Далучанасць да існасці падзей

17.07.2004
“Культура”, 17 ліпеня 2004 г.


Калі старажытны чалавек спазнаваў свет толькі з дапамогай уласных органаў пачуццяў, дык цяпер гэтыя функцыі ўзялі на сябе сродкі масавай інфармацыі. Менавіта ад СМІ шмату чым залежыць, ці будуць водбліскі "Славянскага базару ў Віцебску" бачныя ў тых далёкіх краях, дзе пануе вечная мерзлата, альбо, наадварот, ніколі не бывае снегу. Тамму працу журналістаў па асвятленні ходу фестывалю цяжка пераацаніць.
Пра тое, як яна арганізавана сёлета, распавядае - па нашай просьбе - міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір РУСАКЕВІЧ.

- Цяпер, калі акрэдытацыя журналістаў на "Славянскі базар у Віцебску" ўжо скончана, можна казаць пра маштабы цікавасці прэсы да гэтай падзеі.
- Сёлета яна была традыцыйна вялікая - пра што могуць засведчыць хаця б сухія лічбы. Так, на фестываль прыедзе 46 журналістаў з беларускіх выданняў і радыёстанцый, а з суседняй Расіі іх будзе нават на два болей - 48. Украіну прадстаўляе 11 журналістаў. Прэса іншых краін - Балгарыі, Польшчы, Малдовы, Сербіі і Чарнагорыі - дэлегавала на "Славянскі базар у Віцебску" агулам 30 чалавек. Вядома, актыўна асвятляць фестываль будуць бадай усе віцебскія СМІ - ад іх мы атрымалі заяўкі на акрэдытацыю 33 журналістаў. А найбольш прадстаўнічай на форуме стане група супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі.

- Беларускія тэлегледачы ніколі не скардзіліся на прадмет сваёй "адлучанасці" ад фестывальных імпрэз. А ці будуць яны гэтаксама паўнавартасна прадстаўлены і на "блакітных экранах" нашых суседзяў?
- Так, будуць. 1 - 2 сакавіка наша Міністэрства правяло перамовы з кіраўніцтвам Усерасійскай дзяржтэлерадыёкампаніі наконт арганізацыі асвятлення сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" на тэлеканале "Расія". У выніку гэтых перамоў быў заключаны трохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі РБ, дырэкцыі "Славянскага базару" і УДТРК. Ён прадугледжвае забеспячэнне тэлевізійнага запісу і трансляцыі ўсіх асноўных фестывальных імпрэз: урачыстага адкрыцця фестывалю, конкурсу маладых выканаўцаў, Дзён культуры Расіі, Беларусі і Украіны, урачыстага закрыцця форуму. Будуць там і рэгулярныя выпускі "Дзённіка фестывалю" з падрабязнай справаздачай аб асноўных падзеях кожнага дня.
Дзякуючы гэтаму дагавору, "завочна" папрысутнічаць на фестывалі здолеюць усе, хто мае доступ да спадарожнікавага тэлеканала "РТР-Планета". А аўдыторыя ў яго немаленькая - зважаючы хаця б на тое, што абсяг трансляцыі гэтага канала ахоплівае 35 краін свету.
Асноўныя фестывальныя імпрэзы цалкам убачаць таксама і гледачы тэлеканала "Мір", які вяшчае на краіны СНД і Балтыі. У блокі навін гэтага канала рэгулярна будуць трапляць спецыяльныя рэпартажы і сюжэты.
Акрэдытацыю па лініі Міністэрства замежных спраў атрымалі таксама і здымачныя групы тэлеканалаў "НТБ", "ТВЦ", "Першы канал" (Расія). Такім чынам, даведацца пра тое, што робіцца ў фестывальным Віцебску гэтымі ліпеньскімі днямі, здолеюць усе, хто таго зажадае.

- Водгукі адносна арганізацыі працы СМІ на “Сдавянскім базары” мне даводзілася чуць і чытаць толькі станоучыя. Але, магчыма, сёлета фестываль здолее парадаваць акрэдытаваных журналістаў нейкімі прыемнымі інавацыямі?
- Безумоўна, такія прыемныя інавацыі будуць. Перш-наперш, гэта тычыцца колькасці прэс-канферэнцый - іх будзе значна больш, чым у мінулым годзе. I тэматыка іх вельмі разнастайная - будзе зроблена ўсё, каб журналісты ні ў якім разе не маглі скардзіцца на "інфармацыйны голад".
Што да фестывальнага прэс-цэнтра, спадзяюся, тых тэхнічных сродкаў якімі ён забяспечаны, цалкам хопіць на тое, каб вырашыць практычныя пытанні, звязаныя з працай акрэдытаваных на фестывалі журналістаў, а пакінуць ім толькі творчыя. Сёлета там будзе каля 10 камп'ютэраў - нашмат больш, чым летась, - кожны з якіх падключаны да Інтэрнета, сеткавы прынтэр, два факсы, памнажальная тэхніка - і, вядома ж, тэлефоны. Карыстацца ўсім гэтым - у тым ліку факсавай ды тэлефоннай сувяззю, - натуральна, можна будзе бясплатна. А каб надаць "майстрам пяра і мікрафона" імпэту ды бадзёрасці, у прэс-цэнтры іх пачастуюць добрай кавай.
Але функцыі прэс-цэнтра ўсім гэтым не абмяжоўваюцца. Для таго, каб спрасціць працу журналістаў, двойчы на дзень яго супрацоўнікі будуць рыхтаваць прэс-рэлізы з інфармацыяй пра ўсе падзеі бягучага дня. Дарэчы, адразу пасля акрэдытацыі прадстаўнікі СМІ атрымліваюць праграму фестывалю. Яна ўключана ў прызначаны для журналістаў змястоўны камплект інфармацыйных матэрыялаў, куды ўвойдуць таксама ілюстраваныя буклеты са звесткамі пра гісторыю фестывалю, удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў ды членаў журы. А непасрэдна наша міністэрства парадуе прэсу сваімі падарункамі. Сярод іх - прывітальная паштоўка, кнігі "Інфармацыйная прастора Беларусі" і "Знаёмцеся - Беларусь".
...Адным, словам, будзе зроблена ўсё, каб журналісты, якія прыязджаюць у Віцебск з розных краёў, адчувалі сябе там як мага больш утульна, каб яны не згубіліся ў віхуры фестывальных падзей, каб іх падарожжа па дзівосным і шматлюдным "Славянскім базары" было прыемным.
- Дзякуй за гутарку, Уладзімір Васільевіч!

Гутарыў Ілля СВІРЫН.