, Андрэя Панiна, Уладзiмiра Iльiна..
.
ЧАКАЕМ
Цяжка атрымаць уяўленне пра тое, чаго пакуль не было - прагледзеўшы сцiплыя ўрыўкi з пiрацкiх копiй. (У Расii ўжо ёсць якасныя копii на DVD, аднак да нас пакуль тое дойдзе...) А тут яшчэ Першы канал зрабiў "бяку" - i паказаў нядаўна "Доктара Жывага" 2002 года, пасля чаго нястрымна цягне на параўнаннi. I ўсё ж некаторыя ўражаннi ад расiйскай пастаноўкi паспелi аформiцца.
Галоўны плюс - у блiзкасцi менталiтэту. Так, Лара ў выкананнi Чулпан Хаматавай нiколькi не падобна да Лары а-ля Кiра Найтлi. I дзякаваць Богу. Бо калi ў Галiвудзе хочуць зразумець загадкавую рускую душу, атрымлiваецца ў лепшым выпадку "Чырвоная спёка" з Арнольдам Шварцэнегерам у ролi мужнага капiтана... Каб даць iм волю, баюся, ва ўсiх "прарускiх" фiльмах дагэтуль фiгурыравалi б гарэлка, лапцi i цыгане з мядзведзямi. У расiйскiм жа фiльме вонкавы аспект не перашкаджае сэнсу. "Любая экранiзацыя класiкi заўжды нагода для сучаснiкаў, каб выказаць усё, што накапiлася, — кажа рэжысёр Аляксандр Прошкiн. - Заўжды - звядзенне разлiкаў з Радзiмай, з народам, а ў дадзеным выпадку - i з iнтэлiгенцыяй. Наша карцiна - аповяд пра маладых людзей, якiя ўваходзiлi ў дваццатае стагоддзе з надзеяй на грандыёзныя перамены, на тое, што гэта будзе прамянiсты час, якi прынясе ўсiм шчасце, i пра тое, як гэтыя надзеi пайшлi марна. Зараз мы прыкладна ў такiм жа становiшчы - уваходзiм у новае стагоддзе з адчуваннем таго, што ўсё будзе лепш. А як - нiхто не ведае...".
Галоўны мiнус, ва ўсякiм выпадку, для многiх прыхiльнiкаў Пастэрнака - тэкст. Калi Уладзiмiр Бортка ў "Майстары i Маргарыце" лiтаральна старонкамi цытаваў Булгакава, то аўтар сцэнарыя "Доктара Жывага" Юрый Арабаў узяў мала раманнага i дапiсаў многа свайго. З’явiлiся героi, якiх у кнiзе Пастэрнака няма. Ад закадравага "голасу аўтара" стваральнiкi ўвогуле адмовiлiся. Зрэшты, наўрад цi фiльм зрабiўся ад гэтага горшым. Тым больш што ключавыя цытаты засталiся - i прыйшлiся да месца i да часу. У тым лiку цяперашняга. Iмгненнае павелiчэнне попыту ў кнiгарнях на раман "Доктар Жывага" гарантавана.

СЯДАЙЦЕ ЗРУЧНЕЙ...
10 красавiка, 22.05 - першая серыя гiстарычнай драмы "Доктар Жывага" на БТ. Як дырэкцыi лiцэнзiйных праграм i кiнапаказу Белтэлерадыёкампанii ўдалося атрымаць фiльм раней за НТБ, дагэтуль не ведаю. Дырэктар гэтай дырэкцыi Канстанцiн Вараб’ёў сцiпла адмоўчваецца, заўважаючы толькi, што "прэм’еру "Доктара Жывага" з нецярпеннем чакаюць шматлiкiя прыхiльнiкi гэтага твора ва ўсiм свеце; вельмi прыемна, што першымi на тэлеэкранах серыял змогуць паглядзець менавiта беларускiя гледачы".
Словам, на блiжэйшыя два тыднi ўсе традыцыйныя "менты" i "лiхтары" адкладваюцца. А потым мы з вамi яшчэ месяц да хрыпаты будзем абмяркоўваць iгру i касцюмы акцёраў, знаходкi рэжысёра i спрачацца, цi гэта меў на ўвазе Пастэрнак...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.