Да пачатку шоу засталося ...

17.05.2005
"Звязда", 17 мая 2005 г.


12 мая ў Кiеве пачаўся Еўратыдзень - дэлегацыi з 39 краiн прыбылi ва ўкраiнскую сталiцу для рэпетыцый, прэс-канферэнцый, узорна-паказальных вечарынак. Ну i, канешне, для падрыхтоўкi да паўфiналу 19 мая i фiналу - 21-га.
Першая прэс-канферэнцыя, якую дала беларуская канкурсантка Анжэлiка Агурбаш, адбылася 14 мая. Спявачка выклiкала фурор у замежных журналiстаў як канкурсантка з самым маштабным прома-турам. Наталля Падольская ("наш чалавек" ад Расii) выступiла сола перад замежнымi СМI на дзень раней i прызналася, што прадстаўляць Расiю на "Еўрабачаннi" - гэта вялiкi гонар i вялiкая адказнасць для яе. Прадзюсары Наталлi паабяцалi здзiвiць публiку на еўрасцэне, аднак чым дакладна - харэаграфiяй, макiяжам, дзiўным касцюмам цi якойсьцi iншай "iскрынкай" - не прызналiся.
Пакуль жа ўсе аднолькава старанна прымерваюцца да сцэны кiеўскага Палаца спорту, на якой удзельнiкам прыйдзецца выступаць. Бiлеты не толькi на паўфiнал i фiнал, але i на ўсе папярэднiя генрэпетыцыi раскуплены актыўнай публiкай. Акрамя 10 тысяч чалавек, якiх зможа ўмясцiць палац, яшчэ каля 5 тысяч гледачоў плануюць жыць у палатачным гарадку на Труханавым востраве i прыходзiць на майдан Незалежнасцi да плазменнага экрана, на якiм будзе транслiравацца "Еўрабачанне". Вядучымi шоу абраны ды-джэй Павел Шылко i папулярная ўкраiнская тэлевумэн Марыя Ефрасiнiна. Спецыяльнымi гасцямi конкурсу стануць Руслана i Уладзiмiр Клiчко: першая будзе "адкрываючай вядучай", другi - iнтэрв’юерам у пакоi для канкурсантаў, так званым Грын-рум.
Мiж iншым, сёння, 17 мая, беларуска Анжэлiка Агурбаш адзначыць у Кiеве дзень нараджэння. Як паведамiла нам прэс-аташэ спявачкi Iнэса Кшэсiнская, святкаванне пройдзе ў адным з папулярных клубаў - Freedom. У якасцi гасцей, акрамя прома-каманды Анжэлiкi, запрошаны фiнскi канкурсант Гер Ронiнг, iзраiльцянка Шыры Маймон, турчанка Гулсерэн, нарвежскi гурт Wig Wam, грачанка Хелена Папарызу, iсландка Сэльма, фанаты спявачкi, прадстаўнiкi дыпламатычных мiсiй, знакавыя асобы шоу-бiзнэсу розных краiн. Акрамя таго, для тых, хто не зможа прыехаць у Кiеў, пройдзе грандыёзны iнтэрнэт-чат на сайце "Еўрабачанне" Iспанii, i на працягу некалькiх гадзiн Анжэлiка будзе прымаць вiншаваннi, а таксама адказваць на ўсе пытаннi публiкi ў рэжыме онлайн.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.