Добрая прыкмета

27.11.2013
"Рэспублiка", 27 ноября 2013 г.


Прадстаўнік Беларусі на Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2013" Ілья Волкаў і танцавальная група "Максі Брыз" выступяць у фінале міжнароднага конкурсу пад нумарам 7. Жараб'ёўка адбылася на адкрыцці музычнага форуму ў Кіеве, дзе зараз знаходзіцца беларуская дэлегацыя на чале з выканаўчым прадзюсарам тэлеканала "Беларусь 2" Людмілай Барадзіной.
Фінал дзіцячага "Еўрабачання-2013" адбудзецца 30 лістапада. Юныя выканаўцы выйдуць на сцэну ў наступным парадку: Швецыя, Азербайджан, Арменія, Сан-Марына, Македонія, Украіна, Беларусь, Малдова, Грузія, Нідэрланды, Мальта, Расія.
Ілья Волкаў і танцавальная група "Максі Брыз" прадставяць нашу краіну з песняй "Спявай са мной".
Па словах Людмілы Барадзіной, беларускія канкурсанты прыехалі ў Кіеў у выдатным баявым настроі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак створаны добрыя ўмовы. Арганізатары паклапаціліся не толькі аб якаснай і смачнай ежы, але і аб зручным размяшчэнні - гасцініца знаходзіцца ў некалькіх хвілінах хады ад нацыянальнага палаца мастацтваў "Украіна", дзе пройдзе фінал шоу. На працягу еўратыдня акрамя рэпетыцый для юных удзельнікаў конкурсу з розных краін запланаваны мерапрыемствы ў еўрадоме, дзе па вечарах дзеці змогуць бліжэй пазнаёміцца, пагутарыць, спяваць, танцаваць.
Прамую трансляцыю дзіцячага "Еўрабачання-2013" з Кіева будуць весці тэлеканал "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".

Дарэчы

У пятніцу, 29 лістапада, стануць вядомыя імёны фіналістаў нацыянальнага адбору на дарослае "Еўрабачанне-2014". Конкурс пройдзе будучай вясной у Капенгагене. Сярод тых, хто вырашыў сёлета паспрабаваць свае сілы, як пачаткоўцы, так і ўжо вядомыя выканаўцы: гурт "Nuteki", Аляксей Грос, Дарыя, Наталля Тамела, Іван Буслай, Алена Грышанава, Георгій Калдун, ДзіДзюЛя і Макс Лорэнс. Усяго ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 60 заявак.
Прэтэндэнтаў праслухае журы і адбярэ 15 выканаўцаў, сярод якіх у студзені вызначыцца пераможца. У склад судзейскай калегіі ўвайшлі 9 чалавек, у тым ліку народныя артысты Беларусі Васіль Раінчык і Аляксандр Ціхановіч, харэограф Аляксандр Мяжэнны, спявачка Алёна Ланская, тэлевядучы Міхаіл Равуцкі. Узначаліць журы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

Ірына СВІРКО.