Дарогу ў музыку - новым імёнам

12.12.2014
"Звязда", 12 снежня 2014 г.

 
Вызначыліся пераможцы радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Гэтае творчае спаборніцтва, арганізаванае Першым каналам Беларускага радыё, праходзіла сёлета ўжо чацвёрты раз - са жніўня па снежань. Заяўкі на ўдзел даслалі больш як 250 маладых музыкантаў і спевакоў, а да ўдзелу ў "жывым" праслухоўванні былі дапушчаны каля 230. Найлепшых вызначала журы на чале з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Зарыцкім. 10 снежня ў Доме радыё адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Галоўныя прызы атрымалі 37 маладых артыстаў, яшчэ 22 былі адзначаны спецыяльнымі прэміямі. Так, у намінацыі "Эстрадны вакал" у малодшай узроставай групе перамога дасталася сёлетняй уладальніцы 1?й прэміі "Славянскага базару ў Віцебску" Зіне Купрыяновіч, у сярэдняй узроставай катэгорыі першынство ўзяла неаднаразовая ўдзельніца адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне" Ганна Зайцава, а вось сярод старэйшых (17-21 гадоў) перамогу суддзі вырашылі не прысуджаць нікому.
У намінацыі "Інструментальная музыка. Ансамблі" гран-пры атрымаў фартэпіянны дуэт сясцёр Насці і Дар'і Лукашэнкаў, а сярод сольных выканаўцаў безумоўнымі лідарамі ў сваіх узроставых катэгорыях сталі 12?гадовая піяністка Паліна Фраловіч з Салігорска, 15?гадовая скрыпачка Паліна Склярава з Мінска і 16?гадовы саксафаніст Віктар Бродка са Смалявіч, 18?гадовы віяланчэліст Максім Барбаш з Мінска і 19?гадовая мінчанка Ганна Собаль, якая спадабалася журы ігрой на домры.
У намінацыі "Спадчына" прафесіяналы прысудзілі галоўныя ўзнагароды дзіцячаму фальклорнаму ансамблю "Рада" і 12?гадовай Заране Кунь з Мінска, а таксама сталічнаму маладзёжнаму ансамблю "Беларуская песня". Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны таксама некаторыя педагогі і канцэртмайстры маладых артыстаў - дыплом "За адданасць прафесіі" атрымалі канцэртмайстры з Салігорска Яўген Барэйка, Аляксандр Трафімовіч і педагог Святлана Пятровіч, "За творчы пошук" была адзначана кіраўніца дзіцячага ансамбля "Рада" Ірэна Катвіцкая.
Дарэчы, музычныя творы ў выкананні пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных узнагарод аматары музыкі змогуць пачуць у эфіры Першага канала Беларускага радыё, а ў праграме "Маладыя таленты Беларусі", якая выходзіць па нядзелях, слухачоў чакаюць сустрэчы з пераможцамі і дыпламантамі сёлетняга конкурсу. Арганізатары ж нагадваюць, што для кожнага з юных таленавітых артыстаў гэтыя выступленні могуць стаць сур'ёзнай прыступкай да папулярнасці - нездарма ж у свой час лаўрэатамі радыёконкурсу станавіліся артысты, чые імёны сёння на слыху: Алена Ланская, Юрый Дземідовіч, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая і іншыя.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.