Дабранач. І Удачы

12.05.2009
"Звязда", 12 мая 2009 г.


Сёння - выпрабаванне прамым эфiрам для 18 удзельнiкаў першага паўфiналу, у тым лiку i для Пятра Елфiмава. Беларускi канкурсант выйдзе на сцэну спарткомплексу "Алiмпiйскi" з песняй "Еуеs thаt nеvеr liе" пад чацвёртым нумарам. Адкрые сённяшнi канцэрт Чарнагорыя, а завершыць - Боснiя i Герцагавiна. Вядучымi абодвух паўфiналаў, як было абвешчана нядаўна, стануць Андрэй Малахаў i топ-мадэль Наталля Вадзянава.

Толькi для 10 удзельнiкаў сiмвал сёлетняга "Еўрабачання" - казачная жар-птушка - абернецца ў вынiку птушкай шчасця i бiлецiкам у фiнал. Цiкава, якiя шанцы трапiць у гэту шчаслiвую дзясятку мае Беларусь? Мы - як i вы, шаноўныя чытачы, - дазнаемся пра гэта сёння ноччу. З той толькi рознiцай, што галасаваць, седзячы ў Маскве, у першым паўфiнале мы не зможам, а ў вас ёсць 15 хвiлiн i нумар 8-810-101-03-ХХ, каб аддаць свой голас за ўпадабанага выканаўцу.

Але пэўныя здагадкi за дзве персанальныя рэпетыцыi кожнага канкурсанта i тры агульныя генеральныя прагоны ў нас ужо склалiся - а ў каго iх няма?
Напрыклад, паводле журналiсцкага галасавання, наладжанага ў прэс-цэнтры, Беларусi прагназуецца 8-е месца ў паўфiнале - i значыць, выхад далей. Зрэшты, карцiнка галасавання прэсы мяняецца штодня, так што, як казаў герой кiнастужкi "У жнiўнi 44-га" - не факт.

Iнтэрнэт-галасаванне фанаў конкурсу несуцяшальнае для нас - Беларусь большая частка фанацкiх чартаў не называе ў лiку фiналiстаў. Але i гэта таксама - не факт, бо пераважная большасць такiх прагназiстаў калi i бачыла штось, то хiба ўрыўкi вiдэа праз той жа Iнтэрнэт. Таму мы папрасiлi агучыць прагнозы людзей, якiя непасрэдна звязаныя з конкурсам - i з Беларуссю.

Аляксандр Мартыненка: "Аднаго толькi голасу мала"

Кiраўнiка беларускай дэлегацыi на маскоўскiм "Еўрабачаннi", намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii без прывычнага дзелавога касцюма не адразу i пазнаць. Але Аляксандр Iванавiч запэўнiвае - нягледзячы на знешнi выгляд, на першым месцы заўжды - работа. А забавы? "Забавы ўжо былi - напрыклад, наша беларуская вечарынка 7 мая".

- Дык, можа, раскажыце аб ёй крыху больш падрабязна - для тых, хто не быў, не бачыў, не каштаваў славутага беларускага марожанага i цукерак. Цiкава атрымалася?
- Можа, гэта нясцiпла, але калегi, з якiмi мы тут сустракаемся, адзначаюць, што наша вечарынка з нацыянальных пакуль што была самай маштабнай i гасцiннай. Мы вельмi рады, што да нас прыйшло мноства гасцей, бо графiк на "Еўрабачаннi" вельмi шчыльны, i нiхто не паспявае паўсюдна пабываць, але да нас прыйшлi ўсе, каго мы запрашалi. Акрамя ўдзельнiкаў сёлетняга "Еўрабачання", гэта ўсе нашы беларускiя артысты, якiя жывуць у Маскве - Наталля Падольская, Руслан Аляхно, Дзмiтрый Калдун, Палiна Смолава, Дакота; прыехала Гюнеш, пераможца дзiцячага "Еўрабачання-2007" Аляксей Жыгалковiч. У якасцi ганаровага госця прыйшоў Фiлiп Кiркораў са сваёй камандай. Было вельмi многа музыкi, многа прыемных людзей, многа тэлеканалаў... Мне здаецца, атрымалася здорава.

- Ведаю, што яшчэ адна частка вашай работы - заручыцца падтрымкай iншых краiн у тым, каб дзiцячае "Еўрабачанне-2010" адбылося ў Беларусi. Наколькi паспяховая гэта мiсiя?
- Баюся сурочыць, але ходзяць нефармальныя чуткi, што папярэдне прынята рашэнне на карысць Беларусi. Нас яшчэ чакае сустрэча кiраўнiкоў дэлегацый i перамовы з выканаўчым прадзюсарам Еўрапейскага вяшчальнага саюза Свантэ Стаксэлiўсам, i толькi тады пра гэта можна будзе гаварыць упэўнена.

- Пра шанцы Беларусi выйсцi ў фiнал таксама нiхто не вырашаецца гаварыць адназначна, публiка падзялiлася на асцярожных аптымiстаў i рашучых скептыкаў. Вы да якой катэгорыi належыце?
- Скажу так: паўфiнал, у якiм мы выступаем, даволi слабы. I з 18 удзельнiкаў яркiх нумароў мала. Гэта нам на руку.

