ДакЛАДна добры настрой

08.10.2007
"Звязда", 6 кастрычніка 2007 г.


Хоць афіцыйна новы тэлевізійны сезон ідзе ўжо з верасня, на некаторых каналах навінкі наўмысна "прытрымліваліся", каб стартаваць пазней, калі канкурэнты ўжо выклалі ўсе козыры. Напрыклад, на "ЛАДзе" кропкай адліку можна лічыць 8 кастрычніка - менавіта ў гэты дзень пачынаецца большасць новых - уласных і ліцэнзійных - праектаў.
Як адзначыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, сёлета "галоўная прэм’ера сезона - тэлеканал "ЛАД" у комплексе". Кіраўнік канала Сяргей Кухто ўдакладніў: нягледзячы на гонкі за рэйтынгам, павялічыўся аб’ём дзіцячага вяшчання, захаваліся лепшыя праекты культуралагічнага накірунку, утрымліваецца лідарства ў галіне спартыўнага вяшчання. Адзначым толькі самыя цікавыя праекты.
Гонар "ЛАДу" - рэаліці-шоў "Цудоўная сямёрка", спартыўна-забаўляльны праект уласнай вытворчасці. Калі расійскія "зоркі" шоў-бізнэсу ўпарта выступаюць на лёдзе, нават у некалькіх праектах, то беларускім падаравана цудоўная магчымасць - з дапамогай вопытных трэнераў праявіць сябе ў самых розных відах спорту. Першы эпізод, калі сямёра ўдзельнікаў пакарылі трасу ў Лагойску, гледачы ўжо бачылі гэтай вясной, зараз будзе паказаны другі - асваенне воднай гладзі САК "Алімпійскі". Вядучыя тэлеканала "ЛАД" Святлана Панкратава і Алена Бікранёва, артысты Аня Шаркунова, Тарыел Майсурадзе, Венера і Вольга Вайніловіч, а таксама інспектар УДАІ УУС Мінгарвыканкама Станіслаў Салавей прадэманструюць свае поспехі ў сінхронным плаванні. Адзняты трэці эпізод праекта - водныя лыжы, на падыходзе чацвёрты - конны спорт. Як мяркуе аўтар ідэі "Цудоўнай сямёркі" Сяргей Кухто, праект расцягнецца якраз на ўвесь тэлесезон, а далей - хто ведае, можа, будзе і працяг.
Якое ж тэлебачанне абыходзіцца без ток-шоў, калі ўздымаюцца самыя злабадзённыя тэмы, запрашаюцца неадназначныя героі, у студыі віруюць страсці, а тэлефоны распаляюцца ад званкоў гледачоў. Відаць, кіраўніцтва "ЛАДу" ўлічыла і тэндэнцыі, і чаканні гледачоў, і ўласныя схільнасці - у выніку нарадзілася ток-шоў "Страсці па культуры", першы выпуск якога мы ўбачым у лістападзе. Імя вядучага і нават гасцей пакуль што трымаецца ў сакрэце, што да тэм - нас запэўнілі, што яны будуць вострымі. Напрыклад, адзін з выпускаў плануецца прысвяціць праблеме лаянкі і мату ў паўсядзённай лексіцы...
Не сакрэт, што тэлевізар, за выключэннем, бадай, спартыўных трансляцый, глядзяць пераважна жанчыны. Таму і большасць перадач арыентаваная на прыгожую палову чалавецтва. "ЛАД" выпраўляе сітуацыю, як лічыць патрэбным - прапануе беларускім мужчынам глянцавы тэлечасопіс "Казанова" аб сабе і для сябе, любімых.
Перайшоў з СТБ на "ЛАД" вядомы "тэледоктар", зрэшты, ён жа сапраўдны ўрач - доктар Цярэшчанка - а разам з ім трапіў у эфір праект "урачэбныя тайны". Тут нават гаварыць доўга не трэба - праграмы пра здароўе былі, ёсць і будуць актуальнымі.
Псіхалагічныя праблемы разглядае новы праект "ЛАДу" - "Іншыя". Мэта праграмы - раскрыць псіхалогію злачынцаў, растлумачыць гледачам, чаму, трапляючы ў тую ці іншую жыццёвую сітуацыю, адзін чалавек выбірае шлях барацьбы, а другі плыве па цячэнні. Героі праграмы - асуджаныя; экспертамі выступаюць псіхолагі, нарколагі, сэксолагі, прадстаўнікі сілавых структур, якія дадуць кожнаму гледачу магчымасць прааналізаваць уласныя ўчынкі і думкі.
Новым аўтарскім праектам парадуе знаўцаў і аматараў гісторыі роднага краю Алесь Матафонаў. Цыкл "Лабірынты" раскрывае малавядомыя або зусім невядомыя старонкі культуры, міфалогіі, фальклору беларускага народа. "У бясконцым руху гісторыі вельмі многае губляецца, нешта забываецца, пэўныя звесткі скажаюцца. Аднак ніколі не позна распачаць шлях да спазнання таямніц мінуўшчыны", - перакананы Алесь.
Акрамя ўжо вядомай праграмы "Наша пяцёрачка" з Ксюшай Сітнік і Андрэем Кунцом, рыхтуюцца яшчэ два новыя праекты для дзяцей: "Бухта капітанаў"(рэспубліканскае тэлевізійнае спаборніцтва, нешта сярэдняе паміж спартландыяй і "востравам скарбаў") і "Свая кампанія".
У дадатак да ўласнаручна створаных праграм, канал "ЛАД" набыў мноства рэйтынгавых расійскіх тэлепраектаў. Сярод іх, напрыклад, змаганне з дзіцячымі капрызамі "Няня спяшаецца на дапамогу" з Ангелінай Вовк (па серадах), "Бітва экстрасэнсаў", для якіх прыдумвае неверагодныя выпрабаванні вядучы Міхаіл Парэчанкаў (кожную пятніцу), рэаліці-шоў "Другое жыццё" (па пятніцах), у якім за два тыдні чалавек цалкам мяняе прывычны ўклад і ператвараецца ў кагосьці іншага, калектыўная барацьба з жаночай дэпрэсіяй "Клуб былых жонак" (па пятніцах), вельмі запатрабаваны "Час суда" з Паўлам Астахавым (штодня па буднях) і г.д.
Ледзьве на забыліся адзначыць - на "ЛАД" прыйшлі "Дзве зоркі". Але не тыя, пра якія адразу ўсе падумалі, хоць тут таксама будзе многа музыкі і спеваў. "Дзве зоркі" - 263-серыйны індыйскі серыял, які пачнецца з 14 кастрычніка.
...Што да Першага канала, то сёлета ён саступіў права першынства малодшаму "сабрату", прызначыўшы адкрыццё сезона на сярэдзіну кастрычніка. Але ўжо вядома, што кіраўніцтва тэлеканала вернецца ў эфір на пазіцыі "гуляючых трэнераў": старшыня БТРК Аляксандр Зімоўскі з 12 кастрычніка будзе весці грамадска-палітычнае ток-шоў "Жорсткая размова", яго намеснік Аляксандр Мартыненка працуе над ток-шоў "Ход у адказ" (стартуе з 15 кастрычніка), гэтаксама ў праграме ўжо ідзе аўтарскі праект Юрыя Азаронка "Мужыкі". Калі хочаце ведаць падрабязнасці - як кажуць, сачыце за праграмай!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.