Да фіналу дзіцячага "Еўрабачання" Лідзія Заблоцкая памаладзее

11.11.2011
"Звязда", 11 лістапада 2011 г.


Якія яшчэ змены адбудуцца ў нумары беларускай канкурсанткі?
Дзіцячае "Еўрабачанне-2011" пакрысе набірае абароты. Ад'езд беларускай дэлегацыі ў Ерэван, дзе сёлета пройдзе конкурс, запланаваны на канец лістапада. Пакуль жа - рэпетыцыі, рэпетыцыі і... праца стылістаў.
Як расказала "Звяздзе" выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД" Людміла Барадзіна, вобраз юнай спявачкі зменіцца з дарослага на больш дзіцячы: на беларускім адборы за кошт грыму дзяўчынка выглядала старэйшай за свой рэальны ўзрост.
- У нас былі дастаткова сур'ёзныя прэтэнзіі да знешняга выгляду канкурсанткі, бо тыя, хто рыхтаваў яе да выступлення, трохі перастараліся з грымам, і дзяўчынка выглядала больш дарослай, чым насамрэч, - гаворыць Барадзіна. - Сёння праца стылістаў скончана - усе пытанні з тым, як наша канкурсантка будзе выглядаць (макіяж, прычоска і г.д.), вырашаныя.
Як распавяла Людміла Барадзіна, гатовыя на сёння і прома-здымкі канкурсанткі. Ужо не першы год у гэтым пытанні Белтэлерадыёкампанія супрацоўнічае з дызайнерам Ганнай Гарбачэўскай.
- Падрыхтоўка ідзе ў штатным рэжыме, цяпер працуем над макетамі прома-прадукцыі. Я спадзяюся, што і зараз у нас будзе цікавы і абаяльны варыянт. Нават калі прадукцыя будзе сціплай, яна будзе выраблена з густам.

Грыму з аўтамабільнай фарбы больш не будзе

Нумар Лідзіі Заблоцкай сярод удзельнікаў беларускага адбору адрозніваўся найперш незвычайным выглядам скрыпачоў - хлопчык і дзяўчынка былі ў прамым сэнсе з ног да галавы "пабеленыя": на твары - пласт пудры, валасы дафарбоўваліся гуашшу, а касцюмы - аўтамабільнай фарбай. У фінале грым на артыстах зменяць.
- Падчас нацыянальнага фіналу мы асабліва не ўмешваемся ў дэталі, - працягвае выканаўчы прадзюсар тэлеканала "ЛАД". - Вядома, абмяркоўваем касцюмы, раім штосьці змяніць у напаўненні нумара. Але наша задача - зрабіўшы некаторыя падказкі, нікога не вылучаць. А ўжо калі вызначаецца фіналіст, тады і пачынаецца сур'ёзная праца.
Сама задума нумара, якую прапанавалі харэограф-пастаноўшчык Алеся Ткачонак і педагог па вакале Таццяна Галіноўская - добрая. Сутнасць у тым, што праз дабрыню, пяшчоту, разуменне і чалавечую ласку мы здольныя ажывіць нават нежывое. Гэтую ідэю пастаноўшчыкі прапанавалі самі і ўвасобілі яе ў жыццё як змаглі. Пазней высветлілася, што той грым, які яны выкарыстоўвалі, даволі небяспечны, таму Белтэлерадыёкампанія звярнулася да адпаведных фірмаў і ўзгадніла гэтыя пытанні - быў знойдзены прафесійны грым і прафесійны лак. Вобразы застануцца тымі ж, аднак адчуваць сябе ў грыме юныя выканаўцы будуць больш камфортна.
Тым часам распрацаваны афіцыйны лагатып конкурсу: палосы эквалайзера, выкананыя ў форме гары. На думку дызайнераў, палосы павінны нагадваць гасцям пра вядомую армянскую гару Арарат. Дэвізам конкурсу выбрана выслоўе "Reach For The Top! " (Імкніся да вяршыні!). Фінал дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2011" запланаваны на 3 снежня, дзейства пройдзе ў спартыўна-канцэртным комплексе імя Карэна Дземірчана ў Ерэване.

Ілья ЛАПАТО.