- Але, з iншага боку, краiны, якiя па традыцыi галасуюць за Беларусь, выступаюць i галасуюць у iншым паўфiнале...
- Так, i гэта другi момант, якi ўжо нам у мiнус. Але галоўнае - якiм атрымаецца выступленне. Рэжысёр-пастаноўшчык нумара Януш Юзефовiч вылецеў у Варшаву, але ён вернецца да паўфiналу, мы хацелi яшчэ паспрабаваць некаторыя праўкi наконт графiкi, падкарэктаваць. Але ж неабходная яшчэ харызма артыста. Бо важны не толькi голас. Артыст, якi выходзiць на сцэну "Еўрабачання", павiнен скарыць сэрцы гледачоў. I зрабiць гэта не толькi добрым вакалам, спевамi, але яшчэ нейкай сваёй шчырасцю, непасрэднасцю, дабратой, абаяннем. Напэўна, гэта больш падкупляе людзей, чым адзiн толькi прафесiяналiзм. Ты выйшаў на сцэну - ты павiнен з экрана выпраменьваць сваю любоў. Бо з галасамi тут усе 42 удзельнiкi, з дрэнным вакалам нiкога няма. А харызма, жаданне падарыць свае эмоцыi - гэта не ў кожнага ёсць. Я, напрыклад, зазiрнуў на рэпетыцыю да Патрысii Каас - яе выступленне немагчыма ўспрымаць проста як спевы, бо тут усё - талент, голас, найвышэйшы прафесiяналiзм, жывыя пачуццi, i ўсё гэта захапляе i прымушае перажываць разам з артыстам.

Аляксандр Рыбак: "Жадаю ўдачы!"

Хлопец з нарвежскiм пашпартам i беларускiмi ўспамiнамi не стамляецца расказваць, што далёкую радзiму ён добра памятае i ведае мову таму, што мацi нават пасля пераезду ў Нарвегiю спявала яму беларускiя песнi. Па просьбе журналiстаў Саша з задавальненнем спявае "Купалiнку". Добразычлiва хвалiць энергетыку песнi Пятра Елфiмава, а самога спевака канкурэнтам не лiчыць - не таму, што лiчыць слабейшым выканаўцам, а проста таму, што ўсiх канкурсантаў разглядае як калег, а не як супернiкаў.

- Мне падабаецца нумар, якi пастаўлены для Пятра Елфiмава - полымя, вецер, гэта ўсё вельмi вiдовiшчна, дынамiчна i запамiнальна. А ў спалучэннi з песняй вельмi цiкава. Так што, я думаю, у Пятра добрыя шанцы прайсцi ў фiнал, i я абсалютна шчыра жадаю яму ўдачы! Буду глядзець паўфiнал i перажываць за яго. А ўвогуле, мне здаецца, "Еўрабачанне" абяцае быць надзвычай вiдовiшчным - столькi моцных выканаўцаў, шоу, дзяўчат многа галасiстых, каго нi вазьмi - хоць Насця Прыходзька, хоць Святлана Лабада, ды яшчэ Патрысiя Каас...

- Твая песня "Fаirуtаlе" стала настолькi папулярнай, што Нарвегiю ўжо цяпер называюць пераможцам "Еўрабачання". Як ты сам да гэтага ставiшся?
- Гэта, безумоўна, вельмi прыемна - такое прызнанне, Нарвегiю ўпершыню прагназуюць у пераможцы. Але гэта i крышку палохае, бо адказнасць жа вялiкая, трэба не расчараваць нарвежцаў - i беларусаў таксама... Я стараюся не думаць пра гэта, настроiцца на выступленне. Мне дала адна вельмi вопытная нарвежская спявачка, колiшняя ўдзельнiца "Еўрабачання", выдатную параду - ва ўсёй гэтай кругаверцi не забывацца на самае галоўнае - тое, што я хачу сказаць слухачам сваёй песняй, падзялiцца з iмi гiсторыяй кахання. Вось гэта я i буду рабiць, а там паглядзiм.

Калi ў Сашы паўжартам цiкавяцца - "а вось выйграеш - згодны, каб "Еўрабачанне" прайшло ў Беларусi?" - ён абсалютна сур'ёзна адказвае, што для гэтага ж трэба прыняць беларускае грамадзянства. "Аднак калi ўдасца наведаць Беларусь, я буду такi шчаслiвы! Бо з моманту пераезду я там нiколi не быў", - дабаўляе.

Дзмiтрый Калдун: "Рыхтавацца трэба больш адказна"

Удзельнiк "Еўрабачання-2007" Дзiма Калдун як нiхто iншы ведае, якая гэта няўдзячная справа - рабiць прагнозы. I разам з тым менавiта ён - адзiны, каму ўдавалася вывесцi Беларусь у фiнал конкурсу - больш за каго мае права разважаць, што неабходна для поспеху.

- Я лiчу, што трэба больш адказна рыхтавацца да конкурсу, чым гэта адбываецца цяпер. Не люблю займацца гаданнем - што будзе, каму пашанцуе... Землякам, зразумела ж, жадаю ўдачы. Але, калi шчыра, асадак сёлета не самы добры адчуваецца.

- Прайшла чутка, што ты быў бы не супраць паспрабаваць свае сiлы ў "Еўрабачаннi" ў другi раз?
- Думаю, што так, гэта было б мне цiкава. Тым больш, што зусiм нядаўна я размаўляў з Фiлiпам Кiркоравым, i ён лiчыць, што было б цiкава паўтарыць такi тандэм.

- Не магу не ўдакладнiць - паўтарыць ад Беларусi цi Расii?
- Ад Беларусi, натуральна!

...10 мая на цырымонii адкрыцця маскоўскага "Еўрабачання" быў запушчаны хранометр, якi адлiчвае час да галоўнага - фiнальнага шоу. Цi будзе беларусам за каго перажываць у iм? Пачакаем i ўбачым. I не забываемся, што пры ўсiм сваiм размаху "Еўрабачанне" - гэта ўсяго толькi песенны конкурс, а не барацьба дзяржаў за лiдарства ў свеце. Прыемнага прагляду!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Масква.