Датыкнуцца... і дапамагчы

26.05.2010
"Звязда", 26 мая 2010 г.


Зоркі беларускай і расійскай эстрады дадуць дабрачынны канцэрт на карысць хворых дзяцей
1 чэрвеня ў сталічным Палацы спорту адбудзецца канцэрт-марафон, прымеркаваны да Дня абароны дзяцей. Гэту акцыю, ініцыяваную дабрачынным фондам "Дотык да жыцця", сёлета падтрымлівае Першы канал, а таксама міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі, гарадскі камітэт БРСМ і іншыя афіцыйныя ўстановы. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу білетаў, арганізатары плануюць пералічыць дзецям, якія пакутуюць ад анкалагічных і гематалагічных хваробаў.
Штогод у дабрачынным марафоне бяруць удзел вядомыя дзеячы культуры, спартсмены, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. Сёлета, напрыклад, згоду на ўдзел у канцэрце папярэдне далі такія папулярныя выканаўцы беларускай і расійскай эстрады, як Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Іна Афанасьева, "Беларускія песняры", "Da Vіncі", Аляксей Хлястоў, Ганна Шаркунова, Паліна Смолава, Галіна Шышкова, Прохар Шаляпін, Дакота, Юлія Міхальчык, Паскаль, Ірына Ортман, прадстаўнік фонду Чулпан Хаматавай ды іншыя. Далучыцца ж да высакароднай справы зможа кожны, хто набудзе білет на канцэрт або пералічыць грошы на разліковыя рахункі:

3015033822532 (бел. руб.), 3015033822545 (еўра).
Філіял № 514 ААТ "ААБ Беларусбанк", г. Мінск, вул. Сурганава, 47а.

"Кажуць, што рак можна параўнаць з цягніком, - разважае старшыня мясцовага дабрачыннага фонду "Дотык да жыцця" Ларыса Івашкевіч. Ён можа стаяць колькі заўгодна доўга (стан рэмісіі), але можа і ў любы момант крануцца (развіццё захворвання). Часцей цягнікі ўсё ж едуць. Але якой будзе іх дарога, залежыць ад нас з вамі. Каб цягнік хутчэй дабраўся да станцыі "Жыццё", нам трэба спяшацца...".

Вікторыя ЗАХАРАВА.