"Добрай раніцы, Беларусь!" парадуе навінкамі

12.02.2016

"Звязда"

Цяпер праект будзе больш інтэрактыўным.

З лютага папулярны праект "Добрай раніцы, Беларусь!" пачаў выходзіць у абноўленым фармаце. Гледачы ўжо паспелі ацаніць "вокладку" ранішняй праграмы, але гэта толькі малая доля сюрпрызаў, якія чакаюць аўдыторыю. Цяпер праект будзе больш інтэрактыўным: любы ахвотны зможа стаць удзельнікам фотамарафону альбо музычнай віктарыны. Таксама ў эфіры праграмы плануецца правядзенне тэлемастоў, знаёмствы з зорнымі гасцямі, імправізацыі ў студыі і многае іншае.

Праграма "Добрай раніцы, Беларусь!" выходзіць у эфіры "Беларусь 1" ужо больш за 15 гадоў і з'яўляецца адным з самых рэйтынгавых праектаў на Беларускім тэлебачанні. Сёння "ДРБ" - гэта актуальныя тэмы, цікавыя героі, шмат пазітыву і добрага настрою, якімі з экранаў дзеляцца тры пары вядучых: Святлана Бароўская і Дзяніс Дудзінскі, Вольга Рыжыкава і Яўген Перлін, а таксама Глеб Давыдаў і Надзея Цімафеева.

- Калі казаць пра новаўвядзенні, то, безумоўна, першае, што кідаецца ў вочы, - афармленне студыі. Цяпер, дзякуючы новым тэхнічным магутнасцям, а менавіта ўнікальнаму святлодыёднаму экрану, "карцінка" цэлага шэрагу праектаў Белтэлерадыёкампаніі стала больш насычанай і багатай на колеры. Таксама за кошт новай тэхнікі мы будзем праводзіць тэлемасты з рэгіянальнымі калегамі ранішніх праграм і ўвасабляць у жыццё многія іншыя цікавыя хады ў эфіры. Напрыклад, вядучыя канала "Беларусь 4" з розных рэгіёнаў будуць дзяліцца інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў іх, - адзначыла кіраўнік праекта Алена Валяк.

Сярод новаўвядзенняў - фотамарафон, з якога цяпер пачынаецца кожны эфір. Каб стаць удзельнікамі акцыі, неабходна даслаць на старонку праекта ў сацыяльных сетках свае фотаздымкі на зададзеную вядучымі тэму. Іх пакажуць у выпуску праграмы, а ў канцы вядучыя вызначаць пераможцу. Яшчэ гледачы могуць прадэманстраваць сваё веданне роднай краіны, паўдзельнічаўшы ў віктарыне "Мая Беларусь". (Для гэтага трэба першым патэлефанаваць у эфір і адказаць на тры нескладаныя пытанні.)

Асобны блок праграмы будзе прысвечаны меламанам. Падчас музычнай віктарыны неабходна будзе адгадаць выканаўцу альбо назву трох прагучаўшых фрагментаў. Раніцай на дапамогу гледачам будзе прыходзіць фітнес-інструктар, разам з якім можна зрабіць зарадку і даведацца шмат цікавай і карыснай інфармацыі накшталт падтрымання сябе ў форме.

Акрамя гэтага, штораніцы вядучыя Белтэлерадыёкампаніі - аўтары тых праектаў, якія прадстаўленыя ў гэты дзень у эфіры, - будуць распавядаць пра нешта цікавае. Напрыклад, кожны аўторак у "Добрай раніцы, Беларусь!" пра найбольш значныя падзеі ў свеце спорту раскажа карэспандэнт АТН Станіслаў Ліпскі. Сярод гасцей "ДРБ" з'явяцца астролаг, псіхолаг і дыетолаг.

Нагадаем, што ў ранішнім шоу любы ахвотны па-ранейшаму можа павіншаваць кагосьці з Днём нараджэння, звярнуцца па параду да спецыяліста або проста паведаміць краіне сваю добрую навіну - трэба толькі адправіць інфармацыю на электронную скрыню: utro@tvr.by.

Пачынайце дзень разам з праграмай "Добрай раніцы, Беларусь!".

Алена ДРАПКО.