"Добрай раніцы, Беларусь!" абнавілася

31.01.2014
"Звязда", 31 студзеня 2014 г.

 
Цяпер штораніцы можна рабіць зарадку ў кампаніі прафесійнага трэнера па фітнесе, па чацвяргах крыху азнаёміцца з фільмамі, якія ідуць у айчынных кінатэатрах, а таксама двойчы на тыдзень прыгатаваць паводле відэарэцэптаў стравы нацыянальнай беларускай кухні, "ажывіць" дызайн кватэры ці перагледзець уласны гардэроб.
Але найбольшы водгук, адзначае кіраўніца "Добрай раніцы, Беларусь!" Алена Дзяшкевіч, атрымала рубрыка "Дом для гадаванца": "Мы супрацоўнічаем з валанцёрамі, і яны распавядаюць пра знойдзеных, выратаваных і дагледжаных жывёл, якім патрэбны новыя гаспадары. Літаральна за пару тыдняў, што рубрыка выходзіць у эфір, свой дом ужо знайшлі некалькі катоў і сабак". Дарэчы, партрэты, відэагісторыі і "кантакты" вусата-хвастатых кандыдатаў на суседства з добрымі гаспадарамі змешчаны таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў раздзеле "Праграмы".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.